• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Завочны суд над журналістам Уладзімірам Хільмановічам пачнецца 29 ліпеня ў Гродне

    Справу Уладзіміра Хільмановіча ў парадку спецвытворчасці будзе разбіраць Гродзенскі абласны суд. Журналіста вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частак 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 3 артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Яму пагражае да 7 гадоў зняволення.

    завочны суд над журналістам Уладзімерам Хільмановічам

    Уладзімір Хільмановіч. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

    Што канкрэтна ставяць віну, Уладзімір Хільмановіч не ведае.

    «Пра тое, што мяне будуць судзіць, я даведаўся восем месяцаў таму. За гэты час мяне ніхто не пазнаёміў з матэрыяламі справы. Так што не магу сказаць, у чым мяне вінавацяць. Магу толькі меркаваць, што гэта звязана з публікацыямі ў незалежных СМІ. Сцвярджаць нічога не магу, бо ніхто мяне не інфармаваў: на якой стадыі справа, у чым яе сутнасць, калі яна была пераданая ў пракуратуру і потым у суд, — кажа журналіст. — Нават на сайце Следчага камітэта РБ у раздзеле «спецвытворчасць», дзе я фігурую пад 73‑м нумарам, дагэтуль няма інфармацыі, што расследаванне справы скончана і яна накіравана ў пракуратуру. На судовы працэс павінны былі прызначыць нейкага адваката, але ён таксама са мной не спрабаваў звязвацца».

    Справу супраць Уладзіміра Хільмановіча 29 ліпеня 2024 года пачне разбіраць Гродзенскі абласны суд, але слуханне будзе праходзіць у памяшканні суда Гродзенскага раёна. Паводле назіранняў, гэта не першы такі выпадак — гэтаксама там судзяць завочна журналіста Алеся Кіркевіча.

    У раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда інфармацыі пра працэс над Уладзімірам Хільмановічам раніцай 26 ліпеня яшчэ не было. Звесткі пра тое, што судзіць яго пачнуць менавіта 29 ліпеня журналіст знайшоў сам у адмысловай рубрыцы «Спецыяльная вытворчасць».

    Адвакат не адказвае, абвінавачаныя не ведаюць, за што іх судзяць. Як у Беларусі праходзяць завочныя суды над апанентамі Лукашэнкі

    Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў сёлета 13 сакавіка. Аднак тады ў афіцыйным паведамленні згадваліся толькі часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З таго часу следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

    Уладзімір Хільмановіч ужо больш за тры гады не пражывае ў Беларусі. Напрыканцы лістапада 2023 года следчыя наклалі арышт на мэблю і побытавую тэхніку ў кватэры па месцы рэгістрацыі журналіста ў Гродне. Праз тыдзень, 1 снежня, следчыя прыйшлі таксама ў кватэру яго жонкі. Тут правялі ператрус, забралі працэсар камп’ютара, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты і таксама арыштавалі побытавую тэхніку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці