• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісткі ва ўсім свеце зарабляюць менш, чым журналісты. А ў Беларусі?

    У Еўрасаюзе гендэрныя нажніцы ў заробках складаюць каля 12%. Беларусь упэўнена апярэджвае «калектыўны Захад» па гендарным разрыве.

    Фота: Car­los Per­nalete Tua / pexels.com

    18 верасня адзначаецца Сусветны дзень роўнай аплаты працы. Міжнародная федэрацыя журналістаў і Інстытут разнастайнасці СМІ заклікалі скараціць гендэрны разрыў у аплаце працы журналістак і журналістаў. Бо пры цяперашніх тэмпах роўнасці ў аплаце працы ўдасца дасягнуць не раней за 2086 год.

    Чаму пытанне пра роўную аплату працы вынеслі на парадак дня?

    Гендэрная няроўнасць ў аплаце працы ў журналістыцы ахапіла ўсе кантыненты, медыяарганізацыі і галіны.

    У Бразіліі жанчыны-журналісткі, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, атрымліваюць у сярэднім на 5,7% менш, чым мужчыны. Чым вышэйшыя пазіцыі ў журналісцкай іерархіі займае чалавек, тым больш павялічваецца розніца: жанчыны на пасадзе галоўнага рэдактара зарабляюць на 41,3% менш, чым мужчыны.

    У Францыі, як паказвае праведзенае з 2010 па 2021 гады даследаванне, жанчын больш наймаюць на кароткатэрміновыя кантракты (18%), чым мужчын (10%).

    Ва ўсіх сектарах эканомікі Еўрасаюза «ў 2022 годзе валавы пагадзінны заробак быў у сярэднім на 12,7% ніжэйшы, чым у мужчын». 

    Міжнародная арганізацыя працы (МАП) ацэньвае існуючыя нажніцы ў 20%. То-бок жанчыны зарабляюць толькі 80% ад заробку мужчын. І пры цяперашніх тэмпах свет можа дасягнуць роўнасці ў аплаце працы толькі ў 2086 годзе.

    Чаму журналісткі атрымліваюць менш, чым журналісты?

    Апытанне Reuters Insti­tute 2024 года паказала, што працэнт жанчын на вышэйшых рэдакцыйных пасадах «істотна вар’іруецца ад рынка да рынка, ад 0% у Японіі да 43% в ЗША». Гэты фактар называецца адной з галоўных прычын няроўнасці ў аплаце працы. «Шкляныя столі» (тэрмін уведзены ў пачатку 1980‑х гадоў для апісання нябачнага бар’ера, які перашкаджае жанчынам прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы, незалежна ад прафесійных якасцяў) абмяжоўваюць доступ жанчын да выканаўчых пасад, рэдакцыйнага кіраўніцтва і кіравання.

    Многія жанчыны працуюць у нізкааплочваемых сектарах (напрыклад, пішуць пра культуру), у той час як мужчыны, наадварот, дамінуюць у высокааплочваемых сферах: у палітыцы, бізнэсе, журналісцкіх расследаваннях.

    Яшчэ адной прычынай заробкавай няроўнасці даследчыкі называюць тое, што жанчыны часцей бяруцца за пазаштатныя ці частковыя працы, дзе аплата непастаянная, а часта – адсутнічае ўвогуле.

    МФЖ канстатуе, што разрыў у аплаце працы больш відавочны сярод каляровых жанчын, прадстаўнікоў ЛГБТК+ і маргіналізаваных супольнасцяў.

    А што ў Беларусі?

    Дзяржава закрывае статыстыку ва ўсіх важных сферах жыццядзейнасці. А заробкі – гэта святая святых рэжыму Лукашэнкі.

    Але на бяскрайніх прасторах інтэрнэта ўдалося знайсці афіцыйную інфармацыю пра тое, што на снежань 2022 года ў сферы інфармацыі і сувязі гендарны разрыў у заробку складаў 40,5 адсоткаў.

    Паводле іншай інфармацыі, журналісты ўнутры Беларусі ў 2024 годзе атрымліваюць заробак ад 446 да 1 381 рубля.

    Месячны заробак вагаецца ў межах 446–882 рублёў (для пачаткоўцаў), 542‑1104 рублі – пасля 5 гадоў працы пры 40-гадзінным працоўным тыдні.

    Што рабіць?

    Вось якія рэкамендацыі даюць МФЖ і MDI:

    • правесці аўдыт ва ўсіх медыяарганізацыях, каб ацаніць разрыў у аплаце працы;
    • увесці абавязковую практыку празрыстасці аплаты працы ва ўсіх медыяарганізацыях;
    • стварыць справядлівыя магчымасці для прасоўвання жанчын па службовай лесвіцы, якія забяспечаць роўнае прадстаўніцтва на кіроўных пасадах;
    • прыняць палітыку недыскрымінацыі і калектыўныя дамовы для выкаранення перадузятасці, дамагальніцтваў і гвалту на працоўным месцы;
    • увесці палітыку справядлівай аплаты працы для фрылансераў (у тым ліку заробак, льготы, гарантыі занятасці).

    «Барацьба за гендэрную роўнасць у аплаце працы ў журналістыцы – гэта барацьба за справядлівасць, празрыстаць і годнасць ў галіне і грамадстве ў цэлым», – заявіла старшыня Рады па гендэрных пытаннях МФЖ Марыя Анхелес Самперыё.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці