Беларуская кампазітарка Вольга Падгайская падтрымала Святлану Курс у барацьбе з цяжкой хваробай, прысвеціўшы ёй музыку
Каб падтрымаць Святлану Курс у барацьбе з цяжкой хваробай, беларуская кампазітарка Вольга Падгайская разам з музыкай Машай Яр запісалі для беларускай пісьменніцы новую версію беларускай народнай песні «Лось».

Скрыншот з відэа
Ідэя стварыць падобны праект сыходзіла ад Вольгі Падгайскай. А Маша Яр у сваю чаргу прапанавала выканаць для беларускай пісьменніцы і аўтарцы вядомага твору «Па што ідзеш, воўча?» беларускую народную песню «Лось». Як вынік, у Касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве быў запісаны новы пераасэнсаваны твор, які спалучае традыцыю і сучаснасць.
«Вакал Машы Яр і арган з вакалам Вольгі Падгайскай ствараюць унікальную атмасферу, якая запрашае слухача акунуцца ў свет беларускай прыроды, легенд і культурных традыцый», — адзначаецца ў апісанні да відэаверсіі выканання.
Відэазапіс новага прачытання песні стварылі Юля Лейдзік і Яўген Канаплёў.
«Я саромеюся хваліцца тымі дарамі, якія атрымала ад блізкіх, сяброў, творцаў, чытачоў. Але цяпер сьмела, бо Юля вылажыла. Гэта Лося — песьня для мяне, падарунак на пераломе. Але можа падтрымаць кожнага, хто цяпер перажывае цяжкія часы», — напісал пост падзякі ў сваіх сацсетках літаратарка.
Месяц таму ў Святланы Курс лекары выявілі цяжкую хваробу — рак на позняй стадыі. Пісьменніца знайшла мужнасць і сілы распавесці пра сваю хваробу, пачаць змагацца з ёй і папрасіць дапамогі. За некалькі гадзін беларусы сабралі неабходную Святлане для падтрымкі суму. Зараз творца праходзіць лячэнне.
