• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшаў на волю спартыўны журналіст Дзмітрый Сельвяструк

    Як стала вядома праваабаронцам, 7 сакавіка 2026 года з калоніі вызваліўся журналіст Дзмітрый Сельвяструк, цалкам адбыўшы тэрмін прысуду.

    Выйшаў на волю спартыўны журналіст Дзмітрый Сельвяструк

    Яго Telegram-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси» 22 сакавіка «ажыў» пасля амаль трохгадовага перапынку. А 10 красавіка абнавіўся допісам:

    «Добры дзень. Піша аўтар канала. Усім дзякуй, хто не забыўся. Мне пакуль што вельмі цяжка ў сябе прыйсці, але я працую над гэтым. Па магчымасці сачыў за нашым футболам. Засмучаны, калі шчыра, але і пазітыву хапае. Кідаць канал я не хачу. Таму чакайце новых пастоў, хаця пакуль і цяжа даецца ўсё».

    Дзмітрыю Сельвяструку 36 гадоў. Ён скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, некаторы час працаваў у дзяржаўнай «Народнай газеце», займаўся сацыяльнай тэмай, пісаў пра ІТ-індустрыю. Паступова пераарыентаваўся на спартыўныя навіны, пачаў супрацоўнічаць са спецыялізаваным рэсурсам Football.by. Тры гады таму запусціў уласны праект — Telegram-канал пра беларускі футбол «Серебряный век. Футбол Беларуси».

    Журналіста затрымалі 10 траўня 2023 года.

    Спачатку двойчы каралі адміністрацыйным арыштам па абвінавачанні ў распаўсюдзе «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі. Першы працэс прайшоў у судзе Маскоўскага раёна Мінска, на ім старшыняваў суддзя Сяргей Кацар. 30 траўня журналіста зноў судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, справу разбірала суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль.

    Пакуль Сельвяструк адбываў адміністрацыйныя арышты, яму выставілі і крымінальнае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

    У кастрычніку 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе Дзмітрыя асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Працэс вяла суддзя Святлана Чарапанава.

    Чытачы Telegram-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» выказвалі меркаванні, што падставай для затрымання Сельвяструка маглі стаць крытычныя допісы на адрас некаторых клубаў чэмпіянату краіны і спартыўных кіраўнікоў. Паводле назіранняў падпісчыкаў Telegram-канал часта паведамляў розныя інсайды, заснаваныя на чутках і каментарах з розных спартыўных форумаў.

    17 кастрычніка 2023 года беларускія праваабаронцы прызналі Дзмітрыя палітвязнем.

    8 снежня 2023 года МУС унёс Сельвяструка ў «Пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.