• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскую журналістку Алену Шабуню аштрафавалі на 135 рублёў

    Суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў яе парушальніцай артыкула 23.34 КаАП паводле падзей 4 кастрычніка. Алена Шабуня тлумачыла суддзі Міхаілу Юрчанку, што яна асвятляла акцыю мірнага пратэсту для тэлеканала “Белсат” і мела пры сабе рэдакцыйнае заданне. Аднак суд адзначыў, што на ёй не было камізэлькі з надпісам “Прэса”, і што ў яе няма рэдакцыйнага пасведчання ад СМІ, акрэдытаванага ў Беларусі.

    Яшчэ два тыдні таму Алену Шабуню выклікалі ў міліцыю, каб пазнаёміцца з матэрыяламі распачатай у дачыненні яе адміністрацыйнай справы. Але яна праігнаравала гэтую магчымасць з прынцыповых меркаванняў. Пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне ёй даслалі па пошце разам з выклікам у суд. Галоўным доказам сталі кадры міліцэйскіх відэаздымак, на якіх відаць, што Алена Шабуня ідзе збоку ад калоны дэманстрантаў. Але суддзя палічыў, што гэтая адлегласць недастаткова вялікая, каб сцвярджаць, што журналістка ішла асобна. І прысудзіў ёй штраф памерам 5 базавых велічынь.

    Да слова, некаторыя іншыя віцебскія журналісты, якім таксама высоўвалі абвінавачанні паводле артыкула 23.34 КаАП, выкарысталі іншую тактыку паводзін. На этапе складання міліцэйскіх пратаколаў ім удалося давесці, што яны не парушалі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а выконвалі прафесійныя абавязкі. У выніку журналіст-фрылансер Віталь Скрыль атрымаў з міліцыі адразу тры паведамленні пра скасаванне адміністрацыйных спраў, распачатых у дачыненні яго нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Падчас гутаркі ў міліцыі паўстала пытанне пра парушэнне артыкула 22.9 КаАП, але журналіст не мае звестак пра адміністрацыйны пераслед за працу без акрэдытацыі.

    Паводле артыкула 23.34 КаАП спрабавалі звінаваціць і відэааператара Вячаслава Лазарава. Спроба таксама аказалася няўдалай: журналіст давёў, што працаваў у адмысловай камізэльцы, і гэта адрознівала яго ад удзельнікаў пратэстнай акцыі. Аднак супраць Вячаслава Лазарава ўжо распачалі справу паводле артыкула 22.9 КаАП, судовы разгляд адбудзецца 19 кастрычніка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці