Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын
Ён правёў у зняволенні больш за пяць гадоў, апошнім часам Спірына трымалі ў Горках у калоніі для «рэцыдывістаў» разам з Алесем Бяляцкім.

Стала вядома пра вызваленне 42‑гадовага палітычнага блогера Паўла Спірына.
Павел — юрыст паводле адукацыі. Калісьці працаваў у дзяржаўным камунальным прадпрыемстве, але яго звольнілі з працы, калі ён узяў удзел у парламенцкіх выбарах. Пасля таго Спірын вырашыў заняцца ютубам. Яго палітычныя відэа збіралі сотні тысяч праглядаў.
У 2020 годзе блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады ён стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай.
Спірын быў арыштаваны ў верасні 2020 года. Яму прысудзілі 4,5 года калоніі за «распальванне варожасці» ў дачыненні да беларускіх уладаў за два фільмы на ютубе — пра наркабізнэс і пра тагачаснага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з ютуба.
Блогер адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. Перад планаваным вызваленнем на яго завялі новую крымінальную справу за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Спірыну прысудзілі яшчэ год зняволення і адправілі ў калонію ў Горках, дзе яго ўтрымлівалі разам з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.
Па сканчэнні дадатковага гадавога пакарання Спірына вызвалілі.
@bajmedia