• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты пра працу ў Арменіі: Упершыню ў жыцці давялося разбіраць барыкады ШМАТ ФОТА

    Падчас адкрытай сустрэчы ў офісе БАЖ беларускія журналісты дзяліліся з калегамі ўражаннямі і досведам пасля камандзіроўкі ў Арменію, дзе ў выніку пратэстаў грамадства змянілася кіраўніцтва дзяржавы.

    Юрась Карманаў з Associated Press, Аляксандр Баразенка з тэлеканала “Белсат”, Антон Трафімовіч з “Радыё Свабода” і Сяргей Гапон з Agence France-Presse некалькі тыдняў асвятлялі падзеі ў Ерэване і іншых гарадах Арменіі для сваіх выданняў.

    Арменія і рэвалюцыя

    Юрась Карманаў:

    — Спачатку крыху пра краіну. Арменія — краіна з багатай гісторыяй. Цяпер там жывуць тры мільёны чалавек. Паводле дадзеных ААН, 800 тысяч з тых, хто нарадзіўся ў Арменіі, жывуць па-за межамі краіны — пераважна ў Расіі. Агулам дыяспара Армян у свеце складае 8 мільёнаў чалавек.

    Арменія — гэта горная краіна, у якой няма выхаду да мора. Краіна аточана недабразычлівымі для армян суседзямі: у іх фактычна вайна з Азербайджанам, напружаная мяжа з Турцыяй, дзе знаходзіцца гара Арарат. Таксама Арменія мяжуе з Грузіяй, і ў іх няма мяжы з Расіяй, якую армяне лічаць галоўным геапалітычным партнёрам. Арменія надзвычай бедная краіна. Там цяпер амаль няма прамысловасці, сфера паслуг займае вялікую долю эканомікі.

    Што адбылося ў Арменіі?

    Апазіцыя абвясціла пратэсты і Нікол Пашынян іх узначаліў. Гэтыя пратэсты найперш былі супраць беднасці, па-другое — супраць карупцыі. Каб праілюстраваць тэзіс пра бядноту і карупцыю, прывяду прыклад з нашага матэрыялу. Мы паехалі ў вёску Усагюх, якая знаходзіцца ў цясніне каля самай высокай гары ў Арменіі — Апарац. Вёска налічвае 800 жыхароў, 300 з іх выехалі на заробкі.

    І вось бедны селянін Алік Сцепапян распавядае, што кожны месяц ён вымушаны аддаваць 15–20 рыбін у якасці хабару падатковаму інспектару, бо грошай у яго няма.

    Раней гэты чалавек меў бізнэс, абе потым збанкрутаваў. Тады ён выкапаў сажалку ў сябе на агародзе,каб разводзіць рыбу. Адразу да яго прыйшоў падатковы інспектар, сказаў, што патрэбна плаціць падаткі, гэта будзе столькі, столькі і столькі. І вось селянін кажа: “Грошай у мяне няма, забірайце рыбу”. Плаціў ён падатак гэтай рыбай да таго часу, пакуль рыбы ў яго не стала. І, канешне, гэты Алік Сцепанян выступае супраць карупцыі і супраць беднасці.

    У прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна быў брат, які абклаў увесь бізнес падаткамі. І 50 % ад прыбыткаў бізнесоўцы павінны былі аддаваць у якасці хабару. Фактычна, кожны армянін адчуваў на сабе карупцыйны цяжар. Альбо людзі проста з’язджалі з краіны.

    Усіх гэта дастала, і на гээта наклаліся непрыгожыя паводзіны самога Саргсяна. Ён быў пры ўладзе два тэрміны, а потым прыдумаў унесці ў Канстытуцыю папраўкі, каб галоўным у краіне быў прэм’ер-міністр. І вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра, хоць раней абяцаў гэтага не рабіць. Армян гэта вельмі абурыла.

    У армянскім парламенце 105 месцаў, 58 з якіх кантралявала кіруючая Рэспубліканская партыя. То бок яна магла блакаваць любыя рашэнні, што і рабіла. У апазіцыйнага блока “Елк” Нікола Пашыняна было 9 галасоў, у бізнесоўца Гагіка Царукяна — 30 з нечым. То бок дзейнічаць праз парламент апазіцыя не магла — ім не хапала галасоў.

    Тады армянская апазіцыя аб’явіла страйк: уся Арменія проста пела і  танчыла на вуліцах, блакавалі дарогі і непадпарадкоўваліся ўладам.

    Разам з тым трэба сказаць, што да гэтага часу незразумела, якія палітычныя погляды ў Нікола Пашыняна і што ад яго можна чакаць. Ягоны галоўны лозунг: супраць карупцыі і супраць клана Саргсяна. Пры гэтым на сёння ў яго няма ніякага пазітыўнага парадку дня, плана рэформаў. І ў яго няма каманды. Ён казаў, што патрабуе светлага заўтра. І вось заўтра наступіла, ён прэм’ер. А ідэі не агучваюцца.

    Да прыкладу, калі былі падзеі ў Грузіі, мы бачылі, што ў іх ёсць план пераменаў. Грузіны патрабавалі і бачылі зрузумелую іншую краіну. Калі ва Украіне быў Майдан, быў выразны праеўрапейскі вектар, было зразумела, куды краіна мусіць рухацца. Хоць, канешне, яны гэты план не вытрымліваюць. У Арменіі наогул нічога такога нават не гучыць.

    Таму мы, канешне, вельмі цешымся за мірныя перамены, мы ўсёй душой былі з імі на вуліцах, але ёсць вялікая верагоднасць таго, што адбудзецца проста змена аднаго чалавека на другога. І будзе вельмі шкада, калі армяне ўпусцяць свой шанец. Бо ў іх  ёсць перспектывы: гэта  вялікія грошы за мяжой і вялікія мазгі, якія маглі б кансультаваць новы ўрад.

    Аляксандр Баразенка:

    — З Юрасём мы сустрэліся ў мінскім аэрапорце на вылеце ў Маскву. Да гэтага часу я думаў, што я адзін вар’ят, які едзе ў Арменію тады, калі Саргсян сышоў. Я далучаюся да стрыманага аптымізму ці стрыманага песімізму Карманава. Мне падаецца, што проста  адбылася замена адных персонаў іншымі.

     

    Чаму армяне перамаглі, а беларусы не могуць

    Юрась Карманаў:

    — Вялікая розніца паміж Беларуссю і Арменіяй у тым, што ў нас большасць людзей працуюць паводле кантракту на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе заўсёды ёсць намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы, ёсць залежнасць людзей ад агульнай сістэмы.

    У Арменіі, як я ўжо казаў, разбурана ўся вялікая прамысловасць і кожны зарабляе, як можа ўласным дробным бізнесам. Таму кантроль улады над гэтымі людзьмі значна меншы. У іх няма страху, што заўтра прыйдзе ідэолаг і спытае: «Дзе ж ты быў і як трапіў на здымкі, дасланыя з КДБ?».

    Антон Трафімовіч:

    — Да пачатку актыўных дзеянняў ніхто ў Арменіі не верыў у сур’ёзнасць Пашыняна. Калі ўсё толькі пачыналася і пачаўся пешы марш з Гюмры, гэта нагадвала нейкі шпацыр. Многія жартавалі і кпілі з Нікола.

    Але калі выйшла моладзь і пачала перакрываць першыя вуліцы, калі да Пашышяна далучыўся бізнесовец Гагік Царукян, на вуліцах з’явіліся людзі. І гэта былі акурат дробныя бізнесоўцы, уладальнікі крамаў — людзі, для якіх дэмакратычныя каштоўнасці ніколі не стаялі на першым месцы. Яны пратэставалі супраць складанай эканамічнай і карупцыйнай сітуацыі.

    Таксама важна, што ў армян не было нейкай адной плошчы. У іх былі масавыя пратэсты паўсюль. То бок кожны ствараў сваю плошчу у завулку, побач з уласным домам. Яскравы прыклад: маці з дзіцём у слінгу глядзіць заклік Пашыняна ў сацыяльных сетках, а затым выходзіць на бліжэйшае скрыжаванне і проста блакуе рух. І так рабілі ўсе — ад самых маладых да самых старых.

    Ёсць смешны момант у тым, што сёння Пашынян заклікае армян спыніць пратэсты. Бо, відавочна, армянам спадабаліся акцыі непадпарадкавання і яны пачалі выходзіць з любой нагоды. Яны зразумелі, што гэта добры інструмент уплыву на сітуацыю. Да прыкладу, апошнімі днямі на вуліцы выходзілі, напрыклад, вайскоўцы і прадстаўніка камісарыятаў, пратэстуючы ўжо супраць дзеянняў новых уладаў.

    Я размаўляў з палітолагамі, якія кажуць, што армяне перамаглі, што цяпер у Арменіі фестываль перамогі, што ў іх лепш чым у Грузіі, і што яны ўсё змогуць. Але ці ўдасцца ім пачаць кудысьці рухацца? Гэта — пытанне.

    Сяргей Гапон:

    Мая вандроўка ў Арменію залежала ад вынікаў першага галасавання за Пашыняна ў парламенце, якое праходзіла 1 траўня. Мае калегі ў гэты момант стаялі там на плошчы разам з усімі.

    А я 10 гадзін запар глядзеў у Мінску стрым “Радыё Свабода”. Па-армянску, канешне, я нічога не разумеў, але арыентаваўся па тым, як на тыя ці іншыя выступы ў парламенце рэагавала плошча. І сітуацыя была такая, што калі яго не абіраюць, я мушу ехаць. Праз 15 хвілін пасля сканчэння стрыму мне тэлефануюць з маскоўскай рэдакцыі і даюць 15 хвілін на зборы, каб паспець на апошні самалёт.

    Калі прыляцеў у Маскву, паўсюль з’явілася інфармацыя пра планы на татальнае блакаванне і страйк 2 траўня, таму была рызыка наогул не трапіць у гэты дзень у Ерэван. Самалёту, якім я ляцеў з самай раніцы ў Ерэван, яшчэ далі дазвол на вылет, а наступныя ўжо былі затрыманыя з‑за страйкаў.

    З аэрапорту ў Ерэван зноў-такі дабрацца можна было толькі пешшу, бо ўсе 13 кіламетраў дарогі былі заблакаваныя на кожным скрыжаванні. Таксісты, якія ўсё роўна хацелі зарабіць, прапаноўвалі давезці ад аднаго скрыжавання да другога. Спачатку я пагадзіўся ехаць з адным таксістам, а ён літаральна вывез мяне з паркоўкі аэрапорта, спыніўся каля першай перашкоды і кажа: “Усё, далей ідзі сам і заплаці 3 тысячы драм”. Зразумела, я сказаў, каб ён завёз мяне назад, я пайшоў у горад пешшу.

    Юрась Карманаў:

    — У мяне таксама з нагоды аэрапорта здарылася смешная гісторыя. Калі заблакавалі дарогу ў аэрапорт, я патэлефанаваў туды ды  папрасіў пацвердзіць інфармацыю: “Кажуць, да вас немагчыма дабрацца, заблакавалі дарогу і г. д.”. на што дыспетчар адказвае: “Так-так, заблакавалі, перакрылі”. Але мне трэба на некага спаслацца ў матэрыяле, таму запытваю: “Хто пра гэта гаворыць, на каго можна спаслацца?”. А ён: “Хто гаворыць, хто гаворыць? Увесь Ерэван ужо пра гэта гаворыць!”

    Трэба сказаць, гасціннасць у Арменні проста неверагодная. Яны смажылі шашлыкі наўпрост на вуліцах і, канешне, ж частавалі гасцей. Цудоўны народ, цудоўная гасціннасць. Маляўнічая прырода, але так бедна жывуць людзі, проста сэрца разрываецца. Такой бяды ў Беларусі вы ніколі не пабачыце. Гэта сапраўды вельмі беднае месца. І пры гэтым яны заўсёды цягнулі нас піць гарбату, частавалі нейкімі прадуктамі. Я разумею, што ў іх, магчыма, гэта апошняе. Але такіх гасцінных людзей я ніколі не сустракаў у жыцці. Чым больш бедныя людзі, тым больш яны адкрытыя і больш добразычлівыя.

    Даволі лёгка было працаваць беларускім журналістам. Але для амерыканскага агенцтва Asso­ci­at­ed Press мы доўга не маглі дамагчыся інтэрв’ю Пашыняна, бо ён ведаў, што будзем задаваць непрыемныя пытанні.

    Да нас нават далучыўся наш брытанскі карэспандэнт, які звычайна прабівае любыя муры, каб дамагчыся інтэрв’ю. Гэты Дэвід нічым іншым не займаўся, ён сядзеў і метадычна «выбіваў» інтэрв’ю з лідарам пратэстаў. 

    Аляксандр Баразенка:

    — Я хачу вярнуцца да пытання, чаму ў беларусаў не атрымліваецца, а армянам удалося. Па-першае, нягледзячы на гэтую кланавасць і карупцыю, у Арменіі ўсё ж існуе механізм перадачы ўлады. Ёсць умоўная дамоўленасць паміж грамадствам і палітыкамі: як бы там ні было, не барзейце! Дзесяць год пакіраваў і сышоў. Ранейшыя палітыкі заўсёды вытрымлівалі гэтыя абяцанні і спакойненька сыходзілі.

    Таму з размоваў з армянамі ў мяне склалася ўражанне, што лозунгі пра барацьбу з карупцыяй, гэта ўсё прыгожа. Але, калі б Саргсян стрымаў сваё слова і сышоў, ён бы мог спакойна замяніцца на любога карупцыянера. Нават на свайго брата.

    Людзі казалі: “Нас абурыла менавіта тое, што Саргсян нас кінуў, не стрымаў слова”.

    І самі пратэсты таксама нельга параўноўваць з беларускімі, бо армянскія спецназаўцы проста выглядалі лохамі — яны сядзелі ў школьных аўтобусах і назіралі. Адзінае брутальнае, што здарылася падчас пратэстаў, былі прымененыя тры светашумавыя гранаты. У адказ на гэта ўвесь вялікі натоўп збег, а ўлады змаглі затрымаць Пашыняна. То бок, для разгону вялізнай акцыі хапіла трох светашумавых гранат.

    Мы размаўлялі з супрацоўнікамі паліцыі. У іх няма такога досведу, як у Беларусі. У іх крайнасці: альбо мы ліберальныя, нічога не робім і проста назіраем, або страляем баявымі патронамі, як было ў 2008 годзе.

    Юрась Карманаў:

    — Вялізны патэнцыял Арменіі схаваны ў яе дыяспары. Напрыклад, мы абсалютна выпадкова зайшлі ў нейкі стары дом у цэнтры Ерэвана. Трушчобы — нейкі дарэвалюцыйны дом, без вады, камунікацый і гэтак далей. Там жывуць маладыя людзі, выхадцы з Арменіі, якія натхніліся ідэяй рэвалюцыі і вярнуліся на гістарычную радзіму з Вены, з Парыжа, з Нью-Ёрка.

    Напрыклад, мастачка з Парыжа збірае камяні ў гарах, наносіць на іх малюнкі сваіх продкаў і робіць выставу. Яшчэ адзін хлопец кінуў вучобу ў Вене і вярнуўся, каб уладкоўваць Арменію. Іншая дзяўчына прыехала з Нью-Ёрка, каб рабіць армянскае кіно. Што ў іх ёсць сапраўды каштоўнага — гэта армянская інтэлігенцыя.

     

    Медыя і рэвалюцыя

    Юрась Карманаў:

    — У Арменіі вельмі слабыя газеты. У іх ёсць шмат тэлеканалаў, але ўсе яны падзеленыя паміж алігархамі. І толькі адзін канал, які належыць Гагіку Царукяну, запрашаў да сябе Пашыняна. Усе астатнія Пашыняна не запрашалі, і нават не ўсе каналы вялі трансляцыю з парламента, калі ішло абранне прэм’ер-міністра.

    Аляксандр Баразенка:

    — Гэта другая рэвалюцыя за апошнія гады, якую можна назваць «рэвалюцыяй стрымаў» — настолькі вялікая моц трансляцый праз сацыяльныя сеткі. Напрыклад, пры мне нейкі хлопец пачынаў трансляцыю ў Face­book, і да яго набягалі адразу некалькі соцень гледачоў.

    Вельмі шмат людзей сачылі за акцыямі ў сацсетках. Бо акцыі цэлы дзень праходзілі па горадзе і, зразумела, што людзі не маглі ўвесь час удзельнічаць у шэсцях. Людзі сустракалі калону каля сваёй працы, выходзілі, а потым працягвалі займацца сваімі справамі і паралельна глядзець трансляцыю ў Face­book.

    Такой нагрузкі на мабільныя сеткі я не бачыў ніколі. Нават на Майдане ў Кіеве у сетцы 3G было прасцей злавіць інтэрнэт, чым у Ерэване ў сетцы LTE. Такое адчуванне, што са 150 тысяч прыстуных 50 тысяч былі стрымерамі.

     

    Праца журналіста ў незнаёмай краіне

    Аляксандр Баразенка. Каб найбольш эфектыўна працаваць у незнаёмай краіне, трэба ад самага пачатку ўсё планаваць. Зразумела, што на сто адсоткаў усё не заплануеш, але трэба намагацца ўсё зрабіць максімальна. Яшчэ ў самалёце трэба шукаць мясцовых журналістаў — кантакты людзей, якія могуць дапамагчы табе ў краіне.

    У Арменіі з гэтым не было аніякіх праблемаў. Калі ёсць магчымасць — шукайце мясцовага фіксера. Жытло трэба шукаць не ўключаючы рэжым эканомнага беларуса. Гэта важна, бо мы знайшлі на Booking.com нейкі недарагі гатэль, забраніравалі яго. А аказалася, што па гэтым адрасе на Booking.com зарэгістраваныя яшчэ тры гатэлі. Мы прыходзім з плошчы з усімі рэчамі, шукаем гатэль “Міні”, а замест яго гатэль “Арарат” і нас там ніхто не чакае.

    Што да бяспекі, то варта быць уважлівым, ніколі не лезці на ражон, бо ты ў чужой краіне.

    Што тычыцца стаўлення да журналістаў, то яно было вельмі пазітыўнае. Я нават упершыню ў сваім жыцці разбіраў барыкады. Мы ехалі на каментар да эксперта, частка пратэстуючых пагадзілася нас прапусціць, а другая частка — не. Давялося проста выйсці з таксоўкі, паказаць бэйдж “Прэса” і рассунуць гэтыя барыкады, каб мы маглі праехаць.

    Хоць трэба сказаць, што некалькі разоў нам, як беларусам, людзі выказвалі прэтэнзіі за продаж Беларуссю зброі Азербайджану, і за выдачу Баку армянскага блогера Лапшына. Але было і некалькі выпадкаў, калі нам казалі: “Беларусы, змагайцеся, вы ж там таксама супраць Лукашэнкі!”.

    Юрась Карманаў:

    — Самае галоўнае, загадзя шукаць кантакты, і найперш — журналісцкія. Армяне вельмі адкрытыя людзі, таму праблем з кантактамі ў нас не было. Але ў нас была іншая праблема.

    У нас ёсць калега ў Арменіі — Авед. Ён са старой партыйнай школы, яму 65 гадоў. Канешне, ён размаўляе па-армянску. І калі мы паехалі па вёсках, ён пачаў з мясцовымі размаўляць у стылі: “Што ты мне расказваеш, што ты бедны? Бачу, які ты бедны!”

    Мы заўважылі, што людзі проста перастаюць размаўляць з намі. І калі я для тэксту магу яшчэ нейкую цытату вычапіць, то для відэа гэта зусім не падыходзіць, бо жанчыны з вёскі проста замыкаюцца, калі бачаць Аведа.

    Да таго ж Авед перакладае людзей сінхронна, што для відэа зноў зусім не падыходзіць. Тады мы папрасілі Аведа пайсці па нейкай справе ды паклікалі нашага кіроўцу. Мы папрасілі кіроўцу, каб ён перакладаў, толькі не падчас гутаркі, а пазней. А падчас гутаркі толькі перакладаў армянам нашы пытанні. Так мы і працавалі, праўда, адзін смешны момант усё ж здарыўся.

    Мы знайшлі ў вёсцы бабулю, яна завяла нас у хлеў: там былі карова, трусікі, цудоўнае святло. Наш аператар кажа, што вельмі прыгожая карцінка, проста Рэмбрант: жоўтае святло з хлява, белае дзённае святло збоку, жывёлы, сена. І яна так пранікнёна гаворыць па-армянску. Аператар хацеў узяць у матэрыял менавіта гэты фрагмент запісу.

    Ужо падчас мантажа высветлілася, што жанчына расказвала, як ёй цудоўна жылося ў Савецкім саюзе, якія добрыя былі калгасы.

    Таму, канешне, у чужой краіне, важна, каб нехта табе перакладаў. Хоць часам мы прасілі простых мясцовых людзей нам перакладаць на плошчы, калі Авед не паспяваў, а Пашынян ужо пачаў выступаць. Людзі заўсёды добразычліва ставіліся і дапамагалі нам.

    Сяргей Гапон. У мяне таксама адзін смешны момант здарыўся. Падчас акцыі, якую я здымаў, папрасіў мясцовых крыху расказаць мне па-руску, што адбываецца на акцыі. А яны ў адказ: “Што адбываецца? Рэвалюцыя адбываецца”…

    Антон Трафімовіч. У Арменіі ў нас вялікая служба “Радыё Свабода”. Натуральна, што я прыйшоў да сваіх за кантактамі і гэтак далей, а яны мне адразу прынеслі стол. Сказалі: “Вось тут у нас сядзяць грузіны, тут — амерыканцы, беларусам мы таксама знойдзем месца для працы”. Так што калегі ставіліся вельмі добразычліва. Што да перасоўвання падчас пратэстаў, то мы арандавалі ровары і такім чынам маглі трапіць у любое месца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці