«Я – «крыса», але я не адзін такі…» «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль «Менскае мора» – пра даносчыкаў і стукачоў
«Вольныя Купалаўцы» рыхтуюць прэм’еру спектаклю «Менскае мора» – паводле п’есы, створанай на падставе даносаў у КДБ. Над пастаноўкай працуе вядомы польскі рэжысёр Войцех Урбаньскі («Зэкамерон»). У спектаклі граюць Зоя Белахвосцік, Міхась Зуй, Валянціна Гарцуева, Дзмітрый Есяневіч і Алег Гарбуз. Прэмʼера – 31 сакавіка. «Белсат» пабываў на рэпетыцыі ў Варшаве.

Зоя Белахвосцік на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
…Аўтар гэтых радкоў зрабіўся стукачом у 7 гадоў. Прыбег аднойчы, запыханы, да таты і здаў яму ягоных падапечных, якія – о жах! – пайшлі паліць за рог школы!.. Тата холадна паглядзеў на мяне: «Добра, зараз ідзеш да іх, гаворыш ім, што цыгарэты – паскудства, і прызнаешся, што ўсё расказаў тату, які ніяк не адрэагаваў, бо, па-першае, і так ведае, хто паліць, а па-другое, – ненавідзіць даносчыкаў».
Гэта было як халодны душ. Я ж хацеў як лепей! Я ж такі чуллівы і неабыякавы хлопчык! Стаяў, увесь чырвоны, перад бацькам і аблізваў з вуснаў горкія слёзы…
Прайшло паўвека, а памяць пра той пякельны сорам не выпетрылася з душы, трывала там усё жыццё як маральны засцерагальнік – на той выпадак, калі раптам закарцела б (усе мы людзі) паскардзіцца на каго-небудзь «высокаму начальству». Ужо будучы дарослым, падкрэсліў у Набокава («Запрашэнне на смяротнае пакаранне»): «Ён не злаваўся на даносчыкаў, але тыя множыліся і, сталеючы, станавіліся страшнымі…».
Страшнымі!..

Валянціна Гарцуева і Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«У нашай сямʼі не можа быць даносчыка!»
Такія вось успаміны лезуць у галаву, калі ў адзін з першых веснавых дзён у Варшаве прысутнічаю на рэпетыцыі «Менскага мора». Пʼесу для купалаўцаў ставіць польскі рэжысёр Войцех Урбаньскі. Прэмʼера чакаецца 31 сакавіка.
Два гады таму Войцех Урбаньскі паставіў разам з купалаўцамі «Зэкамерон» (паводле аднайменнага дакументальнага раману Максіма Знака), які з поспехам ідзе на тэатральных сцэнах польскіх гарадоў. У 2026‑м рэжысёр узяўся за п’есу «Неабыякавыя» Іллі Прудніка, створаную на падставе базы даносаў КДБ, якую ў 2024 годзе выкралі кіберпартызаны.
Яшчэ раз: «Менскае мора». Тое самае, на беразе якога можна было папіваць піўко, лічачы аблокі над галавой, а можна было – і ганяць на катары ды падаваць сцяжкамі сігналы…

Дзмітрый Есяневіч і Алег Гарбуз на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дзеянне адбываецца пасля 2020 года. Адна менская «інтэлігентная сямʼя» збіраецца на лецішчы ў Калодзішчах, каб памянуць Капітана – мужа, бацьку і цесця, з якім толькі што развіталіся назаўжды. Завешваюцца люстры, адкаркоўваецца гарэлка. За сталом – удава Наталля Мікалаеўна (Зоя Белахвосцік), ейны малодшы сын Мікіта (Міхась Зуй), прыёмная дачка Ніначка (Валянціна Гарцуева) і муж Ніначкі, «просты хлопец» Вася (Дзмітрый Есяневіч). Нечакана на дачу заяўляецца брат памерлага – Пётр Несцярук (Алег Гарбуз), супрацоўнік КДБ, з якім Капітан разарваў пры жыцці ўсе кантакты. Пётр папярэджвае, што, калі ён не дапаможа, сістэма «адцісне» ў сямʼі лецішча. А дапамагчы зможа пры адной умове: Несцярук хоча пачуць прызнанне таго, хто напісаў данос на старэйшага сына Капітана – Кастуся, які, адседзеўшы содні, эміграваў на Захад.
«Прызнайцеся, што вы таксама не святыя. Проста хачу адчуць, што я не адзін такі ў сямʼі», – кажа кадэбэшнік Несцярук. «Я – «крыса», але я не адзін такі…» – дадасць пазней.
«Я катэгарычна супраць і не збіраюся ў гэта гуляць! У нашай сямʼі не можа быць даносчыка!» – падвышае голас Наталля Мікалаеўна.
Не можа быць?.. Ну і панеслася: з сямейнай шафы выкульваюцца – адзін за адным – шкілеты. Ужо дэмаскаваны Васіль. Аказваецца, што ў 2020‑м ён адправіў «куды трэба» аж 13 даносаў. А пазней… Тут спыняемся і больш не спойлерым. Бо ўсё гэта варта пабачыць на ўласныя вочы, паглыбіцца ў «Менскае мора» ўласным целам і сумленнем.
Алег Гарбуз: Будзе і смешна, і страшна, і цікава
Адразу пасля рэпетыцыі актор Алег Гарбуз, які пераўвасабляецца ў «Менскім моры» ў кадэбэшніка Несцерука (і ўвесь час пераймаецца тым, што «гэбіст» з яго можа атрымацца занадта «добрым і прыемным»), прызнаецца, што стварыць спектакль на падставе базы даносаў было ягонай ідэяй.
«Праўда, я думаў, што гэта будзе нейкае варʼетэ. Але вырашылі пайсці іншым шляхам. Хоць музычныя нумары засталіся. Не ведаю, як будуць спалучацца песні з драмай. Бо атрымалася ж драма такая…» – гаворыць Алег Гарбуз.
«Драма, але эпізодамі мы рагаталі (асабліва з Васі – Дзмітрыя Есяневіча), як варʼяты нейкія», – перабіваем актора.
«Спадзяюся, што будзе і смешна, і страшна, а часам – проста цікава. Пабачым, як гэта будзе», – парыруе Гарбуз, прызнаючыся, што ўвайсці ў вобраз «гэбэшніка» было не проста…
Рэжысёр спектаклю Войцех Урбаньскі дадае, што была таксама ідэя зрабіць на падставе матэрыялу штосьці кшталту палітычнай акцыі ў форме прамога выказвання – з нарэзкай даносаў. Але ад ідэі адмовіліся, зразумеўшы, што іх галоўныя гледачы – беларусы – і так усё добра ведаюць.
«Мы сустракаліся, чыталі даносы, абмяркоўвалі і шукалі форму, як пра гэта распавесці. Прыйшлі ў выніку да таго, што неабходная пʼеса, якая будзе цікавая сама па сабе, а не толькі даносамі. Зразумела, што яны граюць важную ролю, але сама гэтая гісторыя, сама пʼеса – яна большая, чым пра даносы…» – кажа Войцех Урбаньскі.

Зоя Белахвосцік і Валянціна Гарцуева на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Войцех Урбаньскі: Калі сістэма грунтуецца на страху і ідэалогіі, пачынаецца стукацтва
Войтэк (так просіць яго называць) Урбаньскі кажа, што беларуская тэматыка прыцягвае яго, з аднаго боку, сваёй блізкасцю з сітуацыяй, якую ўжо перажыла Польшча («Вельмі мне баліць, каб і ў Беларусі атрымалася»). З другога, на ёй завязаная ягоная асабістая гісторыя. Да 2020 года Урбаньскі прыязджаў у Беларусь, ладзіў чыткі, удзельнічаў у фестывалях. У 2014 годзе паставіў у Варшаве пʼесу беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «Тихий шорох уходящих шагов» («Сашка»), а перад тым – «Чырвоную птушку» Паўла Расолькі ў Маскве (2013).
У Войцеха выдатная расейская: другую сваю тэатральную адукацыю ён атрымліваў у Санкт-Пецярбургу – скончыў Інстытут сцэнічных мастацтваў. Але прызнаецца, што расейскае ўварванне ва Украіну было «як нож у спіну» ўсёй ягонай папярэдняй гісторыі.
«Гэта перакрэсліла ўсякую маю сувязь з Расеяй. І вось цяпер праца з беларусамі неяк дапамагае мне залячыць гэтую рану. То бок я нейкім чынам ратую таксама і сваю гісторыю – з гэтымі рашэннямі вучыцца там і гэтак далей. Тут розныя рэчы скрыжоўваюцца. І калі б я тады не паехаў у Расею, я наўрад ці сёння працаваў бы з купалаўцамі…» – тлумачыць Войцех Урбаньскі.

Войцех Урбаньскі на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Войтэк, вернемся да тэмы стукацтва і невынішчальных «капусяў» (польск. kapuś – данасіцель, інфарматар). Не здаецца табе, што ўвогуле кожны чалавек носіць у сабе стукача?» – правакую рэжысёра, трымаючы ў галаве гісторыю з уласнага дзяцінства.
«Не думаю, што кожны. Але кожны носіць у сабе жаданне жыць лепей і багацей. І з гэтым жаданнем мы жывём па-рознаму. Некаторыя пастаянна суадносяць яго са сваёй сістэмай маральных каштоўнасцяў. Іншым і без гэтага ўсё лёгка даецца. А ёсць катэгорыя людзей, якія дасягаюць сваіх мэтаў, пішучы даносы на іншых. Цікава, што ў той беларускай базе даносаў не так і шмат даносаў, напісаных з чыста ідэалагічных прычынаў. Большасць – з асабістых крыўдаў, з помсты, з асабістай выгады. Ну і шмат абсалютна варʼяцкіх даносаў», – дзеліцца назіраннямі рэжысёр «Менскага мора».
«Проста заўсёды, калі сістэма грунтуецца на страху, пагрозах і жорсткай ідэалогіі, якой бы яна ні была, – у грамадстве пачынаецца стукацтва. І гэтая тэма застаецца, на жаль, актуальнай не толькі для Беларусі», – падсумоўвае Войцех Урбаньскі.
Ён, дарэчы, разглядае магчымасць паставіць беларускую пʼесу пра даносы і па-польску, з удзелам польскіх актораў – «каб вярнуць тэму Беларусі ў польскую прастору».

Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Адкуль гэта прыйшло? Дзе гэта пачалося?..»
Войцех Урбаньскі хоча, каб «Менскае мора», прасякнутае абсурдам і смехам, вызваляла беларусаў у выгнанні ад той цемры, якую мы дасюль носім у сабе. І, напэўна, – ад прагі помсты. Бо смех яе выключае.
«Я вельмі не хачу асуджаць людзей за тое, што яны сталіся такімі. Гэта важна для мяне. Я не лічу, што чальцы сямʼі, пра якую мы расказваем, злыя ў сваёй натуры. Але адкуль гэта прыйшло? Дзе гэта пачалося? Хто гэта распачаў? Яны самі ці сістэма?.. Яны ж не злыя людзі паводле сваёй прыроды. Чаму не ўсведамляюць сабе, што іхныя даносы могуць мець страшныя наступствы? Чаму не задумваюцца над гэтым? Чаму іншыя пра гэта не задумваюцца?..» – шэраг пытанняў, якія ставіць рэжысёр пастаноўкі і якія ставіць перад гледачамі сама пʼеса.
На думку актора Алега Гарбуза, стукацтва – гэта дадзенасць, якая патрабуе яшчэ асэнсавання.

Рэпетыцыя спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Стукачы ёсць заўсёды. І не толькі ва аўтарытарных дзяржавах, але і ў дэмакратыях. Я думаю, і тут яшчэ захаваліся. Гэта дадзенасць такая. Не вельмі прыемная дадзенасць. Не ведаю, чаму так атрымліваецца. Вядома, лепей было б, каб іх не было – і даносаў, і даносчыкаў. Але ну вось ёсць жа… І з гэтым трэба працаваць неяк. Трэба асэнсоўваць», – падагульняе Алег Гарбуз.
Пакідаю рэпетыцыйную пляцоўку з тымі самымі пытаннямі ў галаве: «Адкуль гэта прыйшло? Дзе гэта пачалося?..». Можа быць, якраз у дзяцінстве? Можа, сённяшнія стукачы проста ніколі не пачулі ад бацькі цвёрдае: «Ненавіджу даносчыкаў»?.. А потым пачыналі сталець, множыцца і, як казаў Цынцынат Ц. з набокаўскага раману, «рабіліся страшнымі».
Прэмʼера спектаклю «Менскае мора» адбудзецца 31 сакавіка ў Варшаве на сцэне Przodownik (ul. Olesińska 21) Драматычнага тэатру. Білеты ўжо ў продажы. Праект быў падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім звязам.
@bajmedia