• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Яны раздзялілі нашую сям’ю». Журналіст Андрэй Мялешка — пра дэпартацыю з Грузіі

    Беларускага журналіста Андрэя Мялешку разам з дачкой 16 верасня не ўпусцілі ў Грузію, дзе яны пражылі тры гады і куды вярнуліся пасля двухтыднёвай вандроўкі па Літве і Польшчы. Амаль суткі іх пратрымалі ў аэрапорце, пасля чаго пасадзілі на самалёт да Варшавы. Гутарым з Андрэем, калі ён едзе цягніком у Беласток, дзе пакуль плануе спыніцца.

    Андрэя Мялешку дэпартавалі з Грузіі

    Андрэй Мялешка разам з дачкой Аляксандрай ў самалёце на Варшаву. 17 верасня 2024 года. Фота: з асабістага архіва

    «Пакармілі пасля таго, як я выбег з крыкам: “Дапамажыце!”»

    — Андрэй, як ты сябе адчуваеш?

    — Ужо нармальна, добра.

    — А як дачка? Як яна перажыла ўсю гэтую сітуацыю?

    11-гадовая Аляксандра вырашыла адказаць на пытанне самастойна:

    — Спачатку мне было кепска, а потым я супакоілася. Цяпер я сябе адчуваю цалкам добра. Я вельмі хацела жыць у Польшчы, і, відаць, маё жаданне здзейснілася.

    — Андрэй, пра тое, што адбывалася, калі вы з дачкой прыляцелі ў Кутаісі, ужо шмат пісалі. Распавядзі, калі ласка, калі вас трымалі ў тым дэпартацыйным пакоі, ты спрабаваў размаўляць з супрацоўнікамі? Яны насамрэч нічога не тлумачылі?

    — Мы знаходзіліся ў нейтральнай зоне, як я потым зразумеў. З намі мелі справу памежнікі з надпісам на форме на спіне «Police». Ніхто і ніяк нічога не тлумачыў. Мы для іх — ніхто. У іх абсалютна абыякавае стаўленне, нібы нас няма. Кшталту, «нам сказалі за вамі сачыць — мы сочым». Нашыя патрэбы іх не цікавілі, як і мы самі. Дачцэ нават не далі сустрэцца з маці, калі тая прыехала.

    Вядомага беларускага журналіста Андрэя Мялешку не пусцілі ў Грузію, дзе ён жыў апошнія гады

    — Вас жа ўрэшце пакармілі?

    — Толькі пасля таго, як я выбег і пачаў крычаць: «Дапамажыце!». Побач з нашым пакоем быў пакой адпачынку для памежнікаў, там, дарэчы, такія ж нары, як і ў нашым былі. Яшчэ быў агульны пакой і выхад у залу, дзе прымаюць пасажыраў, што прылятаюць. Вось туды я выбег і закрычаў. Там тады нікога не было, быў перапынак паміж рэйсамі.

    Памежнік кінуўся да мяне: «Што ты робіш? Мы цябе зараз скруцім!». Я казаў: «Давай, круці». А ён рабіў выгляд, што не разумее расійскую. Я яму казаў — ты ж толькі што размаўляў па-расійску па тэлефоне. Але ён усё роўна — толькі англійская. Я кажу — добра, давай па-англійску.

    Потым пытаецца: што есць твая дачка? Хочаш, я табе хачапуры прынясу? Кажу, што дачка не есць хачапуры. А што дачка есць, пытаецца? Кажу — бульбу-фры, бананы. Мне ў адказ: у нас няма бульбы-фры, да пабачэння. Я думаю — ну ок. Але праз гадзіну нам прынеслі вялікі паднос з ежай, там была ў тым ліку бульба-фры.

    «Бачылі самалёт з валошкай на пасадачнай паласе і думалі — давайце нас яшчэ туды»

    — Чаму так затрымаўся самалёт на Варшаву? Мо, былі нейкія тлумачэнні?

    — Мы зляталі на запасным рэйсе, з запасным экіпажам, не тым, што мусіў ляцець у 15:40. Чаму, ніхто не ведае.

    У 15:35 мусіў ляцець самалёт «Белавіі» на Мінск. Мы бачылі гэты самалёт з валошкай праз акно, які кружыў па пасадачнай паласе, думалі: ну давайце нас яшчэ туды. Але да нас падышлі, запыталіся — у вас польскія візы? Кажу — так, польскія. Ён сказаў: на Варшаву паляціце.

    Андрэй Мялешка. Фота з асабітага архіва героя

    — Ты распавядаў, што пасля інтэрв’ю «Радыё Свабода» у вас забралі ўсю тэхніку. А калі вярнулі?

    — Так, пасля таго інтэрв’ю прыйшлі і забралі мой ноўтбук, тэлефон і тэлефон дачкі. Я не чакаў, што да такога дойдзе. Кажу: дайце акт, што вы ў нас канфіскоўваеце тэхніку. Мне кажуць: усё атрымаеш. Але нічога так і не далі. Вярнулі нашыя дэвайсы нам толькі ў самалёце. А пашпарты аддалі толькі калі мы прыляцелі, ужо ў Варшаве.

    — Як вас сустрэў польскі бок?

    — Спакойна, ніякіх пытанняў не задавалі, проста прапусцілі.

    Грузія становіцца небяспечнай краінай для замежных журналістаў

    — Ці ёсць ужо разуменне, што будуць рабіць жонка з малодшай дачкой? Прыляцяць да вас з Аляксандрай у Польшчу?

    — Пакуль застануцца ў Батумі. Справа ў тым, што жонка там працуе цяпер намесніцай дырэктара ў прыватнай школе. У гэтую ж школу ў гэтым годзе пайшла ў першы клас малодшая дачка. Пакуль думаем, што яны прыедуць да нас у Польшчу на вакацыях, а зусім пераедуць, магчыма, налета, пасля сканчэння навучальнага года.

    Ці можа старэйшая дачка паехаць назад у Грузію, пакуль не ведаю. Нам не паставілі ў пашпарты дэпартацыю ці нейкія адзнакі. Але ці варта ёй ляцець, пакуль не ведаю. Фактычна, яны (грузінскія памежнікі — Рэд.) раздзялілі нам сям’ю.

    «Еду ў Беласток. Што будзе далей — не ведаю»

    — Андрэй, ёсць меркаванні, што ў Грузію не ўпускаюць цяпер тых, хто засвяціўся на пратэстах. Ты згодны, што ў гэтым можа быць прычына?

    — Я нідзе не свяціўся на пратэстах, мяне там проста не было. Я рабіў матэрыял, быў збоку, здымаў як журналіст. Сам я не ўдзельнічаў.

    — А чым ты мог перашкодзіць Грузіі?

    — Цяпер ідуць выбары, і яны будуць выціскаць усіх актыўных людзей. Магчыма, я памыляюся, але такое маё меркаванне. Нас адправілі, а з раніцы не ўпусцілі армянскага журналіста, які тыдзень таму быў у Грузіі, ніякіх пытанняў да яго не было, а тут раптам вось такая гісторыя здарылася. І так будзе з усімі. Сітуацыя ўвогуле неспакойная. Мае знаёмыя грузінскія журналісты мяркуюць, што Тэлеграм, Фэйсбук адсочваецца, чытаецца, яны пераключыліся на Сігнал.

    Андрэя Мялешку дэпартавалі з Грузіі

    «Калі асазнаеш абсурд усёй сітуацыі і загадваеш жаданне паміж двума Сашамі». Андрэй Мялешка спрабуе падыйсці да таго, што адбываецца, з уласцівым яму гумарам. Фота: з асабістага архіва

    — Ці будзеш ты абскарджваць дэпартацыю і тое, як з вамі абышліся?

    — Маім кейсам цяпер займаюцца чатыры праваабарончыя арганізацыі ў Грузіі. Беларускія таксама зацікаўленыя. Я персанальна гэтым займацца не буду. Я цяпер у Польшчы, буду тут легалізоўвацца — у мяне карта паляка, атрымаю карту побыту. Прыеду ў Грузію пасля таго, як атрымаю тут грамадзянства.

    — Дзе ты плануеш спыніцца ў Польшчы?

    — Пакуль еду ў Беласток. Што будзе далей — не ведаю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці