• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты заклікалі прэзідэнта Польшчы ўзняць тэму палітзняволеных калег падчас сустрэчы з Трампам

    Прадстаўнікі беларускіх і польскіх медыяў звярнуліся да прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага напярэдадні ягонага візіту ў ЗША з просьбай узняць тэму вызвалення Анджэя Пачобута і 11 журналістаў тэлеканала «Белсат», якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. 

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун

    Ліст на адрас Караля Наўроцкага быў накіраваны 1 верасня галоўнай рэдактаркай «Белсат TV» Алінай Коўшык.

    «Шаноўны спадар Прэзідэнт. Мы, ніжэй падпісаныя журналісты з Польшчы і Беларусі, звяртаемся да Вас з заклікам, які лічым нашым маральным абавязкам. Просім Вас падчас будучай размовы з Прэзідэнтам Злучаных Штатаў Дональдам Трампам узняць пытанне аб вызваленні Анджэя Пачобута і адзінаццаці журналістаў тэлеканала «Белсат», якія дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

    Анджэй Пачобут – журналіст, актывіст Саюза палякаў у Беларусі, чалавек велізарнай адвагі і сумленнасці – з’яўляецца сімвалам барацьбы за свабоду слова і правы польскай меншасці ў нашым рэгіёне. Ён таксама гарачы патрыёт, адданы Польшчы і сваёй малой радзіме – Гарадзеншчыне. Улады ў Менску кінулі яго за краты за тое, што ён казаў і пісаў праўду пра складаную гісторыю польскіх крэсаў і рэгіёна. Яго абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці і экстрэмізме, хаця ён займаўся гісторыяй і пісаў, між іншага, пра лёсы Арміі Краёвай на Гарадзеншчыне і пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе. Падобны лёс напаткаў адзінаццаць нашых калегаў з «Белсату», якія за сваю сумленную журналісцкую працу былі змешчаныя ў беларускія турмы.

    «Белсат», створаны 18 гадоў таму менавіта ў Польшчы, з самага пачатку свайго існавання быў голасам праўды, свабоды і годнасці для мільёнаў беларусаў, пазбаўленых доступу да незалежных СМІ ў сваёй краіне. Нашы зняволеныя супрацоўнікі не здзейснілі ніякага злачынства – яны дакументавалі рэпрэсіі, паказвалі мірныя пратэсты, давалі слова тым, каго ўлада імкнулася прымусіць замаўчаць. За камерай, мікрафонам ці камп’ютарам яны выконвалі тую ж працу, якую выконваюць журналісты ва ўсім свеце: сумленна інфармавалі. Іхная адзіная «віна» ў тым, што яны не паддаліся цэнзуры і хлусні прапаганды.

    Многія з іх праводзяць доўгія месяцы ў ізаляцыі, у цяжкіх умовах, без магчымасці кантакту з сем’ямі. Яны пазбаўленыя права на абарону, доступу да лекараў і падтрымкі блізкіх. Кожны новы дзень у зняволенні – гэта для іх пакуты, але таксама драма для іхных сем’яў і ўсяго журналісцкага асяроддзя.

    Гэтая сітуацыя з’яўляецца не толькі асабістай і сямейнай трагедыяй зняволеных, але і ўдарам па фундаментах дэмакратыі, якія Польшча – як сусед і сябра свабоднай Беларусі – мае маральны абавязак падтрымліваць. Сумесны голас Польшчы і Злучаных Штатаў у гэтай справе мог бы стаць важным жэстам салідарнасці і падтрымкі, так неабходнай сёння беларускай грамадзянскай супольнасці.

    Паважаны спадар Прэзідэнт, мы верым, што Вы ўзнімеце гэтую тэму з належнай сілай і рашучасцю. Мы таксама верым, што голас Польшчы – краіны, якая так добра ведае цану свабоды, – прагучыць гучна і адназначна ў абарону зняволеных журналістаў», – гаворыцца ў лісце. 

    Свае подпісы пад лістом паставілі вядомыя журналісты беларускіх і польскіх медыяў: галоўная рэдактарка «Bel­sat TV» Аліна Коўшык, галоўны рэдактар партала Belsat.pl Міхал Кацэвіч, журналістка «Kanał Zero» Арлета Бойке, галоўны рэдактар тэлеканала «wPolsce24» Яцэк Карноўскі, галоўны рэдактар «Kry­ty­ki Poli­ty­cznej» Славамір Серакоўскі, былая дырэктарка «Bel­sat TV» Агнешка Рамашэўская, галоўны рэдактар выдання «Новы час» Сяргей Пульша, галоўны рэдактар партала «BGme­dia» Віктар Марчук, намеснік дырэктара «Pol­skiego Radia dla Zagrani­cy» Пётр Пагажэльскі, журналістка «Kanał Zero» Ёана Пінкварт, галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, журналістка «TOK FM» Агнешка Ліхнеровіч, сузаснавальнік «Buro Media» Аляксандр Ярашэвіч, дырэктарка партала «Наша Ніва» Настасся Роўда, журналістка «Kanał Zero» Марыя Стэпан, заснавальнік «Беларускага расследавальніцкага цэнтру» Станіслаў Івашкевіч.

    Спіс падпісантаў павялічваецца.

    Вядома, што афіцыйная працоўная сустрэча польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага і Доналда Трампа мусіць адбыцца ў Белым доме 3 верасня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці