• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Агулам было каля ста гадзін сырога матэрыялу». Як здымалі дакфільм «Радзіма», што прэтэндуе на Еўраоскар

    Дакументальная кінастужка «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка пра гвалт у беларускім войску, гвалт у грамадстве, вывучаную бездапаможнасць, няўменне браць кіраванне лёсам у свае рукі (гэты спіс наратываў кожны можна дапоўніць пасля прагляду) паспяхова гастралюе па еўрапейскіх фестывалях. Дарэчы, ужо сёння, 9 снежня, будзе вядома, ці фільм атрымае прэстыжную прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі — стужка ў шорт-лісце.

    БАЖ паразмаўляў з аўтарамі пра адказнасць творцы і героя, шанцы захаваць сябе ў прафесіі.

    Для беларусаў, якія з’ехалі, фільм будзе цікава паглядзець, каб параўнаць свае адчуванні праз час, калі вока «размылілася» ад беларускай рэчаіснасці. І трэба сказаць, шмат што з перспектывы часу бачыцца інакш. Разам з тым многае па-ранейшаму торгае за балючае — некаторыя беларусы плачуць падчас прагляду. Пра гэта кажуць рэжысёры, гэта мела месца і падчас сеанса ў Варшаве, дзе фільм паказваюць у межах фестывалю праваабарончага кіно WATCH DOCS.

    «Ёсць дзве перспектывы: асабістая і агулам беларускай журналістыкі»

    —  Адзін з вядомых фотажурналістаў Беларусі Вадзім Заміроўскі, разважаючы пра лёс фотарэпарцёраў у эміграцыі, кажа, што перспектывы захавання людзей і нават прафесіі надзвычай туманныя: «Калі так пойдзе далей, то мы можам страціць нават такія паняцці, як беларуская фатаграфія, беларуская школа». Кранаючы сферу дакументальнага кіно, цяпер ідуць паказы стужак, якія былі адзнятыя яшчэ ў Беларусі. Але цяпер нават знаходзіцца бяпечна ў краіне шмат хто не можа, не тое што здымаць там, працаваць. Як вы бачыце будучыню журналістаў, дакументальных рэжысёраў у такіх умовах?

    Ганна Бадзяка: Ёсць дзве перспектывы: асабістая і агулам беларускай журналістыкі, фатаграфіі. Людзі, якія выехалі, могуць застацца ў прафесіі, але адаптаваўшыся да іншых рэалій, бо ёсць страта сувязяў з Беларуссю. Што тычыцца беларускай журналістыкі, дакументалістыкі, то тут усё складана, бо мы адарваныя. Па стане на цяпер, калі казаць пра дакументальнае кіно, мы бачым апошнія працы, адзнятыя ў Беларусі.

    Частка іх яшчэ дамантоўваецца, але гэта рэальна апошнія дакументальныя сведчанні з краіны. Магчыма, нехта яшчэ будзе працаваць з архівамі. Цяпер для мяне гэтая сітуацыя пра відавочнае згасанне.

    Вялікая праблема для гэтых сфер у тым, што абрываецца перадача досведу. Выехала шмат прафесіяналаў,  і нават калі нехта і гатовы працаваць у такіх умовах унутры краіны, няма ў каго вучыцца. Усё стала вельмі небяспечным.

    Наш фільм можна было зняць, хай і ў няпростых умовах. Але не думаю, што гэта было б магчыма цяпер.

    Аляксандр Міхалковіч: На гэта ўсё трэба глядзець і праз каланіяльную оптыку. Калі я здымаў свой папярэдні фільм «Мая бабуля з Марса», то заўважыў, што няма міждысцыплінарнай сувязі, камунікацыі паміж рознымі сферамі мастацтва. Таксама ў нас няма інтэграцыі ў міжнародную супольнасць. З‑за гэтага людзі варацца ў сваім катле, хоць ёсць розныя мастацкія метады — як працаваць з архівамі, з матэрыяламі, якія прадукуе дзяржава. Альбо ўзяць метадалогію Віталя Манскага: ён здымаў у Паўночнай Карэі фільм «У промнях сонца» паводле ўзгодненага з уладамі сцэнару, але зрабіў і паралельныя здымкі, якія пасля змантаваў і праз рэфлексію паказаў сапраўдны свет Паўночнай Карэі.

    Гэта цяжкая сітуацыя, але арганізавалася Беларуская незалежная кінаакадэмія, што дае надзею, бо ў індустрыі кіно шмат што завязана на фінансаванне.

    «У любым грамадстве ёсць шмат тэмаў табу»

    — Як мяркуеце, ці можна якасна зрабіць дакументальную стужку на «чужой тэме», умоўна, вы едзеце ў польскія Татры і ствараеце глыбокі фільм толькі з павярхоўнымі ведамі?

    Ганна: Вельмі індывідуальнае пытанне. Я ведаю людзей, якія працуюць у розных краінах і робяць гэта паспяхова. Але для мяне асабіста важныя глыбіннае веданне культурнага, сацыяльнага кантэксту, мая ступень зануранасці ў гэты кантэкст.

    Аляксандр: Інтэграцыя — не заўсёды абавязковая ўмова. Мы гэта бачым і па ўкраінскай тэме: шмат заходніх рэжысёраў знялі добрае дакументальнае кіно. Напрыклад, стужкі шведскага рэжысёра Сімона Вільанта, які нават не размаўляе па-ўкраінску «Брэх сабак удалечыні» (The dis­tant bark­ing of dogs, 2017), «Дом са шчэпак» (A House Made of Splin­ters, 2022). У любым грамадстве ёсць шмат тэмаў табу. Напрыклад, калі вучыўся ў Бруселі, там адбыліся тэракты. Але ніхто на гэтую тэму нічога не рабіў. Мне падаецца, што ў тым жа польскім грамадстве шмат тэмаў, з якімі мог бы працаваць беларускі рэжысёр.

    Але ізноў паўстае пытанне фінансавання. Напрыклад, фільм Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа», які сустрэлі шквалам крытыкі. Наўрадці Польскі інстытут мастацтва кіно даў бы грошы на здымкі, калі б з такой ідэяй звярнуўся беларускі рэжысёр, які жыве ў Польшчы два-тры гады.

    — Сітуацыя татальнага пераследу ў Беларусі паставіла перад журналістамі, аўтарамі дакументальных фільмаў задачу захавання ананімнасці герояў. Ёсць тыя, хто імкнецца максімальна гэтага прытрымлівацца: блюраць твары, апублікаваны матэрыял не даступны з тэрыторыі Беларусі і г. д. Але ёсць і супрацьлеглыя меркаванні: людзі, якія выходзілі на пратэсты, мусілі разумець, што цана свабоды — не прыгожы марш, што ёсць свабода выказвання і гэтак далей.

    Ганна: Прынцып — не нашкодзіць, але і тут ёсць тонкая мяжа.

    Калі людзі самі хочуць выказацца, усведамляюць наступствы, ты не можаш займацца патэрналізмам, абмяжоўваць іх. У тым ліку з уласнага нежадання несці цяжар адказнасці. Нельга пазбаўляць людзей суб’ектнасці.

    Аляксандр: Калі выходзіш на пратэсты, потым бачыш, як раскручваецца махавік рэпрэсій, то разумееш, што аднойчы да цябе прыйдуць. Амбівалентная сітуацыя. І яна выкарыстоўваецца ўладамі, каб узмацніць ціск на незалежныя выказванні, каб невялікае кола фатографаў, творцаў маўчала.

    «Мэта была даследаваць гвалт у войску і як ён уплывае на краіну ў цэлым»

    — Вернемся да стужкі «Радзіма». Вы працавалі больш за чатыры гады. Раскажыце крыху пра кухню, відавочна, сюжэт, сцэнар былі змененыя ў працэсе.

    Аляксандр: Я меў досвед службы ў войску, у 2011 годзе мой фотаздымак увайшоў у спіс пераможцаў «Прэс-фота Беларусі», альбом быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У мяне была ідэя стварыць мастацкі твор, які можа неяк змяніць сітуацыю ў войску. У 2018-ым я напісаў сцэнар да гульнявога кіно. Потым зразумеў, што не змагу рэалізаваць гэтую ідэю. Пазней сталі публічнымі шэраг выпадкаў з гвалтам у войску, і я прыняў рашэнне пераключыцца на док, бо гэта прасцей рэалізаваць.

    Ганна: Мы не маглі прадугледзіць пратэсты, вайну ва Украіне. Мэта была — даследаваць гвалт у войску і як ён уплывае на краіну ў цэлым. А падзеі 2020-га ідэальна ўпісаліся ў нашую тэорыю. Гэты гвалт не можа не ўплываць, калі палова насельніцтва праходзіць праз гвалт у якасці ахвяр, а потым практыкуе яго. Ад пачатку мы недаацанілі, не думалі, што гісторыя з выбарамі — нашая. Але хутка зарыентаваліся, пачалі здымаць. Той гвалт, які адбываецца ў войску, выліўся на вуліцы краіны. Было зразумела, што гэта немагчыма ігнараваць, тым больш нашыя героі бралі ўдзел у пратэстах.

    Аляксандр: Калі стала вядома, як здзекаваліся на Акрэсціна, я адразу зразумеў, што гэта «дзедаўшчына», тая ж сістэма ломкі характару і персаналій. Напрыклад, прыём «стаяць на кабіне» — на каленях, рукі за спінаю, галава ў асфальт — малады салдат так можа стаяць гадзінамі (паводле сведчанняў затрыманых у 2020-ым, шмат дзе іх прымушалі гадзінамі знаходзіцца ў такой позе. — Рэд.). А для грамадства гэта стала імпульсам да нязгоды.

    Ёсць розныя тэорыя, як гвалт з’явіўся ў савецкім войску. Другая сусветная вайна, не хапала людзей, і прыцягвалі зняволеных. У прынцыпе гэта ж мы бачым цяпер у расійскім войску ва Украіне. Зняволеныя прынеслі гэтую культуру ў войска.

    У расійскім грамадстве гвалту нашмат больш, чым у беларускім.

    Там страшная талерантнасць да гвалту, памятаеце сітуацыю, калі Асечкін вывез відэаарахіў з расійскіх турмаў? Некалькі незалежных медыяў напісалі і ўсё, нікога гэта не ўразіла.

    Плюс высокі ўзровень шавінізму, я сам з гэтым сутыкаўся, калі паступаў у Расіі ва ўніверсітэт. У Беларусі ўсё ж існуе надзея на лепшае.

    — Як на працягу доўгага часу захоўваць веру, што ўрэшце дойдзеце да фінальнага выніку праекта?

    Аляксандр: Былі розныя перыяды, былі крызісы, былі моманты, калі матэрыял здаваўся аднолькавым і не ведалі, куды з ім ісці. Але аналізавалі, збіраліся з сіламі, падключалі спецыялістаў. Напрыклад, калі да нас прыйшла ўкраінская мантажорка, яна надала вялікі імпульс, бо прафесіянал сваёй справы.

    Агулам было каля ста гадзін сырога матэрыялу. Мы здымалі ў фармаце RAW на старую камеру Сanon. Максімальны хронаметраж на адной карце памяці ў 128 Гб — 20 хвілін. Бралі на здымкі пару карт, і гэта вельмі добрае абмежаванне. Бо не «паліваеш» усё, а імкнешся здымаць асэнсавана, прадбачыць момант.

    Ганна: Рабілі перадмантаж. Не было такога, што наздымалі і некуды склалі, не. Увесь час у працэсе, быў аналіз. І яшчэ ў мяне ёсць разуменне, што калі нешта пачаў, то мусіш скончыць.

    Я заўважыла, што асабіста ў мяне змянілася ацэнка часу. Калі праект займае чатыры гады, і падлічваеш колькі зробіш за сваё жыццё, то атрымліваецца, што не так і шмат.

    — Ганна, вы працавалі журналістам, разглядаеце варыянт вяртання?

    Ганна: Не выключаю такой магчымасці, бо з пачаткам вайны і экзістэнцыйным крызісам у мяне пэўны час было адчуванне, што ў журналістыцы больш сэнсу, чым мастацтве. Я бачу лагічныя дзеянні і да чаго яны прыводзяць. А сэнс у мастацтве на той момант быў не такім відавочным. Цяпер для мяне сітуацыя выглядае крыху інакш.

    Чытайце яшчэ:

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Гераіня праграмы «Белсату» назвала Франака Вячорку агентам спецслужбаў — хутка відэа выдалілі. Што адбываецца?

    Личные аккаунты нужно держать закрытыми? Изучили советы по безопасности в соцсетях

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці