Журналіст Зміцер Казакевіч паведаміў пра ўзлом акаўнта ў Telegram
Заўважыўшы дзіўную актыўнасць у сваім акаўнце, журналіст апублікаваў папярэджанне для сваіх сяброў і ўсіх, з кім ён да гэтага кантактаваў праз месенджар Telegram.

Зміцер Казакевіч. Фота: сацсеткі
Паведамленні ад імя нібыта «Аддзела бяспекі» пра тое, што «акаўнт можа быць выдалены з прычыны падазронай актыўнасці» пачалі з’яўляцца ў ягоным акаўнце 21 студзеня. І гэта працягвалася амаль суткі.
«Б’ю трывогу! Мой акаўнт @dadomu на Тэлеграме ўзламаны. Учора былі дзіўныя актыўнасці. Пачысціце, калі ласка, перапіскі са мной і на гэты акаўнт не пішыце нічога важнага і сакрэтнага. Буду ўдзячны за парады…», — мінулым вечарам напісаў Зміцер Казакевіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Як сябе паводзіць у выпадку атрымання падобных паведамленняў у месенджары ці сацсетцы, БАЖ папрасіў даць парады спецыяліста па кібербяспецы.

Паведамленні ад імя нібыта «Аддзела бяспекі». Скрыншот акаўнта Зміцера Казакевіча
«Калі вы атрымалі ў Telegram падобны допіс з пагрозай заблакаваць акаўнт цягам 24 гадзін і з прапановай неадкладна звязацца праз бот, то самае галоўнае — не спяшацца выконваць гэтыя рэкамендацыі, — падкрэслівае ён.
— Звярніце ўвагу: служба бяспекі не будзе выкарыстоўваць столькі смайлікаў і эмодзі для прыцягнення ўвагі. Тым больш, не будзе распачынаць дыялог з нейкага прыватнага акаўнта, патрабуючы напісаць боту. Таму самае простае і дзейснае — выдаліць размову і заблакаваць гэты кантакт».
Паводле спецыяліста, фішынг (выманьванне канфідэнцыйных дадзеных) выкарыстоўваюць як махляры, так і спецслужбы. Калі павесціся і звязацца праз бот, то далей ад вас запросяць іншыя прыватныя звесткі, якія потым могуць быць выкарыстаныя, каб займець доступ да вашых прылад: камп’ютараў або мабільных тэлефонаў.
З лета 2021 года журналіст з Віцебска Зміцер Казакевіч жыве ў вымушанай эміграцыі. Яго некалькі разоў затрымлівалі падчас асвятлення пратэстаў у 2020 годзе, тройчы праводзілі ператрусы па месцы жыхарства з адабраннем аргтэхнікі.
У траўні 2024 года Казакевіч даведаўся, што яго кватэру ў Віцебску арыштавалі. Сілавікі ўзламалі металічныя дзверы ў жытло журналіста, а потым прымацавалі на іх паперку з надпісам: «Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены. Супрацоўнік КДБ Красноў. Па ўсіх пытаннях звяртацца ў Следчы камітэт».
@bajmedia