• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшла кніга артыкулаў «Савецкай Беларусі» часоў рэдактарства Міхася Чарота

    Новая кніга Ганны Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» выйшла ў выдавецтве Cza­bor Pub­lish­ing. Яе можна будзе набыць у кнігарнях Варшавы і Вільні, а таксама на міжнародным фестывалі інтэлектуальнай кнігі Prad­mo­va.

    «Асноўны яе змест выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» у 1925–1929 годзе, піша аўтарка на сваёй старонке ў Face­book . Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру».

    Таксама ў кнізе ёсць вялікі архіўны дадатак: рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі, а таксама ўспаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай «Савецкай Беларусі», то-бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі гаворка ідзе пра газету. Гэтыя матэрыялы друкуюцца ўпершыню.

    Інфармацыя сістэматызаваная ў пяці алфавітных паказальніках. Па іх можна знайсці, напрыклад, артыкул пра канкрэтную вёску ці чалавека.

    У прадмове Ганна Севярынец расказвае гісторыю газеты і яе рэдактара Міхася Чарота.

    «Кніга выбраных артыкулаў «Савецкай Беларусі» часоў рэдактарства Міхася Чарота мае мэтай у агульных рысах аднавіць раннесавецкую паўсядзённасць, у тым ліку праз гісторыю рэдакцыйных будняў цэнтральнай беларускамоўнай газеты міжваеннага часу фарпоста беларусізацыі, пляцоўкі для выказванняў новай беларускай інтэлігенцыі, што фармавалася ў спецыфічных умовах кардынальнай змены дзяржаўнага ладу, збудавання новых ідэалагічных канструктаў і зрухаў геапалітычнага ландшафту», гаворыцца ў апісанні кнігі.

    Набыць кнігу можна на фестывалі інтэлектуальнай кнігі Prad­mo­va, у кнігарнях Варшавы і Вільні ці праз інтэрнэт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці