• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Леанід Судаленка: “Супраць мяне праводзілася спецаперацыя па дыскрэдытацыі”

    Гомельскае абласное ўпраўленнне Следчага камітэта вярнула мясцоваму праваабаронцу, сябру ГА “БАЖ” Леаніду Судаленку ўсе камп’ютары, забраныя ў красавіку падчас ператрусу ў звязку з крымінальнай справай пра распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.

    Правабаронца перакананы, што супраць яго ладзілася спецаперацыя па дыскрэдытацыі.


    На здымку: Леанід Судаленка

    – Леанід, наколькі вядома, камп’ютары падчас ператрусу ў Вас дома і ў офісе міліцыя забірала, каб праверыць, ці распаўсюджвалася з Вашай электроннай скрыні нейкая “непатрэбшчына”. І да якой высновы прыйшло следства? 

    Напярэдадні следчы, падпалкоўнік юстыцыі Юрый Зенчанка сам выклікаў мяне  і калег з грамадска-палітычнага цэнтра, дзе я маю працоўнае месца, каб вярнуць усе шэсць камп’ютараў, забраных у красавіку падчас ператрусу ў мяне дома, а таксама ў офісе на вуліцы Палескай. Следчы паведаміў, што экспертыза скончылася. Ніводзін з шасці кампутараў не мае дачынення да злачынства. Парнаграфіі ў іх не знайшлі, ніякія парнаграфічныя матэрыялы з іх нікуды не накіроўваліся, то бок яны не з’яўляюцца рэчавымі доказамі ў крымінальнай справе. 

    – Нагадайце, а чаго гэта міліцыя рабіла ператрус у вас дома і на працоўным месцы?

    – Мінула акурат тры месяцы з моманту распачатай у Гомелі крымінальнай справы па факце распаўсюду парнаграфіі з маёй узламанай электроннай скрыні sudalenko@mail.ru  і з IP-адрасу рэгіянальнага аддзялення РГА “Прававая ініцыятыва” – арганізацыі, якую я ачольваю.

    Следчы камітэт цягам мінулых трох месяцаў выклікаў на допыты ў якасці сведак мяне і ўсіх супрацоўнікаў офісу. Я сам перадаў следчаму матэрыялы перапіскі з тэхнічнай службай гэтага расійскага паштовага сервера, бо яшчэ ў студзені маю паштовую скрыню на mail.ru ўзламалі. Мне ўдалося аднавіць яе, але праз тыдзень яе зноў узламалі, і я страціў да яе ўсялякі інтарэс, перастаў кантраляваць. Проста  перайшоў на больш надзейны паштовы сервер.

    Але, як бачу, зламыснікі дзейнічалі мэтанакіравана, бо 6 сакавіка з маёй узламанай скрыні зрабілі рассылку парнаграфічных матэрыялаў – у падатковую інспекцыю Савецкага раёна Гомеля і ва ўпраўленне Следчага камітэта. Нібыта напярэдадні свята 8 сакавіка я парнаграфічным ролікам віншаваў жанчын гэтых дзвюх дзяржаўных установаў. Мяркую, што адрасы выбраныя невыпадкова. У Савецкім раёне я жыву – значыць, каб у мяне дома правесці ператрус.  А ўправа Следчага камітэта выбраная дзеля таго, каб адразу  крымінальную справу завялі.

    – Але ж справу завялі не супраць Вас асабіста?

    Не, не супраць мяне асабіста, як памылкова пісалі некаторыя СМІ, а па факце распаўсюду парнаграфіі праз інтэрнэт. Проста ўсе “стрэлкі” пераведзеныя былі на мяне. І абвінавачванне, калі б не ўдалося адбіцца, было б даволі сур’ёзнае: частка 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса — распаўсюд парнаграфіі з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт. Санкцыі паводле артыкула – не ўмоўны тэрмін пакарання,  а рэальнае пазбаўленне волі – ад 2 да 4 гадоў.

    – Крымінальную справу прыпынілі ці наогул закрылі?

    –Следчы патлумачыў, што цяпер я ніякім бокам да яе дачынення не маю, таму мне і не абавязкова ўсё ведаць. На маю думку, яе прыпынілі да атрымання запыту ад тэхнічнай службы расійскага сервера mail.ru, а пасля ціха спішуць у архіў – як  “глушца”.

    – А ці ёсць у Вас прэтэнзіі да стану камп’ютараў, якія забіралі на экспертызу, а цяпер вярнулі назад?

    – Усе камп’ютары вярнулі спраўнымі, у тым ліку і мае два асабістыя – ноўтбук і сістэмны блок стацыянарнага камп’ютара. Яны прыдатныя для працы. Але мы будзем іх правяраць, усё-такі тры месяцы былі ў чужых руках – ці  мала чаго маглі туды напіхаць? Магчыма, і не ўсе будзем выкарыстоўваць.

    – Як лічыце, вось гэтая спроба падвесці пад крымінальны артыкул учынялася з мэтай дыскрэдытаваць Вас як грамадскага актывіста, праваабаронцу?

    Я ўпэўнены, што прыкладна год таму супраць мяне была распачатая так званая спецапэрацыя. І адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як я стаў займацца справай Аляксандра Грунова – гамельчука, якому вынеслі смяротнае пакаранне, а пасля і расстралялі. Я аказваў яму дапамогу, зарэгістраваў ад яго імя скаргу ў Камітэце ААН па правах чалавека. Калі яго расстралялі, Камітэт ААН двойчы дасылаў беларускаму ўраду паведамленні, што ўсё адно будзе разглядаць скаргу. А да гэтага накіроўваў патрабаванне не выконваць прысуду, пакуль скаргу не разгледзяць па сутнасці. Дапамагаў і маці Грунова звяртацца ў розныя інстанцыі, каб рассакрэцілі хоць бы месца пахавання расстралянага сына.

    Ад таго часу і пачаліся ў мяне непрыемнасці, якіх раней не было. Заўважу: я не вяду гаспадарчай дзейнасці, не займаюся бізнесам, не маю нейкіх даўгоў па пазыках. У мяне няма ворагаў. І тут яны нечакана з’явіліся. Адзін гомельскі сайт сумнеўнага паходжання, які піша ўсякую ўсячыну пра мясцовых палітыкаў ды актывістаў, цягам года прысвяціў асабіста мне 11 артыкулаў. Потым скаціўся да банальнага запалохвання забойствам мяне і маіх дзяцей. Я з гэтай прычыны звяртаўся ў праваахоўныя органы, каб знайшлі тых, хто гэта робіць. Прасіў адшукаць рэдакцыю сайта ці адміністратара і прыцягнуць да адказнасці за такія запалохванні. І тут яшчэ больш усё закруцілася, завярцелася.  

    Быў я акурат у Швецыі па запрашэнні тамтэйшых праваабаронцаў,  калі дадому прыйшла міліцыя рабіць ператрус. Жонка і сын у адчаі, паведамляюць, што прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія займаюцца наркакантролем. У мяне мурашкі па скуры: сына у войска збіраюць, а тут нейкія наркотыкі, парнаграфія. Я разумею, што нічым такім ні я, ні мае дзеці не займаюцца, але створаная сітуацыя мяне вельмі напружвала. Цяпер я ўсведамляю, што гэта быў працяг спецаперацыі, распачатай раней супраць мяне асабіста.

    – Каму спатрэбілася супраць праваабронцы распачынаць нейкія дзеянні, а тым больш – цэлую спецаперацыю?

    – Я ўпэўнены, што гэта робяць беларускія спецслужбы. Цяжка толькі сказаць, у якім кабінеце яны знаходзяцца. Зараз гэтых спецслужбаў вельмі багата, і не абавязкова гэта мог быць КДБ. Яны дзейнічаюць цішком, выкарыстоўваючы міліцыю, інтэрнэт-рэсурсы. І ўсё ім ані ў знак. Які ж узровень тут задзейнічаны, калі міліцыя з аддзелам раскрыцця злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій не можа даведацца, хто праз сайт узводзіць паклёп і запалохвае?

    Я аналізаваў тое, што пра мяне пісалі. Толькі сяду на ровар, прыеду на працу – яны пішуць пра ровар. Купіў учора ў краме “Гіпа” віскі – сёння пішуць пра віскі. Паехаў у вёску – пішуць, што я ў вёсцы. Паехаў за мяжу – пішуць, што за мяжой. Відавочна: альбо праслухоўвалі мой мабільны тэлефон, альбо нават сачылі. Усё гэта і дае падставы меркаваць, што супраць мяне вялася нейкая спецаперацыя.

    Ці такі факт. У пяць гадзін раніцы 28 лютага, пасля таго, як у Маскве быў забіты  апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў, на маю электронную пошту прыходзіць паведамленне нібыта са скрыні майго пяцігадовага сына Мікіты з актыўнай спасылкай відэа на ютубе – з месца забойства. І пытанне: “Як табе відэа?” Я расцаніў гэта як чарговае запалохванне мяне і маёй сям’і, звярнуўся  ў пракуратуру. На жаль, і гарадская, і абласная пракуратура адмовіліся шукаць тых, хто ствараў вакол мяне атмасферу страху.

    Можна дадаць, што на мяжы, калі я ехаў машынай, мяне надзвычай пільна даглядалі – ці ні мудрэй за якога гангстэра, экстрэміста ці кіраўніка мафіі. Не хапала толькі кайданкоў на руках. Забралі раздрукоўку з праваабарончага форуму і ноўтбук, каб зрабіць экспертызу (як было заяўлена – на прадмет знаходжання ў ім нейкіх экстрэмісцкіх  матэрыялаў). Ну, і зусім нядаўна падатковая інспекцыя запатрабавала ад мяне дэкларацыю пра прыбыткі і маёмасць за мінулыя тры гады, хаця ніякіх буйных пакупак за гэты час я не рабіў.  Думаю, што гэта ўсё звёны аднаго ланцуга.

    – Вы – праваабаронца. А ці заступіўся нехта за Вас у такой складанай сітуацыі?

    – У маю падтрымку выступілі многія беларускія праваабаронцы – каля трох дзесяткаў, у тым ліку і Алесь Бяляцкі. Дзякуй усім! Замежныя партнёрскія арганізацыі таксама падтрымлівалі мяне – накіроўвалі лісты генеральнаму пракурору, у розныя ўрадавыя структуры, каб спынілі ўціск, пакінулі ў спакоі. Разумею: займаючыся праваабарончай дзейнасцю, трэба быць надзвычай пільным. Думаю, што не ўсім падабаецца тое, чым я займаюся, і асабліва мае стасункі з Камітэтам ААН правах чалавека. Дастаткова сказаць, што са 180 індывідуальных скаргаў, якія паступілі з Беларусі ў Камітэт ААН, у мяне на камунікацыі з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай структурай звыш паўсотні паведамленняў беларускіх грамадзянаў, інтарэсы якіх я прадстаўляю. 

    На жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мяняецца істотна ў лепшы бок. На падыходзе чарговыя прэзідэнцкія выбары, а былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч усё яшчэ за кратамі. І не толькі ён адзін, а і іншыя палітвязні. Уладныя чыноўнікі гэтага нібы і не заўважаюць –  заўважаюць найперш праваабаронцаў, якія нагадваюць, што правы людзей у Беларусі парушаюцца.

    Даведка. Леанід Судаленка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Брагінскім раёне. Па адукацыі – юрыст-правазнаўца. Бацька чатырох сыноў. Працаваў юрысконсультам у ААТ “Локан”, узначальваў юрыдычную службу абласнога ўпраўлення “Белтрансгаз”. Цяпер – рэгіянальны прававы інспектар Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП, кіраўнік цэнтра “Стратэгічнай цяжбы”. З’яўляецца сябрам ГА “БАЖ” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 

    Двойчы вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты парламента па Хойніцкай выбарчай акрузе. Першы раз Цэнтрвыбаркам з надуманых прычынаў не зарэгістраваў яго кандыдатам, а Камітэт ААН, разгледзеўшы скаргу, прызнаў, што яго канстытуцыйныя правы былі парушаныя. Другі раз сам зняўся з выбараў супольна з іншымі кандыдатамі ад АГП – на знак пратэсту, што выбары ў Беларусі  не дэмакратычныя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці