Журналіста-кругасветніка Аляксандра Гойшыка шукае міліцыя
У пошуках «злоснага экстрэміста» міліцыянты прыйшлі да ягонай маці і распытвалі, ці збіраецца яе сын вярнуцца ў Беларусь з пакаяннем.

У Гватэмале. Фота: Аляксандра Гойшыка
Беларускі журналіст-фрылансер Аляксандр Гойшык, які здзейсніў кругасветнае падарожжа, знаходзіцца ў вышуку на радзіме, паведамляе «Белсат» са спасылкай на старонку журналіста ў Facebook.
Аляксандр Гойшык адзначыў, што да ягонай маці ў Салігорску прыходзілі міліцыянты і шукалі яго, «злоснага экстрэміста». Распытвалі, калі прыездзе ў Беларусь і з’явіцца з пакаяннем.
«Як сказалі маме, я экстрэміст таму, што некалі намаляваў у гэтых вашых інтэрнэтах аднаго сіпатага самазванца з, увага, чырвонымі зубамі!» — напісаў журналіст.
Аляксандр Гойшык адзначыў, што не памятае такога малюнка, але, каб выправіць гэта, з дапамогай штучнага інтэлекту намаляваў «абстрактнае пудзіла» з чырвонымі зубамі і сінімі пальцамі.

Малюнак пудзіла. Фота: Zaza Gašek / Facebook
Аляксандр Гойшык – падарожнік з Салігорска, журналіст-фрылансер, блогер, вулічны артыст. Ён пераехаў з Салігорска ў польскі Уроцлаў, а адтуль пачаў сваё доўгае падарожжа па свеце. За тры гады ён аб’ехаў 51 краіну, а агулам значна больш, быў абрабаваны паліцыяй у «братэрскай» Венесуэле. Пра свае вандроўкі Аляксандр Гойшык расказвае ў тым ліку ў блогу на «Белсаце».
