• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў

    24 лютага будзе роўна два гады, як ідзе поўнамаштабная вайна ва Украіне — найбольш асвятляемы ў СМІ канфлікт сучаснасці. Многія замежныя рэпарцёры адмыслова прыязджаюць ва Украіну, каб паказваць свету ваенныя дзеянні. У той жа час сотні ўкраінскіх журналістаў міжволі апынуліся ў самым цэнтры крывавых падзей і, нягледзячы ні на што, працягнулі выконваць сваю місію.

    БАЖ паказвае нязломнасць і гераізм украінскіх медыйшчыкаў на двух канкрэтных прыкладах. 

    «Рідне місто» — апошняя газета Данеччыны

    Нона Кірычэнка — намесніца галоўнага рэдактара газеты «Рідне місто». Гэта адзінае папяровае выданне, якое працягвае друкавацца на Данеччыне.  

    — Я сама з Данбаса, усё жыццё пражыла тут, — дзеліцца з БАЖ журналістка. — Гэта мой родны край, мая зямля. Па першай спецыяльнасці я — філолаг-выкладчык. У свой час скончыла Данецкі ўніверсітэт і дваццаць гадоў працавала ў школе. Потым, калі мне гэта праца ўжо здалася сумнай, узгадала пра свой другі дыплом — журналісцкі. І з 2004 года пачала працаваць на мясцовым тэлебачанні. 

    Нона з усмешкай прыгадвае, што першы яе тэлесюжэт быў акурат пра сканчэнне навучальнага года ў горадзе. Неўзабаве журналістка паспрабавала сябе амаль ва ўсіх ролях: вяла і аўтарскія тэлепраграмы, і кіравала ўсёй службай навінаў на канале, папрацавала на радыё. І падумала, што не яшчэ не спрабавала сябе ў папяровай газеце.

    — Мой Мірнаград — не блытайце з Міргарадам на Палтаўшчыне, бо ў нас нават пошта часам блытае і адпраўляе лісты не туды — мае сваю газету, яна так і называецца «Рідне місто». Я прышла ў рэдакцыю ўвосень 2013. Пачынала тады ўсё наноў, з пасады карэспандэнта.

    Цяпер я намесніца галоўнага рэдактара газеты, але з пачаткам расійскага ўварвання гэта вельмі ўмоўна: каб выжыць, давялося даволі моцна скараціць штат, ледзь не на палову, таму фактычна я цяпер і рэпарцёр, і намесніца галоўрэда, і пішу, і рэдагую. 

    Мірнаград месціцца ўсяго ў сямідзесяці кіламетрах ад Данецка, адпаведна з’яўляецца прыфрантавой зонай яшчэ з 2014 года. Насельніцтва тыповага шахцёрскага гарадка да поўнамаштабнай вайны складала амаль 50 тысяч чалавек. А даваенны наклад мясцовай штотыднёвай газеты, як распавядае Нона, быў пад 7 тысяч асобнікаў. Друкавалася «Рідне Місто» ў Харкаве, і кожную пятнічную раніцу трапляла да чытача. У чацвер, 24 лютага 2022 года, быў ужо звярстаны чарговы нумар. 

    Журналісты ў зоне баявых дзеянняў: 24 лютага БАЖ і Саюз журналістаў Літвы адкрыюць выставу, прысвечаную ўкраінскім медыйшчыкам

    — Пачалося ўварванне, і мы разумеем, што выпуск ужо падрыхтаваны, але няма аніякіх загалоўкаў аб пачатку вайны. І думаем, як зрабіць правільна. Але тэлефануе нам Харкаў, кажуць што выпуску не будзе — разбамбілі друкарню, — узгадвае падзеі двухгадовай даўніны суразмоўца. — У гэтыя дні закрываліся газеты ў суседніх гарадах: у Дабраполлі, Селідаве, Пакроўску. Газета ў Пакроўску ўвогуле мела стогадовую гісторыю… Але мы прынялі рашэнне працягваць працу, нягледзячы на складанасці. 

    Нона распавядае, што ў іх быў і пэўны наклад, і, галоўнае, абавязкі перад чытачамі.

    —  Калі ты працуеш у невялікім гарадку, то цябе ведаюць, да цябе звяртаюцца. Ідзеш па вуліцы, і чытачы, якія табе сустракаюцца, нешта распавядаюць, распытваюць. Газета — родная для горада, і ты разумееш, што бачыш кожны дзень людзей, для якіх працуеш, якія выпісваюць і аплочваюць газету, чакаюць яе — ты маеш ім нешта адказаць. З таго часу, як цяжка ні было б, усе робім, каб ісці далей. 

    Да таго ж важна разумець абставіны ў рэгіёне: ваенныя дзеянні пашкодзілі шмат вышак сувязі, а праз абстрэлы часта здараюцца перабоі з электрычнасцю і інтэрнэтам. Таму нярэдка папяровае выданне застаецца адзінай крыніцай інфармацыі для тысяч мясцовых жыхароў. 

    — Так сталася, што мы засталіся адзіныя, хто працуе ў гэтай мясцовасці. Друк перанеслі ў Краматорск — там была ацалелая друкарня ды і дастаўляць недалёка. За два гады поўнамаштабкі ў нас выйшла ўсяго дзве замінкі ў выпусках: з першым паваенным нумарам і ў красавіку. Гэта зараз лінія фронту больш-менш стабільная, а ўвесну 22-га было абсалютна незразумела, як зменіцца фронт. У горадзе была абвешчаная эвакуацыя, улады заклікалі выязджаць. 

    Уласна на заклік мясцовых уладаў выехала Нона Кірычэнка і большая частка калектыву. Пэўны час рэдакцыя працавала дыстанцыйна. Але, падкрэслівае журналістка, увесь час хоць нехта з рэдакцыі газеты заставаўся ў Мірнаградзе, каб працаваць на месцы.

    — Нават людзі, якія не журналісты, бралі на сябе дадатковыя абавязкі, гутарылі з людзьмі, дамаўляліся. Абавязкова хаця б адзін чалавек быў у сярэдзіне падзей горада.

    Пазней з’явілася іншая акалічнасць — у Мірнаградзе апынулася вельмі шмат унутрана перамешчаных асоб з суседніх населеных пунктаў, дзе ідуць баявыя дзеянні. Агулам каля дзвюх з паловай тысяч чалавек. І недзе траціна з іх выпісвае нашу газету — гэта вельмі адказная місія. 

    Пасля стабілізацыі лініі фронту ў горад пачалі вяртацца людзі, жыццё збольшага аднавілася. Але засталіся сур’ёзныя камунальныя выклікі — найперш з водазабеспячэннем. Праблемы з ім пачаліся яшчэ ў 2014 годзе, але сур’ёзна абвастрыліся з поўнамаштабным уварваннем: мясцовасць засталася цалкам без вады. Ратавалі валанцёры.

    — Летась быў запушчаны вельмі маштабны і дарагі праект: пачалі выкарыстоўваць ваду з шахтаў. За паўгода падрыхтавалі абсталяванне і цяпер пастаўляюць ваду: тры дні атрымлівае Мірнаград, тры дні — Пакроўск, і дзень застаецца на тэхнічную перазагрузку сістэмы. Але гэта выключна тэхнічная вада — піць яе нельга. Па пітную трэба хадзіць на станцыі водаачысткі. Іх было тры, аднак у студзені адна з іх была знішчаная расийскай ракетай. 

    Апроч побытавых праблемаў у Мірнаградзе на пачатку бягучага года сталі значна больш інтэнсіўнымі расейскія абстрэлы. Нона прызнаецца, што вельмі рэдка ўдаецца спакойна паспаць уначы. Таксама маральна цісне адчуванне, што вайна зацягваецца, але настрой у рэдакцыі «Рідного міста» бадзёры — мабілізавала святкавання юбілею газеты.

    — Нам пашанцавала мабыць, бо 25-гадовы юбілей выдання прыпаў акурат на канец мінулага года. Гэта была вельмі святочная для нас падзея. Само дваццаціпяцігоддзе адзначалася напрыканцы лістапада, але мы расцягнулі святкаванне ў часе, збіраліся і ў снежні. Справа ў тым, што частка рэдакцыі ўсё яшчэ жыве не ў Мірнаградзе, а ў суседніх населеных пунктах, і вось у нас была нагода сабрацца ўсім калектывам. Гэта вельмі аб’ядноўвае і натхняе. Таму пакуль яшчэ не паспелі згубіць запал.

    Супрацоўнікам выдання таксама дапамагае вера ў перамогу, дадае Нона:

    — А калі ўсё зусім кепска — папросту злосць, якая таксама матывуе. Пакуль у нас вось такі баланс між злосцю, нянавісцю і верай. Да таго ж намагаемся звычайна рабіць розны кантэнт. Вядома, у нас вельмі шмат вайсковых тэм, гэта зразумела, але падтрымліваем такі слушны баланс: нягледзячы на ўсе трагічныя падзеі, фота руін пасля варожых атак, абавязкова пакідаем на старонках месца радасці: усё адно праводзяцца нейкія спартыўныя спаборніцтвы, людзі збіраюцца, горад жыве, горад працуе. 

    «Херсонскія штодзённікі» — дагрукацца да свету з‑пад акупацыі

    Ксенія Келебярда скончыла Кіеўскі журфак і, як сама адзначае, нічым, апроч журналістыкі, ў жыцці і не займалася. Працавала ўсё жыццё яна ў родным Херсоне: на тэлебачанні, у культурніцкіх выданнях, пішучы рэцэнзіі, займалася і са студэнтамі ў межах уласнага журналісцкага курсу. 

    Апошнім месцам сталай працы Ксеніі было анлайн-выданне «Постфактум»: разам з шэф-рэдактарам Максімам Негравым яны зрабілі рэбрэндынг выдання і асвятлялі падзеі роднага горада. Нават калі ў Херсон зайшлі расійскія акупанты. 

    — У першыя дні акупацыі мы проста не разумелі ўвогуле, што адбываецца. Агульны настрой быў: «рускі салдат, ідзі на **й». Але пятага сакавіка акупанты схапілі Максіма. Да нас пачало даходзіць, на якім мы свеце жывем і што вакол робіцца. Адразу закрылі выданне, усё выкінулі, з воблака павыдалялі звесткі, не пакінулі ніякага следу нават у інтэрнэце, — з хваляваннем прыгадвае журналістка пачатак уварвання.

    Шэф-рэдактару пашанцавала: ён жывым выйшаў з расійскага падвала-катавальні і неўзабаве ўступіў у шэрагі УСУ, дзе і па сёння бароніць Украіну. Хоць ягонае выкраданне і агульны ўзровень рэпрэсій з боку акупантаў былі сігналам усёй журналісцкай супольнасці захопленага горада, Ксенія Келебярда працягвала пісаць, толькі ўжо ананімна. 

    — Абавязкова ўдзень ішлі ў горад. У нас з калегамі была кропка, дзе мы сустракаліся. Па дарозе навіны збіралі: што адбывалася, што працавала, як паводзіліся людзі. У нас марадзёрства было спынена ў першы ж дзень: калі быў разбомблены гандлёвы цэнтр «Фабрыка», туды рынуліся людзі, але ж іх спынілі (некаторых нават скотчам прыматалі да слупоў). Таму марадзёрства спынілася, але ж скрозь былі вялікія чэргі. Мы адмыслова стаялі ў гэтых чэргах, слухалі плёткі, хадзілі на цэнтральныя вуліцы, хадзілі на мітынгі. Я на трох мітынгах была, газу глытнула. 

    Пра сур’ёзную небяспеку, прызнаецца Ксенія, тады не думалі: проста намагаліся пазбягаць сустрэч з расійскімі вайскоўцамі. 

    — Мы ж у першыя дні нічога не разумелі. Гэта быў такі ружовы перыяд акупацыі. Людзі ішлі на мітынгі, як на свята. Але ў натоўпе былі правакатары: хлопцы ў капюшонах, якія выглядвалі найбольш актыўных удзельнікаў, каб потым іх выхапіць. Журналісты напачатку хадзілі па вуліцах і не баяліся, пра тое, каб пераехаць са сваёй кватэры і змяніць тэлефон нават не думалі. А потым узялі Алега Батурына — гэта наш сябра, журналіст. Пачалі пагражаць херсонскай журналістцы Ірыне Стараселец, якая таксама пісала пасты на Face­book. Ёй проста пазванілі і сказалі: «Або ты замаўкаеш, або мы цябе…» Яна пераехала і схавалася.

    Аднойчы Ксенія нарвалася на групу расіян, якія перакрылі мост.

    — Я пра сваё думаю, на хаду артыкул у галаве структурую — бачу іх, чалавек дваццаць стаяць са зброяй, і першая думка: «Немцы!» Такая вось асацыяцыя… Завярнула за вугал і думаю: божа, прабачце мне, немцы, гэта ж рускія… 

    Ад першых дзён акупацыі Ксенія вяла рэпартажы ў фармаце дзённіка — «Херсонскія хронікі». Праз знаёмых на журналістку выйшла рэдакцыя The Guardian з прапановай штотыдзень публікаваць матэрыялы з горада. 

    — Каму цікавы той Херсон быў, да таго як туды не зайшла расійская армія? Хто ўвогуле ведаў пра такі горад? Цяпер ведаюць па ўсім свеце. Мы чатыры такіх падачы ў The Guardian зрабілі, яны мелі досыць шырокі рэзананс. Гэтыя «Херсонскія хронікі» былі выстаўленыя на прэмію British Jour­nal­ism Awards, мы патрапілі ў шорт-ліст 2022 года.

    Пакінуць горад Ксенію змусіла сапраўдная небяспека праз яе публікацыі:

    — 28 сакавіка выйшаў наш апошні артыкул з «…Хронік». У той жа дзень на афіцыйным сайце гарадской рады з’явілася навіна пра тое, што смелыя херсонкі (а мы працавалі ўжо ананімна: я пісала, а Юля, мая калега, перакладала) пішуць пра наш горад, а ўвесь свет чытае… Мне сябры дасылаюць гэта ў асабістыя ў мэсанджар і  пішуць: «Бяжы». Я адразу пачала шукаць магчымасць выехаць, а гэта было не так проста — не дзейнічалі ніякія зялёныя калідоры. Недзе праз тыдзень атрымалася знайсці машыну і выбрацца ў Адэсу, потым у Еўропу. 

    Але на Захадзе журналістка доўга быць не змагла: яе цягнула ў Кіеў, каб працягваць працаваць:

     — Я зняла кватэру, як выявілася, побач з ваенным заводам «Арцём», неўзабаве акурат туды прыляцела чатыры ракеты. Я псіханула і паехала ў Чарнаўцы, а неўзабаве мяне запрасілі ў Бухарэст, дзе я за шэсць месяцаў напісала дакументальную кнігу пра тое, што адбывалася з намі, растлумачыла усе тыя моманты, якія былі ў Херсоне. Калі шчыра, кніга пра маю сям’ю. Мы перажылі акупацыю. Мае сын і муж сядзелі на падвале. Зараз сын ваюе, і мяне хвалюе толькі тое, каб сын вярнуўся жывым. Перажылі падтапленне кахоўскай ГЭС: мелі два лецішча з садам і арэлямі, але больш гэтага няма. 

    Пасля вызвалення Херсона Ксенія ўсё ж вярнулася ў свой родны горад, каб працягваць пісаць пра наступствы вайны і збіраць чалавечыя гісторыі. 

    — Херсон цяпер — мёртвы горад. Раздзяўбана ўсё: усе родныя куточкі разбітыя ўшчэнт, да ракі не падыдзеш. Я пражыла восем месяцаў у Херсоне, абстрэлы трывалі тры-чатыры разы на дзень — проста бесперабойна. Калі толькі прыехала дадому, то проста з акна пабачыла, як палала дзевяціпавярхоўка побач, тады там згарэлі жыўцом восем чалавек. А не вытрымала я, калі ўжо ў мой дом патрапіла ракета. Вось я ўмею выбіраць месца для жыцця: з аднога боку — станцыя пералівання крыві, лякарня з параненымі, з іншага — паліцэйскі ўчастак ды пракуратура. Адпаведна ў гэты квадрат пастаянна нешта ляцела.

    Страціўшы жытло, Ксенія перабралася ў Адэсу. Па сённяшні дзень жыве на два гарады: у Адэсе мае магчымасць спакойна паспаць, а ў Херсоне працягвае працу. 

    — Шчыра кажучы, я перыядычна выцягваю сябе з дэпрэсіі, прыдумляю нейкія планы.

    Я не веру, што з маім родным горадам будзе нешта добрае як мінімум у бліжэйшыя два-тры гады. А гэтыя гады трэба ж неяк жыць! Таму будую розныя дурныя планы. Проста хачу жыць там, дзе я жыла, з тымі сябрамі, што цяпер раз’ехаліся па ўсім свеце.

    Ксенія тлумачыць:

    —  Але надзея ёсць: я дакладна ўпэўненая, што не можа такога быць, каб Расея перамагла Украіну. Але я таксама дакладна ведаю, што гэта ўсё надоўга. Я ўжо маю адну страту на гэтай вайне: муж сястры загінуў пад Саледарам. Спачатку быў зніклы, потым прыйшоў аналіз ДНК, таму мы ведаем дакладна. 

    Цяпер журналістка працягвае працаваць у родным рэгіёне, шмат ездзіць па дэакупаваных тэрыторыях, піша ў тым ліку і для міжнародных СМІ. Да працы далучыла і мужа:

    — Ён быў сістэмным адміністратарам вялікага аграхолдынгу. Частка ўласнікаў пайшла на супрацу з расіянамі, а яго кіраўніцтва адмовілася, таму палі забралі, а потым іх увогуле заліла кахоўская ГЭС — муж застаўся без працы. А калі ў такіх умовах табе няма яшчэ чаго рабіць, то гэта найстрашнейшае. Я дала яму ў рукі камеру, сказала: цяпер ты будзеш здымаць — такі сямейны тандэм выйшаў. 

    Суразмоўца адзначае, што многаму яе навучыла праца ў заходніх медыя:

    — Я вельмі ўдзячная Guardian за тое, што яны надзвычай старанна вычытваюць тэксты, у іх вельмі шмат удакладняючых пытанняў. Я і раней была дакладнай, але ўсё ж часам рабіла ў матэрыялах эмацыйныя навароты. Выявілася, што гэтага не трэба. Лепей распавядаць гісторыю чалавека безэмацыйна, кароткімі і сухімі фактамі — тыя дадзеныя самі па сабе выклікаюць у чытача эмоцыю. І галоўнае, навучылася своечасова ставіць кропку, а не рабіць нейкія свае дурныя маралізатарскія высновы. Работа з замежнымі журналістамі дала мне вельмі шмат. На жаль, ва ўкраінскай правінцыйнай журналістыцы было нямала лішняга, цяпер я гэта адкінула. 

    Ксенія кажа, што адчувала сябе ўкраінкай усё жыццё, але з пачаткам поўнамаштабнай вайны ў яе прайшла выразная самаіндэнтыфікацыя як украінкі менавіта з поўдня. Журналістка дзеліцца сваім планам, які цешыць у часы тугі: разам з сям’ёй разбіць і расціць сад перамогі ў сваіх родных мясцінах.

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты ў зоне баявых дзеянняў: 24 лютага БАЖ і Саюз журналістаў Літвы адкрыюць выставу, прысвечаную ўкраінскім медыйшчыкам

    Процент от налогов — на журналистику. Независимые СМИ предлагают читателям из Польши и Литвы новый способ поддержать их

    Праз вайну і Лукашэнку. Як бачаць Беларусь на Захадзе — ключавое з даследавання замежных медыяў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці