• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З журналіста Ігара Карнея, якога прымусова выдварылі з Беларусі, спаганяюць 258 рублёў

    Пра свой «доўг» журналіст даведаўся з перапіскі ў Viber з судовай выканаўцай Казлоўскай. Пры гэтым, за што менавіта ён вінны, не ўдакладнялася. Верагодна, за турэмную робу, мяркуе Ігар Карней.

    Ihar Karnei Belgium

    Ігар Карней, Антверпен, Бельгія, 2026 год. Фота з асабістага архіву

    «З якога перапуду налічылі 258.50 руб — загадка прыроды. Прынамсі гэтым разам хоць прыкладзены квіток на аплату. Без асаблівага спадзеву на разуменне зноў папрасіў куратарку папулярна патлумачыць, за што задаўжаў (…). Дапускаю, што на такую суму пенітэнцыярныя мадэльеры ацанілі свае строі строгіх фасонаў — і тое хіба заднім чыслом за «палажняк» у Шклове. Пасля пераезду да «рэцыдывістаў» у ПК № 20 на складзе атрымаў толькі летнюю кашулю — наўрад ці яна пры ўсёй сваёй эксклюзіўнасці пацягне на 80 еўра», — напісаў журналіcт у Face­book.

    Прэтэнзіі фінансавага характару былі да экс-палітвязня і раней: у лістападзе 2025 года на ягоны адрас у Мінску даслалі пісьмовае патрабаванне неадкладна сплаціць 63 рублі пад пагрозай «прымусовага прыводу».

    Між тым, адзначае Ігар Карней, на ягоным рахунку па месцы апошняга зняволенння ў калоніі № 20 засталіся 500 рублёў: «Спроба наладзіць ліставанне з начальнікам установы, каб паспрабаваць вярнуць грошы адрасату (усе пераводы рабіла са сваёй пенсіі мая маці, з чаго раптам слёзы пенсіянеркі павінны быць інвестыцыяй у катавальную сістэму?), плёну не мела. Адказ ад юрыста прымушае задумацца, ці сапраўды ён дыпламаваны: маўляў, хай Карней І. П. прыедзе да нас асабіста, пакажа пашпарт ды забярэ лішкі, якія праблемы?»

    Сувязь паміж ведамствамі наладжаная кепска, мяркуе журналіст, бо «замарожаныя» сродкі на ягоным рахунку цалкам маглі б пакрыць яго «даўгі» беларускай пенітэнцыярнай сістэме.

    Прапановы «прыехаць», «забраць» і «заплаціць» гучаць увогуле абсурдна, бо 21 чэрвеня 2025 года пасля датэрміновага вызвалення з калоніі Ігара Карнея дэпартавалі з Беларусі, і ён вымушана жыве ў эміграцыі.

    З журналіста Ігара Карнея, якога прымусова выдварылі з Беларусі, спаганяюць 258 рублёў

    Ігар Карней быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года. Па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» ў сакавіку 2024 года журналіста асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі і 20 тысяч рублёў штрафу. 

    Ужо ў зняволенні Ігара Карнея звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі № 17 і дадалі яшчэ 10 месяцаў зняволення, узмацніўшы рэжым адбыцця пакарання. 

    Ігар Карней быў вызвалены 21 чэрвеня 2025 года разам з 14-цю іншымі палітвязнямі пасля перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком адміністрацыі ЗША Джонам Коўлам. Журналіст адбыў за кратамі па палітычна матываваным прысудзе амаль два гады.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.