• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста і пісьменніка Уладзіслава Ахроменку ўзнагародзілі медалём

    Беларускага журналіста і пісьменніка Уладзіслава Ахроменку, што жыве і працуе ў Чарнігаве, усеўкраінскае аб'яднанне "Краіна" ўзнагародзіла медалём "За годнасць і патрыятызм".

    Такую ўзнагароду атрымліваюць валанцёры і патрыёты Украіны за грамадзянскую мужнасць, самаадданасць і грамадскую актыўнасць. Уладзіслаў Ахроменка аказаўся сярод першых валанцёраў, якія вазілі гуманітарную дапамогу ўкраінскім вайскоўцам пад час АТА ў 2014 годзе.

    Уладзіслаў Ахроменка медаль у руках яшчэ не трымаў, але з жартам адзначае: “Цяпер жа не 1945 год. Мой дзед і тое з медалямі і ордэнамі не хадзіў. Памятаю, мне было 14 гадоў, пазнаёмілі мяне з Караткевічам Уладзімірам Сямёнавічам, я яму нават Шапэна граў у яго дома, а ён мне каву за гэта зварыў. Дык ён хадзіў у персідскім халаце, які зашпільваў на ордэн Дружбы Народаў”.

    Уладзіслаў Ахроменка з’яўляецца журналістам “Беларускага Радыё Рацыя”, для якога рыхтуе праграму “На ўліку КДБ”, дзе распавядае праўду з архіваў Украінскага камітэта дзяржбяспекі.

    Пра сваю праграму, звязаную з агульнай беларускай і ўкраінскай гісторыяй, Уладзіслаў Ахроменка кажа: “Кожны грамадзянін СССР ад самога нараджэння трапляў на нейкі ўлік. Спярша — па месцы прапіскі, потым — па месцы вучобы, потым — у складзе піянерскай арганізацыі. Камсамол, прафкам, спарткам, добраахвотная народная дружына, АСАВІЯХІМ, ваенкамат, асобы аддзел Савецкай арміі. Яшчэ быў улік у партыйнай арганізацыі для членаў КПСС і ўлік у міліцыі для правапарушальнікаў. Але ж самым страшным было патрапіць у поле зроку савецкіх спецслужбаў. Такі ўлік за сталінскім часам мог скончыцца ў лепшым разе турэмным тэрмінам, а ў горшым — расстрэлам. Цяпер архівы савецкіх спецслужбаў адкрытыя для вывучэння ва Украіне. У гэтых архівах — тысячы спраў і на нашых землякоў”.

    У Беларусі Уладзіслаў Ахроменка больш вядомы як пісьменнік, драматург і кінасцэнарыст. Ён працуе у жанрах дэтэктыву, трылеру, альтэрнатыўнай гісторыі. Найбольш вядомыя яго творы “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша”, “Музы і свінні”, “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”, напісаныя ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці