• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я здольная перажыць амаль усё». Два з паловай гады ад моманту арышту Кацярыны Андрэевай

    30 месяцаў альбо 911 знаходзіцца ў няволі тэлежурналістка Кацярына Андрэева. У лісце на волю яна напісала пра тое, што дазваляе «трымацца на плыву» ва ўмовах надвычай жорсткага прэсінгу.

     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    «Такім чынам, што ж да гэтага часу ўтрымлівае мяне «на плыву»? Каханне? Пачуццё гумару? Няўтольная прага да жыцця? Мабыць, усе гэтыя фактары разам. Ісціна ў тым, што, як мне падаецца, я належу да тыпу людзей, здольных перажыць амаль усё. Не без выдаткаў — і я сама ўсведамляю і прызнаю, якога кшталту дапамога мне патрэбна. Але яшчэ ведаю, што ўсё роўна спраўлюся. Гэткая бабуля ў калье ад Ціфані, якая затуляе маршчыністыя запясці элегантнай сукенкай, каб падсцёртыя лічбы не кідаліся ў вочы гасцям, пакуль унукі наліваюць віно ў куфаль на чарговы Песах. «Дзе яно ўсё? Усё адышло. А я — вось яна!». І ўсміхаецца ўсмешкай Джаконды», — працытаваў у сацсетках урывак ліста журналіст Ігар Ільяш, муж палітзняволенай.

    Паводле падлікаў Ігара, які сам праходзіць сведкам па крымінальнай справе, 15 траўня мінулі 2,5 гады ад моманту затрымання Кацярыны Андрэевай. Яе разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай схапілі 15 лістапада 2020-га ў Мінску падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі ў памяць пра забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

    Спачатку абедзвюх журналістак пакаралі адміністрацыйным арыштам, але неўзабаве справу перакваліфікавалі ў крымінальную паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

    18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук падтрымала патрабаванне прадстаўніцы пракуратуры Аліны Касьянчык і пакарала фігурантак 2 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. 

    Дар’я Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення і летась 3 верасня выйшла на волю. Цяпер яна ў бяспецы за мяжой. А вось наконт Кацярыны Андрэевай у «правасуддзя» былі іншыя планы.

    10 лютага 2022 года яе перавялі з жаночай папраўчай калоніі № 4 у следчы ізалятар у Гомелі дзеля «працэсуальных дзеянняў». Пазней стала вядома, што тэлежурналістцы выставілі новае абвінавачанне — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). 

    Пры тым, што сутнасць прэтэнзій аказалася досыць размытай, новаму працэсу гэта не перашкодзіла. На пачатку ліпеня справу ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка, які ў выніку прысудзіў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    20 верасня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд першай інстанцыі, але чакана пакінуў рашэнне без задавальнення.
    Неўзабаве пасля гэтага, на пачатку кастрычніка, Кацярыну Андрэеву этапавалі са следчага ізалятара ў калонію № 4 Гомеля.

    Паралельна Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключыла палітзняволеную ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».

    Раней у лістах на волю Кацярына Андрэева пісала, што адчувае «велізарную фізічную і маральную стомленасць» і цяпер існуе «ў рэжыме аўтапілоту». Наракала, што за прамінулы час заўважна пагоршыўся зрок — амаль непазбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца ў зняволенні.

    Як і ў выпадку з астатнімі «палітычнымі», адмінстрацыя істотна звузіла адрасы ліставання, карэспандэнцыя даходзіць толькі ад сваякоў. Раз на тыдзень яна мае права патэлефанаваць самым блізкім, гутарка адбываецца ў прысутнасці супрацоўнікаў калоніі.

    У папраўчай калоніі Кацярына Андрэева працуе на швейнай вытворчасці, праз тыдзень у першую ці другую змену. Акрамя таго, каб мінімізаваць вольны час, абавязваюць прыбіраць памяшканні, мыць падлогі, перабіраць бульбу і г. д. Калі ў СІЗА была магчымасць чытаць літаратуру, цяпер такой раскошы практычна няма. Адзінае, не спыняе пісаць вершы.

    Сёлета ў лістападзе Кацярына Андрэева адзначыць сваё 30-годдзе. Родныя не адкідаюць надзеі, што юбілей яны сустрэнуць разам…

    Адрас для ліставання: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

    Читайте еще: 

    Как жить с тревожностью. Советы психолога

    «Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал

    У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках

    Фото на главной: ​Екатерина Андреева / Из архива Еврорадио
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці