984

Гераіня праграмы «Белсату» назвала Франака Вячорку агентам спецслужбаў — хутка відэа выдалілі. Што адбываецца?

06.12.2023 Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ

Учора, 5 снежня, на YouTube-канале «Белсату» была размешчана перадача праграмы «Шчыра кажучы» з удзелам былой рэдактаркі праекта па дэананімізацыі удзельнікаў рэпрэсій «Чорная кніга Беларусі». Яніна Сазановіч выступіла з некалькімі рэзкімі заявамі на адрас Франака Вячоркі, Аляксандра Азарава і цалкам дэмакратычных сілаў.

Але неўзабаве відэа было выдалена (вярнулі яго толькі на наступны дзень), што выклікала негатыўны рэзананс. Аўтар БАЖ пераказвае змест роліку і спрабуе разабрацца ў сітуацыі.

Яніна Сазановіч: «Сілавікі дасягнулі мэты, праекта "Чорная кніга Беларусі" больш няма»

Па сцэнары спачатку героі праграмы «Шчыра кажучы» праходзяць праверку на паліграфе, а пасля вядучая Арына Маліноўская распавядае, які вынік паказаў прыбор, і задае дадатковыя пытанні.

Адзначым, што дакладнасць паліграфа ставіцца пад сумнеў нават у беларускіх судах. Па розных ацэнках, яна складае ад 30 да 99%. Ёсць нават спецыяльныя методыкі па падмане абсталявання.

— Цалкам я зразумела, што такое «Чорная кніга Беларусі», што такое Infopoint, як працуюць нашы дэмакратычныя структуры. Я пабачыла гэта ўсё, і я зразумела, што я не хачу і не буду там знаходзіцца, — пачала з рэзкіх заяў Яніна Сазановіч, якая цяпер вядзе YouTube-праект «Дзікае паляванне».

— І як яны працуюць? — удакладніла вядучая.

— Дрэнна. Вельмі дрэнна. Там проста быццам бы кацёл з гадзюкамі, туды можа папасць жук, жаба без праверкі, без нейкіх кампетэнцый, проста па знаёмству.

Значная частка перадачы была прысвечана абмеркаванню скандалу, які быў звязаны з пранікненнем у праект «Чорная кніга Беларусі» агента ГУБАЗіКа Артура Гайко. З-за гэтага сілавікі атрымалі доступ да спісу тых, хто перадаваў асабістыя звесткі датычных да рэпрэсіяў.

— Ці былі ў вас падазрэнні з самага пачатку, што Артур Гайко — засланы агент? — спытаў паліграфолаг у Яніны Сазановіч.

— Так.

— Ці лічыце вы, што ў Франака Вячоркі быў асабісты інтарэс хаваць інфармацыю аб агенце ў ЧКБ?

— Так.

— А які?

— Гэта пра давер. Хаваць, што агент пранік у офіс.

— Рэпутацыйныя рызыкі?

— Рэпутацыйныя рызыкі, якія ні ў якім выпадку нельга панесці. Як гэта так? Агент быў наўпрост у офісе. Тактыка Франака і нашых усіх дэмакратычных структураў — пасварыцца (гераіня ўжыла больш жорсткае слова — Аўт.) за гранты, не прызнаваць памылкі і не працаваць над імі.

Таксама Яніна Сазановіч паведаміла, што замаўчаць інфармацыю аб агенце быццам бы прасіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў. Нават адбыўся спецыяльны сазвон, прысвечаны гэтаму пытанню, калі высветлілася, хто такі Артур Гайко.

— З камандай мы вырашылі, што я выйду і скажу, як усё было, — сцвярджала ў праграме былая рэдактарка «Чорнай кнігі Беларусі». — Але Аляксандр Азараў і BYPOL нам сказалі: «На інтэрв’ю ты павінна будзеш сказаць аб тым, што вы ведалі ўжо даўно, што ён агент, і даць інфармацыю, што мы атрымалі ад яго больш карысці, чым ён ад нас».

Паводле Яніны Сазановіч, Аляксандр Азараў спрабаваў падаць інфармацыю так, што нібыта супрацоўнікі BYPOL выкрылі агента. Але яна не дазволіла яму гэта зрабіць.

Гераіня перадачы прызнала, што праца ГУБАЗіКа дасягнула мэты, якую ставілі сілавікі, — праекта «Чорная кніга Беларусі» больш няма.

Калі было ўзнятае пытанне аб адказнасці за тое, што з-за пранікнення агента сілавікоў былі выкрытыя крыніцы інфармацыі, якія трапілі пад рэпрэсіі, Яніна Сазановіч нават расплакалася і прызнала адказнасць.

Яніна Сазановіч: «У Infopoint кожны тыдзень праходзілі планёркі, куды прыходзіў Франак Вячорка»

Шмат прэтэнзіяў у перадачы Яніна Сазановіч выказала на адрас Аляксандра Азарава і Франака Вячоркі. Паводле яе, яны могуць быць агентамі, хаця дзяўчына не мае гэтаму прамых доказаў.

— З улікам таго, як туды ўладкоўваюць на працу, якая праверка адбываецца… Тут у дужках можна дадаць — ніякая. Там можа быць не адзін агент, — адзначыла былая рэдактарка праекта «Чорная кніга Беларусі».

Па яе інфармацыі, пасля агента ГУБАЗіКа ў офіс Святланы Ціханоўскай трапіў махляр.

— Паводзіны [Франака Вячоркі] кажуць, што хутчэй за ўсё так, — пракаментавала Яніна Сазановіч свой адказ, што той нібыта з’яўляецца агентам спецслужбаў. — Вынікаў за тры з паловай гады працы не тое, што вельмі шмат. Не шмат зусім. Людзі з’язджалі, з’язджаюць, людзей сажаюць у турмы, працягваюць сажаць у турмы.

У відэа ўздымалася пытанне ўплыву дарадцы Святланы Ціханоўскай на інфармацыйнае поле.

— Як вы лічыце: Франак Вячорка дыктуе апазіцыйным Telegram-каналам, якую інфармацыю публікаваць? — спытала Арына Маліноўская.

— Усім каналам Infopoint — «Беларусь головного мозга», «Мая краіна Беларусь», «Беларусь за МКАДом», «Беларусь одной строкой»… Калі я працавала ў ЧКБ, у Infopoint кожны тыдзень праходзілі планёркі, куды прыходзіў Франак Вячорка і распавядаў, якія будуць навіны, у якім фармаце лепш падаць. Яны даюць тую інфармацыю, якая будзе ў добрым свеце паказваць працу дэмакратычных структураў.

Што такое Infopoint?

У сярэдзіне 2020 года былая следчая, а цяпер грамадская актывістка Святлана Хілько выклала ў Facebook дадзеныя грамадскай арганізацыі «Infopoint Network», заснавальнікам якой з’яўляецца Франак Вячорка. Хілько звярнула ўвагу, што гадавы абарот гэтай структуры склаў 400 тысяч еўра. Гэта выклікала мноства пытанняў у сацыяльных сетках. Як расказаў сам Франак Вячорка, «Infopoint Network» — гэта некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца кансалтынгам і прасоўваннем медыяпраектаў.

У 2022 годзе паведамлялася, што ў склад Infopoint Media Network уваходзяць 40 праектаў з сумарным ахопам у 200 мільёнаў за месяц. На канец лістапада 2022-га ў арганізацыі было каля 70 пастаянных супрацоўнікаў і часовых падрадчыкаў. А праект «Чорная кніга Беларусі» быў часткай кааліцыі Telegram-каналаў.

— Ідэя была ў тым, каб сабраць пратэсных блогераў разам і асвятляць выбарчую кампанію, рабіць фактчэкінг кантэнту, што дасылаецца, і каардынаваць пратэсную актыўнасць. Кантэнт стваралі самі беларусы, а каналы яго распаўсюджвалі, — расказвала дырэктарка Infopoint Media Network Саша Раманава.

Яна падкрэслівала, што дырэктарства Франака Вячоркі — часовая мера. Сам жа дараца Святланы Ціханоўскай у інтэрв'ю «Зеркалу» удакладняў:

— У Infopoint няма рэдакцыйнай палітыкі. Гэта НДА, у якога шмат партнёраў і якое займаецца рэалізацыяй нейкіх праектаў, звязаных з кантэнтам. Зараз у гэтым НДА працуе куча людзей з самых розных сектароў. Я маю дачыненне толькі да некаторых тэлеграм-каналаў — гэта мая роля. У дакументах фігурую толькі я, бо калі рэгістравалі, я быў адзіны, хто пагадзіўся свяціцца. Многія мае калегі, журналісты, з’яўляюцца непублічнымі асобамі і не гатовыя ісці на такую рызыку.

Франак Вячорка: «Лічу цэнзуру шкоднай, а ў эпоху інтэрнэту выдаленне кантэнту — проста бессэнсоўнае»

У Facebook Франак Вячорка так пракаментаваў абвінавачванні на свой адрас:

— Я не маю дачынення да выдалення відэа з ютуб-каналу «Белсату». Упэўнены, што «Белсат» сам можа патлумачыць прычыны, і не трэба да мяне звяртацца па каментары. Лічу цэнзуру шкоднай, а ў эпоху інтэрнэту выдаленне кантэнту — проста бессэнсоўнае.

Дарадца Святланы Ціханоўскай назваў абвінавачванні ў працы на спецслужбы «шызой» і абвяргае інфармацыю, што Артур Гайко і Даніла Багдановіч працавалі ў офісы.

Ён таксама паведаміў, што ў офісе існуе жорсткая сыстэма верыфікацыі і праверкі любых супрацоўнікаў, а з Янінай Сазановіч ён знаёмы ўскосна.

«Белсат»: Госця праграмы, якога правяраюць паліграфам, нельга пытаць пра асабістыя меркаванні ці падазрэнні ў дачыненні іншых асобаў

Тэлеканал «Белсат» у сваім Telegram-канале патлумачыў, што часовае выдаленне відэа было звязана з памылкай і паабяцаў, што праграма ў хуткім часе з’явіцца на лічбавых платформах.

— У чым была гэтая памылка? Госця праграмы, якога правяраюць паліграфам, нельга пытаць пра асабістыя меркаванні ці падазрэнні ў дачыненні іншых асобаў, — сказана ў паведамленні. — Гэта супярэчыць этыцы і можа ўвесці ў зман гледача, бо паліграф пацвярджае ці зняпраўджвае выключна перакананні героя ў сваім меркаванні, а не факт учынкаў іншых асобаў. У той жа час, іншая асоба, якой датычыць пытанне, у фармаце праграмы не мае магчымасці адказаць на меркаванне ці абвінавачанне, што можа нанесці ёй маральныя пакуты. У сувязі з гэтым, відэа мусіла змяшчаць надпіс, які нагадвае, пра спецыфіку працы паліграфа.

Не толькі ў нас з’явіліся адпаведныя пытанні, але і ў карыстальнікаў сацсетак: ці гэта значыць, што будуць выдаленыя і іншыя відэа, дзе «пытаюць пра асабістыя меркаванні ці падазрэнні ў дачыненні іншых асобаў»? Напрыклад, у папярэдняй праграме грамадскі актывіст Сяргей Бульба расказваў пра «сапраўдныя грошы Сяргея Ціханоўскага, што знайшлі за канапай» і нібыта рашэнне Марыі Калеснікавай спыніць адзін з нядзельных шпацыроў.

БАЖ звярнуўся па каментар да прадзюсеркі праграмы «Шчыра кажучы» Ганны Галёты.

— Ёсць істотная розніца паміж адказамі на паліграфе і сказаным падчас гутаркі з вядучай перадачы, — заўважыла яна. — Так, Сяргей Бульба распавёў пра грошы Ціханоўскага падчас размовы з Арынай Маліноўскай. Гэта можна лічыць меркаваннем. А вось пытаць аб гэтым на паліграфе — зусім іншае, і мы тут дапусцілі памылку, пацікавіўшыся ў Яніны Сазановіч, ці лічыць яна Франака Вячорку агентам спецслужбаў. З боку этыкі журналістыкі гэта не зусім правільна.

Але ў дэмакратычных краінах з высокім узроўнем свабоды слова ёсць такое паняцце як грамадскі інтарэс. Часам публічная асоба можа быць супраць распаўсюджвання сведкаў, аднак прыярытэт — за грамадствам, якое мае права валодаць адпаведнай інфармацыяй, каб прыняць рашэнне, напрыклад, падчас выбараў. Ці мае права аўдыторыя ведаць, што пра таго ж Франака Вячорка думае чалавек, які з ім працаваў?

— Гэтае пытанне вядоўца магла задаць не на паліграфе, і гэта было б зусім іншае, — падкрэсліла Ганна Галёта.

Здаецца, сутнасць праграмы ў тым, што база закладаецца ў працэсе праходжання паліграфа, а больш дэталёва тэма раскрываецца ў гутарцы з вядучай.

— Так, таму мы і прызнаем памылку і збіраемся ўвесці некаторыя змены. У далейшым мы не будзем задаваць пытанні на паліграфе, якія тычацца меркавання чалавека наконт іншых асобаў, каб не ўзнікалі такія непаразуменні. Усе такія пытанні пытанні пакінем для абмеркавання з вядоўцай, — дадала прадзюсерка праграмы «Шчыра кажучы».

Падчас падрыхтоўкі гэтай публікацыі на YouTube-канале «Белсату» зноў было размешчана відэа перадачы з удзелам Яніны Сазановіч. Цяпер у роліку размешчаны дысклеймер пра тое, што адказ гераіні не трэба ўспрымаць як факт.

Чытайце яшчэ:

Франак Вячорка: «Казаць, што былі спробы ціску на медыі, — несправядліва»

Што такое Infopoint, доступ да якога атрымаў агент ГУБАЗіКа?

«Папяровыя шчыты не дапамагаюць». Юрысты ўздымаюць пытанне аб абароне крыніц інфармацыі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!