• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З‑за кратаў выпусцілі Ксенію Луцкіну – былую супрацоўніцу БТ, якая звольнілася адтуль у 2020 годзе на знак пратэсту

    Яе выпусцілі на волю да сканчэння тэрміну пакарання — праз некалькі дзен пасля анансаванага Лукашэнкам вызвалення часткі палітвязняў, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Ксенія Луцкіна пакутуе на астму, у яе дыягнаставана анкалагічнае захворванне: у яе знайшлі дзве пухліны ў галаве, адну з іх выдалілі ў 2012 годзе.

    Ксенія Луцкіна. Фота: прыватны архіў

    Падчас зняволення высветлілася, што хвароба не адступіла — пухліна, якую не выдалялі праз небяспеку закрануць жыццёва важныя ўчасткі мозгу, пачала расці. У ліпені 2023 года стала вядома, што бацькі палітзняволенай збіраюць дакументы для памілавання для перадачы ў калонію.

    У Гомельскай жаночай калоніі №4 Ксенія Луцкіна адбывала пакаранне, прысуджанае ёй паводле артыкула 357 Крымінальнага кодэкса — Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. 28 верасня 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская прыгаварыла Луцкіну да 8 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. 27 снежня  Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу Ксеніі Луцкіной: прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення.

    Журналістку, якая 15 гадоў адпрацавала ў Белтэлерадыёкампаніі, асудзілі «за здраду»: пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а потым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала «Беларусь 2» і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай  рады.

    Пазней Ксенія казала, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны збіраюцца стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021.

    Справа Луцкіной

    Ксенію затрымалі 22 снежня 2020 года на бульвары Мулявіна — недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі. На працягу чатырох гадзін  дома ў Ксеніі праходзіў ператрус (або агляд). У яе канфіскавалі камп’ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы. 31 снежня стала вядома, што Ксеніі Луцкінай прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Пазней гэтая справа была закрытая, але Ксеніі выставілі новае абвінавачанне паводле артыкула 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

    У судзе было агучана, што Ксенія Луцкіна «рыхтавала, рэдактавала, карэктавала розныя заявы і звароты Каардынацыйнай рады». У гэтым следства ўбачыла «дэстабілізацыю палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай сітуацыі ў краіне». Таксама адзначалася, што Луцкіна «была адным з лідараў… журналісцкай забастоўкі на Белтэлерадыёкампаніі, удзельнікі якой высоўвалі патрабаванні палітычнага характару». У судзе згадваліся сустрэчы журналісткі «у статусе лідара страйкама» з Марыяй Калеснікавай.

    У зняволенні ў Ксеніі Луцкінай абвастрыліся праблемы са здароўем — яна была вымушана практычна ўвесь час прымаць абязбольвальныя сродкі, жынчыну перыядычна вызвалялі ад працы праз кепскае самаадчуванне.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці