Вызвалілі відэааператара Паўла Падабеда
Палітзняволенага відэаператара-фрылансера Паўла Падабеда вызвалілі 11 верасня 2025 года ў выніку візіту ў Мінск Джона Коўла, прадстаўніка прэзідэнта ЗША. Усяго ў гэты дзень на волю па памілаванні выйшлі 52 палітвязні, іх вывезлі з Беларусі ў Літву.

Павел Падабед падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў. Вільня,12 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
30 чэрвеня 2023 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Паўла Падабеда да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Яўген Пісарэвіч прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Падабеда абвінавацілі ў дачыненні да стварэння відэасюжэтаў «пратэснага кантэнту», якія былі паказаныя на тэлеканале «Белсат».
Падчас судовага працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся і што сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.
Журналіст сваёй віны не прызнаў і спрабаваў абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе. 22 верасня суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі, разгледзеўшы апеляцыйную скаргу, пакінуў гэты вырак без зменаў.

Павел Падабед да затрымання. Фота: з асабистага архіва
Нагадаем, Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 года, калі ён выправіўся на пошту зрабіць камунальныя плацяжы. У той жа дзень у яго кватэры сілавікі правялі ператрус, забралі камп’ютарныя носьбіты інфармацыі, мабільныя тэлефоны, а таксама прафесійную відэакамеру.
Незадоўга да затрымання Павел атрымаў візу адной з еўрапейскіх краін і планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Квіток на выезд быў набыты на 21 студзеня.
Першапачаткова праваахоўнікі на падставе старых рэпостаў у сацсетках дзесяцігадовай даўніны абвінавацілі журналіста ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд прызначыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту (паводле арт. 19.11 КаАП). Але напярэдадні меркаванага вызвалення Падабеда забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў СІЗА‑1. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361–1, ч. 3 КК — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)».
6 кастрычніка 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла відэааператара ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.
