• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісту Паўлу Падабеду прыпісваюць «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання»

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў вядомы дакладны крымінальны артыкул, на падставе якога ў мінскім СІЗА ўтрымліваюць відэааператара-фрылансера Паўла Падабеда. Яму інкрымінуюць «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання», максімальная санкцыя прадугледжвае да 6 гадоў зняволення.

    Пра выстаўленае абвінавачванне стала вядома з копіі пастановы на арышт прыватнага аўтамабіля Паўла Падабеда, экспертыза і ацэнка якога, як аказалася, праводзіліся яшчэ на пачатку сакавіка без уведамлення сваякоў. У прыватнасці, накладаецца забарона на продаж транспартнага сродку. 

    Сярод іншага ў дакуменце пазначана, што журналісту прад’яўлены арт. 361–1, ч. 3 Крымінальнага кодэкса — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)». Такое «злачынства» караецца абмежаваннем волі да 4 гадоў або накіраваннем у калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

    Акрамя таго, з той жа пастановы вынікае, што Павел Падабед «удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях/дзеяннях 14 ліпеня 2020 года і ў наступныя дні». У згаданыя даты праходзілі пратэсныя акцыі супраць рашэння Цэнтрвыбаркама Беларусі адмовіць у рэгістрацыі прэтэндэнтам на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі ўжо арыштаванаму экс-банкіру Віктару Бабарыку і былому кіраўніку Парка высокіх тэхналогій Валерыю Цапкалу. Тады і незалежныя, і дзяржаўныя СМІ актыўна асвятлялі перадвыбарчыя баталіі, таму знаходжанне на вуліцы відэааператара Паўла Падабеда цалкам лагічнае.

    Сам Павел Падабед яшчэ раней паведаміў у лістах, што адмовіўся даваць супраць сябе паказанні на этапе следства і цяпер у чаканні перадачы справы пракурору і далейшага накіравання ў суд. Сёння якраз тры месяцы, як ён за кратамі.

    Нагадаем, Паўла Падабеда затрымалі сёлета 20 студзеня. Сілавікі «заглыбіліся» ў ягоныя сацсеткі ажно да 2012 года і на падставе старых рэпостаў абвінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — нягледзячы на тое, што падобных статусаў у незалежных СМІ ў той час не было як з’явы. Суд удаваццца ў нюансы не пажадаў і на падставе адміністрацыйнага артыкула 19.11 пакараў журналіста 15 суткамі арышту з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна.

    Аднак напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там прад’явілі «спрыянне экстрэмізму». 28 лютага праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем.

    На пачатку красавіка скончыўся двухмесяцовы тэрмін папярэдняга ўтрымання Паўла Падабеда пад вартай, пасля чаго яго мусілі або вызваліць за бяздоказнасць «злачынства», або прызнаць абвінавачаным. Адвакат прэвентыўна паспрабаваў аспрэчыць узяцце пад варту свайго падабароннага, які не ўчыняў супрацьпраўных дзеянняў, а таму не заслугоўвае такой меры як зняволенне. Хадайніцтва з незразумелых прычын было перанакіраванае ў суд Партызанскага раёна Мінска, да якога тэрытарыяльна палітвязень не мае ніякага дачынення, а суддзя Аляксандр Супічэнка на закрытым пасяджэнні ўсе заяўленыя прэтэнзіі адхіліў.

    Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, не маючы праблем з законам. Але падобна на тое, што заданне на «нейтралізацыю» фрылансераў паступіла цэнтралізавана – сілавікі паслядоўна схапілі ягоных калегаў Алеся Любянчука, Івана Мураўёва, Вячаслава Лазарава.

    Самога Паўла Падабеда затрымалі літаральна за дзень да таго, як ён планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Выглядае, што за журналістам мэтанакіравана сачылі, ведаючы пра яго намер пакінуць краіну.   

    Чытайце яшчэ:

    «Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання

    Остаться в профессии. Вся помощь журналистам и медиа по одной ссылке

    Фатограф падаў на конкурс выяву, створаную штучным інтэлектам. І перамог

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці