Вячаслава Лазарава запрашаюць у віцебскую службу занятасці
Беларускія дзяржорганы актыўна «апякуюцца» былым палітзняволеным журналістам Вячаславам Лазаравым, якога 11 верасня з групай палітвязняў дэпартавалі ў Літву.

Вячаслаў Лазараў пасля вызвалення на прэс-канферэнцыі ў Вільні. Фота: Радыё Свабода
Вячаслава Лазарава «запрашаюць» ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама, распавёў БАЖ журналіст. Нагадваюць, што з сабой трэба ўзяць пашпарт, працоўную кніжку, дакумент пра адукацыю ды даведку пра вызваленне. І нават абяцаюць бясплатную медыцынскую даведку, калі ён атрымае накіраванне на працу ад службы занятасці.

Трохі раней, 28 кастрычніка, журналіста выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, каб паставіць яго на ўлік. Лазараву пагражалі прымусовай дастаўкай у выпадку, калі ён не з’явіцца без уважлівай прычыны.
Але нават пры жаданні трапіць у службу занятасці Вячаслаў Лазараў не можа: 11 верасня яго разам з 50 іншымі палітвязнямі сілай перамясцілі на тэрыторыю Літвы. Пры гэтым, як казаў у інтэрв’ю БАЖ журналіст, «мне не толькі пашпарт, даведку нават не далі. Думаў, што развернуць назад. Але дзякую праваабаронцам, недзе здабылі ксеракопію майго пашпарта і па ёй выдалі візу».
Журналіста вызвалілі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15, дзе ён адбываў тэрмін зняволення, прысуджаны яму за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».
Цяпер Вячаслаў Лазараў знаходзіцца ў Літве і чакае легалізацыі.
@bajmedia