Выстава беларускіх фотакніг і зінаў адкрылася на фотафестывалі ў Лодзі
Сёлета беларускі ўдзел звузіўся да некалькіх невялікіх імпрэзаў, сярод якіх — сустрэча беларускіх фатографаў і выстава, прысвечаная беларускім фотакнігам і часопісам, выдадзеным за некалькі гадоў у розных краінах. Усіх аўтараў аб’ядноўвае цікавасць да калектыўнай і індывідуальнай памяці.

Сустрэча па iнфраструктурных пытаннях для фатаграфічнай супольнасці за межамі Беларусі ў Лодзі. Фота: Слава Цой
Фотафестываль у Лодзі – адна з галоўных фатаграфічных падзеяў Польшчы, тры папярэднія гады ў яго рамках праходзіў «Месяц фатаграфіі ў Мінску» — галоўная беларуская міжнародная фотападзея.

Выстава «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны». Фота: Слава Цой
У «Адысеі Чаромушак» Андрэй Логінаў распавядае гісторыю пра выяўленне шкляных негатываў, на якой невядомы фатограф у сельскай мясцовасці Заходняй Беларусі захаваў людзей у няпростыя перыяды гісторыі. Логінаў працягнуў гэты праект, фатаграфуючы сучасных жыхароў вёскі.
Зін Андрэя Анро «Таварыства шчаслівай смерці» — гэта гісторыя бабулі аўтара, Галены, якая далучылася да апостальства добрай смерці і вырашыла да канца жыцця заставацца ў ложку.

«Адысея Чаромушак». Андрэя Логінава. Фота: Слава Цой
На выставе «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны» паказалі кнігу Veha «Людзі лесу, фотаальбом Аляксея Казанцава «Relaxing Chamber», які даследуе архетыпічную сімволіку жывёл у калектыўнай несвядомай памяці чалавецтва.

Фотаальбом Аляксея Казанцава «Relaxing Chamber». Фота: Слава Цой
Яўген Атцецкі фіксаваў гісторыю «Плошчы Перамен» у Мінску.

Яўген Атцецкі «Плошча Перамен». Фота: Слава Цой
Фотаздымкі Сяргея Брушко з альбома «Zмена» сталі сімвалам эпохі пераменаў у Беларусі 1980–1990 гадоў.
Кацярына Кузьмічава ў сваім Зіне «Betonium» даследуе сучасную ідэнтычнасць былых краін Усходняга блока і іх архітэктурную спадчыну – шматкватэрныя дамы з жалезабетонных панэляў. Куратарка праекта — Вольга Мжэльская.

Зін Кацярыны Кузьмічавай «Betonium». Фота: Слава Цой
Reform.news пацікавіўся ва ўдзельніка сустрэчы беларускіх фатографаў, арганізатара і куратара фестывалю фатаграфіі PhotoArtDoc у Літве Сяргея Міхаленкі, ці не сведчыць адсутнасць вялікай штогадовай беларускай выставы пра пэўныя крызісныя з’явы ў беларускай фатаграфіі.
— Мяркую, што не сведчыць, проста беларускія фатографы цяпер раскіданы па свеце, а тым, што засталіся ў краіне, складана паказваць свае працы. Я б сказаў, што мы хутчэй можам фіксаваць крызіс камунікацыі паміж фатографамі і куратарамі. Таму зараз трэба працаваць, ствараць інфраструктуру, выходзіць у публічнае поле за межы Беларусі, яднацца. Напрыклад, адна з задачаў нашага фестывалю PhotoArtDoc, які праходзіць у рамках стварэння Беларускай незалежнай фатаграфічнай асацыяцыі (BIPA), — з’яўленне новых сувязей паміж фатографамі і куратарамі праектаў, — распавёў Сяргей Міхаленка.
Выстава «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны» працуе па 23 чэрвеня, як і сам фотафестываль у Лодзі.
