• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зарачанскі Зьвястун»: віленскі самвыдат з беларускім бэкграўндам

    «Незалежная Рэспубліка Зарэчча» — сімвалічная незалежная краіна ў Вільні, са сваім урадам, прэзідэнтам, амбасадарамі ў іншых краінах, валютай і канстытуцыяй. І таксама газетай.

    Самвыдат Užu­pio Heroldas існуе ўжо болей за дваццаць пяць год і адлюстроўвае Зарачанскую Рэспубліку з усім яе шматгалоссем, творчым падмуркам, міфамі і ўяўленнямі жыхароў пра свабоду. Выдаецца і беларускі варыянт газеты — «Зарачанскі Зьвястун». Адзін са стваральнікаў зіна, паэт і фатограф Андрэй Антонаў расказаў Bellit.info пра «Зьвястун», літаратуру, Вільню, і, вядома, Зарэчча.

    «Зарачанскі Зьвястун»: віленскі самвыдат з беларускім бэкграўндам

    Андрэй Антонаў. Фота: Tomas Terekas

    Мы сустракаемся з Андрэем Антонавым сонечнай раніцай у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Андрэй перадаў сюды некалькі нумароў “Зьвестуна”. На стале перад намі ляжаць зіны*, адзін з нумароў, за 2004 год, надрукаваны на жоўтай газетнай паперы, у ім адразу прыцягвае ўвагу надпіс буйнымі літарамі па-літоўску “Užu­pio šaknų ieškote Harleme” (бел. “Карані Зарэчча шукайце ў Гарлеме”).

    *Зін — выданне з невялікім тыражом, аўтары зінаў часта выдаюць іх самастойна. Узніклі як аматарская перыёдыка і перадаваліся з рук у рукі паміж прыхільнікамі фантастычнай літаратуры ў пачатку XX ст. Стварэнне зінаў спрасціў ксеракс, які ўвайшоў у шырокае ўжытак у 1970‑я. Тэмы выданняў абсалютна розныя: ад субкультураў да асабістых дзённікаў, паэзіі ці фотаздымкаў.

    На старонках — вершы віленскіх аўтараў, фотаздымкі, карыкатуры і малюнкі, літоўская, беларуская, украінская, ангельская, расейская мовы. Гартаючы старонкі “Зьвестуна”, пачынаю задаваць Андрэю пытанні:

    — Распавядзіце, калі ласка, як з’явіўся “Зьвястун”.

    — “Зарачанскі Зьвястун” пачаў выдаваць літаратар і перакладчык Томас Чапайціс, адзін з суаўтараў канстытуцыі Зарачанскай Рэспублікі*, ён дакладна наватар для Вільні, кніжны чалавек. Гэта было яшчэ да таго, як з’явілася і Зарачанская Рэспубліка, і канстытуцыя, я думаю, гэта год дзесьці 1997‑ы. Я  тады пазнаеміўся з Томасам, мы першы нумар рабілі разам. Праўда, сам нумар я не знайшоў, але ён дзесьці існуе. 

    *Незалежная Рэспубліка Зарэчча (Užu­pio respub­li­ka) — сімвалічная незалежная дзяржава мастакоў, паэтаў і іншых творчых асобаў, створаная ў віленскім раёне Зарэчча (Užupis). Абвяшчэнне незалежнасці Зарачанскай Рэспублікі адбылося 1 красавіка 1997 г. Паэт і перакладчык Томас Чапайціс (Thomas Che­p­aitis) — адзін з заснавальнікаў рэспублікі, ён таксама з’яўляецца і міністрам замежных справаў Зарэчча. У познесавецкія часы Зарэчча мела статус найбяднейшага раёна горада, яго жыхарамі з’яўляліся працоўныя прамысловай зоны, маргіналы. З часам творчая моладзь пачала ствараць у Зарэччы свае супольнасці, некаторыя з іх базаваліся ў сквотах, якія праіснавалі да пачатку дзевяностых. Пасля абвяшчэння Незалежнай Рэспублікі Зарэчча, раён стаў прыцягваць увагу мастакоў, інтэлектуалаў, бізнесменаў і турыстаў. На сёння Зарэчча адзін з найбольш папулярных раёнаў Вільні сярод жыхароў і наведвальнікаў горада.

    Томас чалавек вельмі класны, але не вельмі арганізаваны, таму ўся архіўная частка — даволі занядбаная. Зрэшты, не ўсе схільныя рабіць аўтаархівы.

    «Зарачанскі Зьвястун»: віленскі самвыдат з беларускім бэкграўндам

    Нумары “Зарачанскага Зьвестуна” з Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча

    — Такі цікавы сам факт стварэння зіна — 1997 год, пасля Зарачанская Рэспубліка…

    — У Томаса была візія, як гэта можна было рабіць. У тым самым 1997 годзе ўжо не было сквотаў, іх легалізавалі, зрабілі Зарачанскі Мастацкі Інкубатар (літ. Užu­pio Meno Inku­ba­to­rius). Гэта грамадская арганізацыя, якая адказвала за памяшканні. Да гэтага часу мы там жылі ў самазахопленых месцах, але сквоты гэта трохі іншая гісторыя. 

    Томас быў чалавекам збоку, да гэтых спраў ён дачынення не меў. У маіх вачох ён быў такі “gry­bas” —  бяскрыўдны чалавек сярэдняга ўзросту. Старэйшы чалавек, які штосьці там робіць. Я з ім слаба быў знаёмы. 

    У Томаса была друкарская машынка, мы яшчэ на ёй рабілі, тады кампутар даволі дарагая і рэдкая рэч была. Нумары абклеівала калажамі Гражына Шкікунайце (Graži­na Škikū­naitė), тагачасная сяброўка Томаса. Усё гэта было ў паўцемры, нейкай студыі. 

    Выявы зіну з фэйсбуку Томаса Чапайціса

    Пасля яшчэ некалькі разоў рабілі зін, але актыўна газета пачала выдавацца, калі з’явілася Зарачанская Рэспубліка з усімі яе святкаваннямі. Кшталту фестываля авангарднай моды “Ar mada?” у 1997 годзе, які адбываўся ў закінутым двары побач з мастацкім інкубатарам. 

    Потым Чапайціс атрымліваў нейкія гранты, часам у яго свае былі грошы, але ён пастаянна рабіў зін, для яго гэта важна. Яму не вельмі было і ёсць з кім тут працаваць, сумнавата яму тут. 

    Я чыста з такіх гуманітарных меркаванняў падтрымліваў старэйшага таварыша, але і ў мяне была свая матывацыя. Здараліся моманты, калі я ў Вільні быў адзін беларускі літаратар, а ў Менску мне было даўно не цікава, я вываліўся з кантэксту. Таму “Зьвястун” матываваў дарабляць нейкія свае ідэі і тэксты.

    — Атрымліваецца, Томас Чапайціс рабіў газету, бо яму хацелася здзейсніць нейкі мастацкі акт?

    — Так. Ты мусіш дзяліцца, калі накапілася, распавядаць. Я сяджу на месцы, я вельмі ўкарэнены, ненавіджу турызм. А Чапайціс паездзіў па свеце, яму было важна рабіць газету. 

    У свеце ёсць такая з’ява, як альтэрнатыўная газета. The Vil­lage Voice — самая вядомая, якая сфармулявала многае ў 1960 — 90‑я. Гэта бясплатнае выданне, якое выходзіць альтэрнатыўна, жыве і выдаецца за кошт рэкламы. Праўда, мы не ў Нью-Ёрку, з рэкламы жывеш у лепшым заходнім свеце.

    Андрэй Антонаў. Фота Сяргея Міхаленкі (Serge­jus Michalenko)

    У “Зьвестуне” няма ніякай рэкламы, але ёсць казка, прыгожы міт і літаратура. Эканамічна яна не мае пад сабой ніякага грунту. У “Зьвестуна” ж наклад хіба 30–50 штук. Вельмі важна для самавыяўлення, але ты не можаш з гэтага зрабіць індустрыю, якая б круцілася кожны тыдзень. Мы спрабавалі прадаваць газеты ў мясцовай кнігарні, але збольшага “Зьвястун” распаўсюджваецца бясплатна, у кавярні Užu­pio kav­inė.

    Траплялі нумары і ў Менск — я штосьці рассылаў аўтарам, штосьці прывозілася як сувеніры, штосьці прадаваў, але нейкіх распаўсюднікаў там не было.

    — Цікава, а які ў Літве юрыдычны статус самвыдата? Ці адсочвае дзяржава такія выданні, кантралюе, ці можа забараніць?

    — А як ты можаш забараніць? Паводле канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, не Зарачанскай, забаронена забараняць. То бок ёсць свабода творчасці і навуковых даследаванняў. Не ведаю, каму з аўтараў канстытуцыі ў галаву прыйшла такая светлая ідэя, але гэта вельмі важны момант. 

    — З маіх адчуванняў, самвыдат — такая творчая энергія часу. Калі я ў нулявых вучылася ў Менску, у нашым педуніверсітэце быў зін “Танкіст” — газету, незалежна ад выкладчыкаў, выдавалі студэнты, і раскідвалі па аўдыторыях перад лекцыямі. І я сама ў тыя часы была ў суполцы моладзевага руху “Zabej”, мы таксама рабілі самвыдат.  Гэта ўсё было вельмі драйвова. Таму і “Зьвястун” мне вельмі цікавы — канец дзевяностых, незалежная рэспубліка Зарэчча, творчыя людзі, адразу думаеш пра творчую свабоду.

    — Некаторыя нумары — так і ёсць, так і было! А потым я пачаў шукаць такіх людзей, якія тут не маюць трыбуны. Бо для літаратара, я лічу, вельмі важна друкавацца на паперы.

    Вільня — горад шматмоўны. Шмат аўтараў, якія ствараюць творы не па-літоўску, у пачатку дзевяностых засталіся без трыбуны, і вось зарачанскі зін і стаў для іх пляцоўкай. Як і для твораў літоўскіх аўтараў, нефарматных для афіцыйных мясцовых літаратурных выданняў.

    Томас таксама нефарматны. Ягоная мама — расейская перакладчыца Наталля Траўберг, а бацька — літоўскі патрыёт Віргіліюс Чапайціс (Vir­gili­jus Čepaitis), блізкі сябар Бродскага. Томасу хацелася чагосьці такога, што б адпавядала духу горада, бо ўсё роўна горад — гэта шматгалоссе.

    Увогуле, шмат якія творы “Зьвестуна” — маргінальныя. І гэта не дрэнна, проста іншае. Томасу, напрыклад, таксама нецікава друкавацца ў афіцыйных літаратурных часопісах.

    «Зарачанскі Зьвястун»: віленскі самвыдат з беларускім бэкграўндам

    Адзін з выпускаў “Зарачанскага Зьвестуна” з тэкстам Андрэя Антонава

    — Вы таксама друкуеце свае творы ў “Зьвестуне”?

    — Так. Я ў нейкі момант перастаў пасмейвацца з Томаса, стаў разглядаць наш самвыдат як пляцоўку для сябе. Я гляжу на сучасныя беларускія літаратурныя часопісы, яны нібіта мадэрновыя, але гэта сум і боль, тая форма, якую яны цягнуць. Я думаю, літаратура ўжо не так працуе, і людзі ўжо не так чытаюць. З іншага боку, добра, што людзям падабаецца тое, чым яны займаюцца, але я сябе з імі не атаясамліваю. 

    А вось свае фотаздымкі я ў зіне не змяшчаю. Праблема фатаграфіі — гэта рэпрадукаванне, а ў нас жа ўсё рабілася на такіх дзіўных дыгітальных прыладах, даволі няякасных. Тут трэба рабіць графіку ў два тоны, каб у любым капіявальным цэнтры — націснуў на гузік — маеш рэпрадукаванне. Зіны ж бяруць пачатак у 70‑х — 80‑х, гэта ксеракс. У ксеры свая класная эстэтыка, як і ў ручнога шрыфта. Увогуле, найлепш захаваліся тыя нумары, дзе было найменш наваротаў. 

    — Я гляжу, сярод аўтараў ёсць і вядомыя беларускія прозвішчы: Адам Глобус, Севярын Квяткоўскі і іншыя. Як іх творы траплялі ў нумар?

    — Самацёку не было. Я ўсё арганізоўваў, як у дзіцячым часопісе “Бярозка”, каб усё было — дзіцячыя вершы, проза і малюнкі. Усё праз індывідуальныя кантакты. Хтосьці з аўтараў мой добры знаёмы, хтосьці проста добры аўтар. Часам нешта замаўляў. Быў і нумар, прысвечаны беларускім падзеям 2020 году, яго ініцыяваў Томас, яму было важна разабрацца, што адбываецца.

    — Ці плануецца выхад новага нумару “Зьвестуна”? Бачу, пакуль выданне перанесена  на старонку Томаса Чапайціса ў Фэйсбуку — там перыядычна з’яўяляюцца фотаздымкі і тэксты, падпісаныя як “Užu­pio Heroldas”. Але ці будзе яшчэ выдавацца газета менавіта на паперы? 

    — Ну можам пазваніць Чапайцісу і запытацца. Тут жа момант матывацыі.

    Выявы зіну з фэйсбуку Томаса Чапайціса

    Андрэй Антонаў дастае тэлефон, і набірае патрэбны нумар. Падчас хуткай сяброўскай размовы становіцца зразумелым, што выхад чарговага нумару “Зьвестуна” цягам найбліжэйшага месяца — справа цалкам рэальная, хоць і моцна залежыць ад жадання і фінансавых мажлівасцяў стваральнікаў. Размова сканчваецца на дамове стэлефанавацца і абмеркаваць усё ў дэталях. 

    То будзем сачыць за навінамі.

    Андрэй Антонаў (Андранік Антанян) нарадзіўся ў 1974 годзе ў Дыліжане, Арменія. Літаратар, перакладчык, фатограф. З 1993 года жыве ў Вільні. Амбсадар Рэспублікі Беларусь ад Зарачанскай Рэспублікі, перакладчык канстытуцыі Зарачанскай Рэспублікі на беларускую мову.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці