• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі журналіст — пра папулярнасць рускамоўных і беларускамоўных медыя ў рэгіёне

    З вынікамі сваіх даследаванняў сябра ГА “БАЖ” Зміцер Казакевіч пазнаёміў прысутных падчас  канферэнцыі “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”, якая прайшла ў Віцебску 5 студзеня.

    vitebsk_0108_f1.jpg

    Свой выступ журналіст назваў “Хто робіць нашае нянашым (7 лічбаў пра СМІ)” і з дапамогай відэапрэзентацыі прадэманстраваў папулярнасць інтэрнэт-рэсурсаў у суадносінах з мовай іхняга кантэнту.

     

    Самы папулярны беларускамоўны сайт — “Каталіцкі Веснік”

    vitebsk_0108_f3.jpg

    Паводле сэрвісу Sim­i­lar­web, сайт “Каталіцкага Весніка” меў у лістападзе 2018 года каля 35,5 тыс. наведнікаў. Гэта найлепшы вынік сярод рэсурсаў, якія працуюць у віцебскім рэгіёне па-беларуску.

    Крыху вышэйшая наведвальнасць у рэгіянальнага партала www.orsha.eu, але той мае дзвюхмоўную версію. Сайт “Каталіцкага Весніка” па наведвальнасці нязначна саступае электроннай версіі галоўнага дзяржаўнага выдання вобласці — газеце “Витебские Вести”, але гэты рэсурс працуе выключна на рускай мове.

     

    Рэгіянальныя лідары медыярынку працуюць на рускай мове, але гэта не кепска

    vitebsk_0108_f4.jpg

    Самым папулярным у Беларусі інтэрнэт-рэсурсам, паводле высноваў даследчыка, з’яўляецца Tut.by. Што да мясцовых СМІ, то лідарамі па папулярнасці можна лічыць “Витебский курьер”  і  “Народныя навіны Віцебска”. Абодва сайты працуюць на рускай мове (за рэдкімі выключэннямі ў «ННВ»).

    vitebsk_0108_f5.jpg

    Ці лічыць гэта заганай, калі недзяржаўны інтэрнэт-рэсурс свядома абірае рускую мову для кантэнту? Зміцер Казакевіч прыгадаў меркаванне Алеся Краўцэвіча, які выступіў на сайце «Радыё Свабода” з заявай: “Ідэалогія Тут.баю мне не падабаецца як беларусу і як гісторыку”. Віцебскі журналіст на пагадзіўся з калегам: на думку Змітра Казакевіча, руская мова на Tut.by дапамагае прыцягнуць увагу да праблем беларускага грамадства за кошт шырокага кола сваіх чытачоў. Любы беларускамоўны рэсурс у гэтым сэнсе, на жаль, прайграе.

    Прапагандысцкія сайты, аказалася, не такія і папулярныя

    Асобная частка даследавання віцебскага журналіста прысвечаная сайтам не проста рускамоўным, а тым, што маюць выразную антыбеларускую пазіцыю. Прыхільнасць да ідэалогіі “рускага свету” яны часцяком дэманструюць праз знявагі сваіх апанентаў. А некаторыя рэсурсы і ўвогуле ствараюць “паразітарны” кантэнт, базуючыся на артыкулах іншых выданняў, — калі  змест новых тэкстаў заключаецца ў аспрэчванні напісанага “ідэйнымі праціўнікамі”.

    Так, на  сайце “Витьбич” неаднаразова з’яўляліся матэрыялы, напісаныя дзеля “абвяржэння” артыкулаў “Нашай Нівы”, сайтаў БХД, «Радыё Свабода”, тэлеканала “Белсат”, “Белорусского  партизана”. Мова варожасці стала нормай для аўтараў “Витьбича”, і яны не бянтэжацца абражаць і журналістаў, і іх герояў.

    vitebsk_0108_f6.jpg

    Даследаванне Змітра Казакевіча паказала, што ў Віцебску сайты падобнай накіраванасці не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю: колькасць наведнікаў не сягае вышэй за 3 тысячы за месяц.

     

    Самы галоўны — тэлевізар

    Вядома, што для многіх беларусаў галоўным “пастаўшчыком навін” з’яўляецца тэлебачанне. Што да моўнай сітуацыі, то 80 % тэлеканалаў аднаго з асноўных віцебскіх правайдэраў выкарыстоўваюць рускамоўны кантэнт. Арыгінальныя перадачы нацыянальных каналаў складаюць каля 20 %, хаця і за рэдкім выключэннем: так, тэлеканал “Витебск” транслюе практычна 100 % перадач уласнай вытворчасці.

    Але тэлеканалу часцяком бракуе аператыўнасці, вастрыні ў сацыяльна-значных сюжэтах, і — роднай мовы, каб жыхары Віцебска адчувалі сябе беларусамі.

     

    Трэба самім лезці ў скрыню!

    vitebsk_0108_f7.jpg

    На думку Змітра Казакевіча, паўплываць на моўную сітуацыю ў СМІ можна толькі ўласнымі высілкамі. І калі дамовіцца з мясцовымі правайдэрамі пра змяншэнне рускамоўнага кантэнту пакуль не выглядае рэальным, то задача журналістаў — ствараць больш якасных матэрыялаў на роднай мове. І “самім лезці ў скрыню” — карыстацца магчымасцямі тэлебачання дзеля пашырэння беларушчыны на інфармацыйным полі .

    Чытаць, глядзець і слухаць “сваё”, дзяліцца ўбачаным і прачытаным з іншымі — рэцэпт даўно вядомы, але па-ранейшаму дзейны, лічыць даследчык.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці