«Мяркую, гэбісты капаюць». Беларускаму журналісту прапанавалі сто еўра за відэа шэлтара ў Беластоку
Журналіст, рэдактар DzikMedia Алесь Ляўчук атрымаў у Telegram паведамленне з прапановай падзарабіць — зняць на відэа шэлтар у польскім горадзе Беласток.

Алесь Ляўчук
Паведамленне прыйшло ад акаўнта пад імем «Артур» без нейкай дадатковай інфармацыі ў профілі — не было ні нумара тэлефона, ні іншых дадзеных.
«Ён запытаўся, ці патрэбная табе падпрацоўка? Я кажу, так, што трэба рабіць? Ён піша — трэба паехаць зняць нейкі шэлтар і скінуць яму відэа. Паабяцаў за гэтую працу 100 еўра. Я яму на гэта сказаў, што так справы не робяцца, што мне патрэбнае канкрэтнае заданне», — распавядае Алесь.
Прапанова гучала дзіўна, падкрэслівае журналіст. «Артур» напісаў, што прадстаўляе нейкае прыватнае агенцтва. На пытанне, якое і просьбу даслаць на яго спасылку, перайшоў на агрэсіўны тон і напісаў: «Не хочаш працаваць, іншыя заробяць».
«Я пачаў задумвацца. Справа ў тым, што ў Беластоку няма ніякага шэлтара. Мяркую, гэта гэбісты, гэта іхні стыль. Яны не ведаюць, як працуюць журналісты, не высвятляюць дэталяў, не ведаюць, што ў Беластоку нават няма такога аб’екта. Мяркую, яны капаюць пад Уладзіміра Усера, які надоечы памёр у цэнтры для бяздомных ад Caritas. Не выключаю, што яны хочуць зрабіць сюжэт пра тое, як Польшча давяла чалавека да смерці», — кажа Ляўчук.
Паведамленні ад невядомых з просьбай сказаць «некалькі добрых слоў» пра Уладзіміра Усера — «актывіста і палітвязня», атрымлівалі таксама іншыя беларусы. Відавочна, што паведамленне пісаў чалавек, не моцна знаёмы з гісторыяй жыцця Уладзіміра, які не меў статусу палітвязня, бо не сядзеў у турме ў Беларусі, а паспеў выехаць за мяжу, калі на яго завялі крымінальныя справы. Ён памёр 6 снежня ў Беластоку.
@bajmedia