Журналіст Ігар Палынскі зрабіў даведнік беларускіх населеных пунктаў
Беларускі музыка і журналіст Ігар Палынскі ў суаўтарстве зрабіў унікальны анлайн-даведнік bielarus.live па напісанні і вымаўленні назваў беларускіх населеных пунктаў.

Ігар Палынскі. Фота: Настасся Уткіна
Пра даведнік распавядае Ігар Палынскі:
– Менавіта аформленых як анлайн-база – не было. Гэта першая такая праца. І насамрэч я даволі здзіўлены, што дагэтуль ніхто гэтым не займаўся, бо, як высветлілася за першыя пару дзён працы, гэта вельмі запатрабаваная гісторыя.
Па словах Ігара, у даведніку не толькі напісанне населеных пунктаў, але і іх мясцовыя назвы.
– Мне стала цікава ўвогуле паспрабаваць зразумець, як гэта ўсё працуе, адкуль гэтыя ўсе бяруцца звесткі, хто ў нас займаецца зацвярджэннем гэтых назваў і г.д. Аказалася, што гэта даволі «сырая» гісторыя, бо і заканадаўства беларускае дастаткова хісткае, і акадэмічны слоўнік з назвамі населеных пунктаў не існуе.
Ігар упэўнены, што да працы над даведнікам далучацца таксама беларускія вядомыя філолагі і мовазнаўцы.
Уся наяўная зараз інфармацыя зробленая на падставе даведніка Валянціны Лемцюговай, а таксама з граматычнай базы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі.
@bajmedia