Вызвалены палітолаг, сябра БАЖ Аляксандр Фядута
У выніку сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам з‑за кратаў выйшлі 123 зняволеныя. Сярод іх — журналіст, палітолаг, літаратуразнаўца і сябра БАЖ, які стаяў у вытокаў арганізацыі, Аляксандр Фядута.

Аляксандр Фядута 13 снежня 2025 года. Скрыншот відэа
Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту. Паралельна схапілі палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
Разгляд аб’яднанай справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення.
5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка крыху «змякчыў» запытаны тэрмін і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
29 лістапада Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле.
Напрыканцы мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Аляксандра Фядуту ў ведамасны пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Следам палітвязня этапавалі з СІЗА № 1 Мінска ў магілёўскую калонію № 15.

Аляксандр Фядута
Гэта ўжо другое вымушанае знаёмства Аляксандра Фядуты з пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі. Першы раз тое здарылася падчас электаральнай кампаніі-2010, калі ён працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.
Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі падліку галасоў быў арыштаваны 20 снежня таго ж году і змешчаны ў СІЗА КДБ паводле падазрэння ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» (ч. 1 і 2 арт. 293 КК).
20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Жанна Жукоўская пакарала палітвязня 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна. На волю Аляксандр Фядута вынес рукапіс кнігі «Американские стихи», якая выйшла ў свет у Берліне і была ўганараваная прэміяй імя Францішка Аляхновіча.
Пасля адбыцця пакарання і маючы цяжкасці з уладкаваннем у Беларусі, Аляксандр Фядута спачатку супрацоўнічаў з рознымі інстытуцыямі ва Украіне, а да драматычнага для сябе красавіка 2021 года працаваў па дамовах у Расіі.
@bajmedia