• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Быў цалкам самотны і сумаваў па Беларусі». Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    У Беластоку 6 снежня памёр беларускі журналіст, блогер, бабруец Уладзімір Усер, вядомы таксама пад творчым псеўданімам як Уладзімір Лазараў. Сябры і калегі Уладзіміра ў размовах з БАЖ згадваюць, што ён заўсёды быў яскравай асобай, для якой свабода стаяла на першым месцы, а таксама распавядаюць, як трагічна склаўся лёс журналіста ў апошнія гады.

    Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    Уладзімір Усер шмат гадоў супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі. У 2021 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля таго, як на яго завялі крымінальныя справы.

    Прафесійны меламан

    Аляксандр (імя змененае з меркаванняў бяспекі) ведаў Уладзіміра даўно — візуальна дык гадоў з 1970‑х. Кажа, што той заўсёды кідаўся ў вочы, бо для Бабруйска быў «прыкметнай постаццю». Быў заўсёды модна апрануты, у джынсах, джынсавай куртцы. Добра разбіраўся ў заходняй музыцы.

    «Ён быў прафесійным меламанам, калі так можна сказаць. Доўгі час перад ад’ездам у Ізраіль працаваў у вядомай бабруйскай краме тэхнікі «Гарызонт» — у яго там быў свой павільён. Потым ён «пераехаў» у краму «Дзіцячы свет» на плошчы Леніна. У сваім кутку ён прадаваў касеты, дыскі, у «Гарызонце» нават, здаецца, кружэлкі ў яго былі. Пераважна заходняя рок- і поп-музыка, якую ён добра ведаў», — распавядае зямляк Уладзіміра.

    Асабліва Усер захапляўся гуртом Bea­t­les, а таксама Уладзімірам Высоцкім, шмат вершаў і песень якога ведаў на памяць.

    «Гэта былі дзве ягоныя жарсці, і гэтае захапленне заўсёды ўражвала», — кажа Аляксандр.

    Уладзімір пэўны час працаваў у бабруйскім тэатры імя В. Дуніна-Марцінкевіча як гукарэжысёр. Потым з’ехаў у Ізраіль. Вярнуўся ў Бабруйск на пачатку 2000‑х гадоў і пачаць супрацоўнічаць з мясцовай незалежнай газетай.

    У той перыяд Аляксандр з ім і пазнаёміўся.

    Таксама ў той час Уладзімір пачаў далучацца да апазіцыйных акцый, а сталым іх удзельнікам стаў пасля 2010 года.

    «Для мяне гэта не было дзіўным, бо ён заўсёды выглядаў як дысідэнт, які ненавідзеў савецкі строй і Лукашэнку як пераемніка гэтага савецкага строю», — зазначае наш суразмоўца.

    Асобны боль

    Са слоў Аляксандра, Усер заўсёды быў добразычлівым, цікавіўся людзьмі, добра пісаў:

    «Мне падабалася чытаць ягоныя ўспаміны, розныя гісторыі. У яго быў свой стыль, больш публіцыстычны, а не журналісцкі. Але гэта было цікава».

    Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    Уладзімір блізка да сэрца прымаў падзеі ва Украіне і вельмі любіў гэтую краіну. У яго ў Львове жыў сябар, і бабруец заўсёды з асаблівай любоўю ставіўся да гэтага горада.

    «Што тычыцца апошніх гадоў, то вельмі прыкра і сумна было назіраць…, — Аляксандр не можа стрымаць слёзы. — Гэта цяжка. У яго не ўсё было добра ў асабістых справах са сваякамі.

    А потым ён аказаўся без пенсіі — скончылася картка, і ён не мог больш атрымліваць грошы. Спачатку дачка дапамагала, а потым адносіны пагоршыліся, і ён застаўся цалкам без сродкаў да існавання. Перабіваўся».

    Сябры дапамагалі Уладзіміру, але гэтага было недастаткова, каб аплаціць і жытло, і ежу, і лекі. Стан здароўя блогера ўсё хутчэй пагаршаўся, але пры гэтым ён не лячыўся, не звяртаўся да лекараў. А яшчэ, паводле слоў Аляксандра, ён быў цалкам самотны.

    «І гэта пры тым, што ён любіў быць з людзьмі, быць у цэнтры ўвагі, якая яго падсілкоўвала. Акрамя таго, ён моцна сумаваў па Беларусі, па радзіме. Гэта быў ягоны асобны боль», — кажа сябар Уладзіміра.

    Харызматычны стары

    Яшчэ адзін сябар, які добра ведаў Уладзіміра Усера, але пажадаў застацца ананімным, згадвае, што той шмат пісаў для мясцовай газеты. Часта гэта былі ўспаміны з часоў ягонай армейскай маладосці. Мужчына пацвярджае, што бабруец займаўся гуказапісам, продажам музычных касет, дыскаў. Захапляўся рок-н-ролам, а ў маладосці, напрыканцы 1970‑х – на пачатку 1980‑х гадоў граў у гурце на мясцовай дыскатэцы ў гарадскім парку.

    З 2011 года супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі.

    «Быў рознабаковым па сваіх інтарэсах. Жывая, яскравая асоба. Хіпі па жыцці, для якога свабода — заўсёды, ва ўсіх сітуацыях была на першым месцы», — рэзюмуе сябар Уладзіміра.

    Уладзіслаў (імя змененае з меркаванняў бяспекі) пазнаёміўся з Усерам у 2000 годзе, падчас збору подпісаў за некага з апазіцыйных кандыдатаў.

    «Ён прыцягваў увагу — такі добразычлівы харызматычны стары», — кажа мужчына.

    Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    Праваабаронца Леанід Судаленка і Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    Потым Уладзіслаў сустрэўся з Уладзімірам у Польшчы, прыехаў да яго ў шпіталь. Кажа, што ўжо тады, увесну 2025 года, бабруец ледзь хадзіў, у яго была моцная задышка. Уладзіслаў спрабаваў дапамагаць Усеру, прыходзіў да яго дамоў, стараўся выцягваць на вуліцу.

    Сябры збіралі для яго грошы, але, кажа, гэтым праблему было не вырашыць — Уладзімір быў у такім стане, што яму была патрэбная комплексная дапамога.

    «Памёр хутка, яму не было балюча»

    У апошнія дні жыцця Усер трапіў у шэлтар Car­i­tas у Беластоку. Гаспадар кватэры, у якой ён здымаў пакой і дзе яго затрымлівалі супрацоўнікі ABW, пасля гэтага інцыдэнту разарваў дамовы з усімі арандатарамі. Пасля таго, як Уладзіміра вызвалілі з‑пад варты, ён апынуўся на вуліцы, таму пайшоў у шэлтар для бяздомных.

    Там валанцёрыць педыятарка з Бабруйска Мая Церакулава. Яна пазнаёмілася з Уладзімірам і распавяла БАЖ, як выглядалі ягоныя апошнія дні:

    «У чацвер ён з’еў цэлы слоік джэму. Я сварылася, ён жартаваў, што гэта ягоная ўлюбёная ежа. На другім месцы. На першым — згушчонка, а на трэцім — шакалад. Адмаўляўся лячыцца».

    Мая пераконвала Уладзіміра, што яму трэба ў лякарню, бо ягоны фізічны стан вельмі кепскі і «так ён памрэ», але ён адмаўляўся і казаў:

    «І што цяпер, павесіцца, ці што?»

    Лекарка кажа, што ён памёр хутка, і яму не было балюча.

    Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    «Спынілася сэрца. Я ведала яго чатыры дні, і размаўляла з ім пра ягоны фізічны стан. Ён быў разумны, добры і ветлівы са мной. Горка жартаваў», — рэзюмуе Мая.

    Уладзіміру Усеру было 70 гадоў. Ён з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, каб уратавацца ад пераследу. Жыў ва Украіне, потым у Вільні, потым з’ехаў у Польшчу.

    У сакавіку 2025 года Уладзімір з’явіўся ў прапагандысцкім фільме «Чужое неба», які выйшаў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні і мусіў паказаць, як цяжка жыць беларусам за мяжой. За здымкі абяцалі ганарар. Усер пазней казаў «Нашай Ніве», што яму вельмі сорамна за гэта, але ён паверыў тым, хто яму прапанаваў гэта, бо яны «як бы сваімі зрабіліся».

    Напрыканцы лістапада стала вядома, што Усера і яшчэ двух беларусаў падазраюць у шпіянажы. На іх завялі крымінальныя справы ў Польшчы. Уладзіміра затрымалі, у ягоным пакоі зладзілі ператрус. Праз кепскі стан здароўя яго адпусцілі з‑пад варты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці