YouTube выдаліў тысячы прапагандысцкіх каналаў, звязаных з Кітаем і Расіяй
У другім квартале 2025 года YouTube выдаліў амаль 11 000 каналаў і акаўнтаў, звязаных з дзяржаўнымі прапагандысцкімі кампаніямі з Кітая, Расіі і іншых краін, паведамляе CNBC.

YouTube
Больш за 7700 каналаў былі звязаныя з Кітаем. Яны публікавалі кантэнт на кітайскай і англійскай мовах, падтрымлівалі кітайскі ўрад, хвалілі Сі Цзіньпіна і выступалі супраць знешняй палітыкі ЗША. Яшчэ 2000 каналаў былі расійскімі. Іх кантэнт падтрымліваў Расійскую Федэрацыю, адначасова крытыкуючы Украіну, НАТА і заходнія краіны.
У траўні Google таксама заблакаваў сетку, звязаную з расійскім дзяржаўным СМІ RT. Сетка ўключала 20 каналаў YouTube, чатыры рэкламныя акаўнты і блог на платформе Blogger. RT фінансаваў стварэнне кантэнту праз Tenent Media з Тэнэсі, а сярод яго стваральнікаў былі вядомыя кансерватыўныя блогеры, якія падтрымлівалі Дональда Трампа.
Дарэчы, YouTube пачаў блакаваць RT яшчэ ў сакавіку 2022 года пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Акрамя Кітая і Расіі, у другім квартале 2025 года Google выявіў кампаніі ўплыву з Азербайджана, Ірана, Турцыі, Ізраіля, Румыніі і Ганы. Некаторыя з іх былі звязаны з ізраільска-палестынскім канфліктам.
У першым квартале было выдалена больш за 23 000 акаўнтаў, у той час як Meta паведаміла пра выдаленне 10 мільёнаў фальшывых профіляў, якія выдаюць сябе за вядомых стваральнікаў кантэнту.
