У Мінску залілі мантажнай пенай дзверы кватэры журналісткі Таццяны Ашуркевіч
Таксама на металічных дзвярах у кватэру напісана фарбай «Верни долг!». Пра гэта журналістка распавяла ў сваім допісе ў Facebook.

Невядомыя залілі мантажнай пенай дзверы кватэры журналісткі Таццяны Ашуркевіч. Фота: сацсеткі
Больш за тое, яна ўжо чатыры гады не жыве ў Беларусі і нават не кантактуе ні з кім са сваіх блізкіх. «Праз ідэалагічныя разыходжанні», — удакладняе журналістка ў сваім допісе ў Facebook і прыкладае фотаздымак, дасланы ў мінулыя выходныя суседзямі па пад’ездзе.
Таццяна Ашуркевіч мяркуе, што ўсё гэта мала падобна да звычайнага хуліганства:
«Я не магу на 100% сказаць, што гэта былі сілавікі, я іх не бачыла. Але гэта падобна да почарку спецслужбаў, калі прыгадаць, прыкладам, надпісы ў Вільні на беларускіх установах. Або прыгадаць, што і расійскія спецслужбы пакідаюць падобныя «графіці» сваім апазіцыйным дзеячам. Гэта падобна да нейкіх дваровых «разборак». Такі стыль расійскія і беларускія сілавікі звыклі выкарыстоўваць, каб прынесці шкоду людзям».
Наўрад ці можна лічыць выпадковам і такое супадзенне: у той дзень, калі дзверы кватэры, што належыць журналістцы, нехта заліў мантажнай пенай, яе саму прыходзілі шукаць міліцыянты.
Увогуле ж Таццяна Ашуркевіч не выключае, што здарэнне з дзвярыма — гэта працяг цкавання, якое пачалося яшчэ месяц таму.
22 студзеня ў інтэрнэт-выданні Politico выйшаў артыкул журналісткі пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Практычна адразу пасля гэтага Таццяне ў Instagram пачалі прыходзіць зняважлівыя допісы і пагрозы крымінальнымі справамі «за абразу Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».
