• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зміцер Галко: за астатнія гады жахлівай вайны я стаў сурвівалістам

    У праекце «Жыццё з нуля» Радыё Рацыя расказвае гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё з пачатку і засвойваць новыя прафесіі. Герой чарговага выпуску вайсковы карэспандэнт Зміцер Галко.

    Працаваў таксама рэпарцёрам і рэдактарам. Скончыў факультэт філасофіі ЕГУ. Пераехаў у Польшчу ў кастрычніку 2023 года. Да гэтага, у 2018 годзе, ён з прычын палітычнага пераследу з’ехаў з Беларусі ва Украіну. А з 2014 года, як кажа Зміцер, жыў на дзве краіны – Беларусь і Украіну. Цяпер Зміцер працуе з коньмі.

    вайсковы карэспандэнт Зміцер Галко зараз працуе з коньмі

    Зміцер Галко з жонкай пераехаў з Украіны ў Польшчу напрыканцы 2023 года. Журналіст свой ад’езд патлумачыў тым, што ва Украіне было заблакаванае нармальнае функцыянаванне:

    — Мы з 2021 года чакалі статусу бежанцаў і не атрымлівалі яго. Таксама былі заблакаваныя банкаўскія карткі. Але гэта не толькі нам, індывідуальна, а ўсім беларусам. Да таго ж заканчваліся тэрміны дзеяння пашпартоў. Мы ўсяляк намагаліся вырашыць гэтую праблему. У тым ліку ўладкавацца ў ЗСУ. Уласна кажучы, гэта стала апошняй кропляй, што мы не змаглі гэтага зрабіць.

    Гэта ўвогуле троху абсурдна нават, бо шмат людзей уцякае ад гэтага, а мы туды ішлі самі, а ў нас не атрымалася проста праз бюракратыю. Фактычна не было магчымасці працаваць афіцыйна.

    Апошняя мая праца была ва ўрадавым аналітычным цэнтры “Цэнтр стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі”. Я працаваў там да канца 2022 года. Да гэтага ніхто там не прасіў дакументаў, я па-шэраму працаваў. Хоць мяне афіцыйна прадстаўлялі, у тым ліку, розным амбасадарам. А тут раптам спатрэбілася афіцыйная рэгістрацыя. То бок немагчыма стала жыць і працаваць без статусу ўцекачоў. У нас быў вымушаны ад’езд. Мы не ўцякалі ад вайны. Калі б мы збіраліся з’язджаць, то зрабілі б гэта, як бальшыня, у лютым 2022 года.

    Пасля патрабавання прадставіць афіцыйную рэгістрацыю на працу, Змітру давялося развітацца з цэнтрам, і ён вярнуўся ў журналістыку.

    Апошнія месяцы да ад’езду з Украіны Зміцер ездзіў па ўсёй Украіне. Ён разам з жонкай надоўга заставаліся ў Харкаве, Мікалаеве, Херсоне, прычым часта за паўтара кіламетры ад расейскіх пазіцый. Часта сям’і даводзілася жыць пад пастаянным абстрэлам. Але базавым месцам жыхарства ў Змітра быў Кіеў.

    Пра Польшчу, куды давялося пераехаць, Зміцер ведаў мала:

    – Як ні дзіўна, я вельмі мала ведаў пра Польшчу. Нашмат болей я ведаў, напрыклад, пра Вялікабрытанію ці пра ЗША, а вось пра суседзяў ведаў мала. Неяк у нас так склалася, можа, праз імперскую мадэль успрымання рэчаіснасці і пабудаваную з дзяцінства інфармацыйную прастору. Я не з Заходняй Беларусі, таму пра Польшчу ведаў мала.

    Польшча была адзінай краінай, куды мог выехаць Зміцер. Як патлумачыў журналіст, калі б ён меў нейкі статус ці часовы від на жыхарства, то пасля 24 лютага 2022 года мог бы ехаць у кожную краіну свету. Аднак у яго аніякага статусу ці ВНЖ не было, таму ён з жонкай разглядаўся амаль як нелегалы. Абіраць краіну яны не маглі. І для выезду застаўся адзіны варыянт, улічваючы, што ў Беларусь ён не мог вярнуцца. Таму давялося на мяжы прасіць прытулку. Акрамя таго, у Польшчы ў Змітра жыве сын, маецца шмат сяброў.

    Фіксер у ваенным рэпартажы. Што самае страшнае і найбольш цікавае для замежных журналістаў на вайне — гутарка са Змітром Галко. ВІДЭА

    Зміцер распавёў, што было складаным для яго ў адаптацыі:

    — Нечакана досыць высокім выявіўся моўны бар’ер. Мне падавалася, што яго папросту не будзе. Цяпер ён для мяне ў пэўным сэнсе ўжо пераадолены. Я прынамсі, 100% таго, што чую, разумею. І досыць шмат ужо магу адказаць, калі трэба.

    Шмат што тут не так: атмасфера, тып людзей і нават надвор’е. А яшчэ дарагая арэндная плата за кватэру, асабліва пасля Украіны быў нават шок, настолькі яна вялікая.

    Цяпер Зміцер з жонкай жыве ў Вялікапольскім ваяводстве. Жыве там, дзе працуе. “Мы жывем, можна сказаць, на канюшні”, — жартуе Зміцер.

    А спачатку ён жыў у сына пад Варшавай. Потым тры месяцы ў Познані ў сяброў. А потым паўгода здымалі кватэру. “Гэта было цяжка. На ўкраінскія грошы мы аддавалі 30 тысяч грывен за кватэру. За такія грошы ў Кіеве можна жыць у цэнтры на Хрышчаціку.” — згадвае Зміцер.

    Калі пераехаў у Польшчу, Зміцер не адразу пачаў працаваць з коньмі.

    — Спачатку ў мяне была дыстанцыйная праца. Гэта яна мяне часткова выштурхнула сюды, на прыроду. Бо яна была вельмі таксічнай. Яна была звязаная з маніторынгам беларускай прапаганды. І гэта было настолькі агідна, настолькі таксічна, настолькі псіхалагічна цяжка, што мне захацела назаўжды ўцячы з інфармацыйная прасторы. Паўгода цягнулася гэтая праца. І гэта было немагчыма.— распавёў журналіст.

    Зміцер Галко кажа, што заўжды марыў быць фермерам і працаваць на прыродзе. І нават сямейная рэліквія, якую з сабой возіць Зміцер, — гэта падкова ад прадзеда Васіля:

    — Мой дзед, напрыклад, заўжды хацеў мець каня, а ў Савецкім Саюзе прыватныя коні былі забароненыя. І толькі перад смерцю, у дзевяностыя, бацька купіў майму дзеду каня.

    Зміцер мэтна шукаў занятак, звязаны з коньмі. Ёсць нават спецыялізаваныя групы для пошуку такой працы. Новая праца Змітру падабаецца, хоць яна і выявілася цяжэйшая, чым думалася: “Выйшаў з дому, тут у цябе ставок, вада, чаплі лятаюць, буслы, яноты бегаюць, алені, коні, лясы, палі, далягляды”.

    Зміцер распавёў пра яшчэ адзін фактар, які падштурхнуў яго абраць менавіта гэтую працу:

    — Як чалавек, які быў непасрэдным сведкам вайны на працягу 10 гадоў, а астатнія 2 гады жахлівай вайны, я стаў такім сурвівалістам (людзі, якія актыўна рыхтуюцца да надзвычайных сітуацый — заўв. рэд.). Я бункер сабе не будую. Але…

    Ведаеце, калі людзі вайну ўспрымаюць праз навіны, то гэта для іх нешта са свету эмоцый, маралі, яшчэ чагосьці нематэрыяльнага. А калі ты там знаходзішся, ты разумееш, што гэта ў першую чаргу фізіка, калі трэба паспець уцячы ці схавацца.

    І паколькі я даволі песімістычна гляджу на развіццё падзей і думаю, што найгоршае наперадзе, я бы хацеў да гэтага быць фізічна лепей гатовы. Таму вырашыў ад нематэрыяльнай працы перайсці да фізічнай. Менавіта таму, каб быць з фізічным светам на ты.

    Цяперашняя праца ў Змітра пачынаецца з кармлення коней. Потым трэба надзець адмысловае адзенне на тых, хто яго носіць. Зміцер прызнаецца, што ў яго напачатку дрыжалі рукі: “Ты заходзіш да вялікай жывой істоты, якая троху нагадвае цмока. Тут рэальна вялікія коні. І гэтыя істоты дыхаюць, варушацца, нагой тупаюць. І ты думаеш, як бы табе зараз не прыляцела па ілбе. Бо калі трэба боты надзець, то знаходзішся проста пад нагамі каня.”

    Журналіст Зміцер Галко: «На Кіеўшчыне мы двойчы праехалі па міне, але яна не выбухнула»

    У стайнях, дзе працуе Зміцер, знаходзяцца спартовыя коні. Сярод іх і старыя, ад якіх не адмовіліся гаспадары. На стайні налічваецца прыкладна 56 коней. Зміцер пакуль працуе без выходных, бо інакш атрымаецца зусім малы заробак. Праца — не самая прывабная, бо яна цяжкая і кепска аплачваецца. Таму людзей на стайні не хапае. Аднак Зміцер атрымлівае ад яе тое, што яму патрэбна на дадзены момант: фізічнае загартаванне, знаходжанне на прыродзе і псіхатэрапію.

    Праца заключаецца ў кармленні, адзяванні, прагулцы і суправаджэнні коней па індывідуальных месцах, так званых кватэрах. Пасля гэтага неабходна на стайнях прыбрацца. Прыбіранне стайняў — фізічна цяжкая праца, але нескладаная. Бо з самімі коньмі ёсць шмат нюансаў, гаворыць Зміцер: “У мяне і ўцякалі коні. І калі памыліўся і не туды паставіў, то коні могуць сарвацца і ўсё паламаць. І трэба характары коней ведаць: хто як, хто дзе і хто што.” Пасля прыбірання стайняў частку коней заводзяць у боксы, частку вядуць на трэніроўкі.

    Па журналістыцы Зміцер пакуль не сумуе. Але не лічыць гэта перагорнутай старонкай. У Беларусь ён бы хацеў вярнуцца, калі гэта будзе адносна бяспечна. І хацеў бы, калі пачнуцца перамены, удзельнічаць у жыцці краіны. Можа быць, нават балатавацца ў дэпутаты. “Я хацеў бы актыўна ўдзельнічаць у перабудове краіны, бо гэта мая радзіма і мы нясе за яе адказнасць”, — падсумаваў Зміцер Галко.

    На дадзены момант Змітру і ягонай жонцы неабходная дапамога, у тым ліку на лекі. Падтрымаць яго можна тут:

    На картку: 69 1020 4027 0000 1802 1959 2505 (PKO Bank, Dzmit­ry Halko)

    Або за нумарам тэлефону: +48 734 707 487

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці