Вядучы падкаста «Сармат» сыграе ў спектаклі ў Беластоку
Васіля Калача многія ведаюць як вядучага праграмы «Сармат» на Youtube-канале праекта «Будзьма беларусамі». 12 і 13 снежня ён сыграе ў Беластоку ў монадраме «Mlavaść», створанай па матывах твораў Франца Кафкі.

Акцёр Васіль Калач і рэжысёр Антон Ільін. Фота: з сайта racyja.com
Рэжысёр з Гародні Антон Ільін падкрэслівае, што спектакль стаў спробай асэнсавання стану свядомасці беларусаў і той рэчаіснасці, у якой супольнасць была вымушана існаваць апошнія гады:
-Гісторыя чалавека, раніца якога была перарваная брутальным стукам у дзверы. І гэта стала пачаткам канца. Рэчаіснасць змяніла гэтага чалавека. Павінна быць іначай – чалавек мусіць кіраваць сваім лёсам, а не лёс чалавекам.
Выканаўца галоўнай ролі, акцёр Васіль Калач адзначае, што гэта праца асаблівая і важная для яго асабіста, бо дазваляе праз мастацтва выказаць тое, што шмат каму з беларусаў баліць і сёння:
-Сябры, шчыра запрашаю вас на монадраму «Mlavaść»! Гэта звыклая для беларусаў гісторыя, знаёмая да дрыжыкаў. Але паданая троху гратэскна, каб мы пераасэнсавалі свой стан і нарэшце паспрабавалі яго перамагчы.
Спектакль «Mlavaść» зрэалізаваны ў межах мастацкай стыпендыі Прэзідэнта горада Беластока. Паказ пройдзе 12 снежня а 18‑й у Pracownia Teatralna. Justyna Godlewska i Przyjaciele (Mickiewicza 71a, Беласток). Паўторны паказ адбудзецца там жа ў суботу, 13 снежня, а 19‑й.
@bajmedia