• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Грузія становіцца небяспечнай краінай для замежных журналістаў

    Заснавальніка грузіна-армянскага выдання Aliq Media Арсэна Харацьяна 17 верасня не пусцілі ў Грузію. Яго больш за 4 гадзіны пратрымалі ў Тбіліскім міжнародным аэрапорце, а пасля адправілі назад у Еўропу. І такіх выпадкаў у гэтай краіне становіцца ўсё больш.

    армянскі журналіст Арсэн Харацьян

    Арсен Харацьян. Фота: з сайта aliq.ge

    Журналіст Арсэн Харацьян апошнім часам знаходзіўся ў Еўропе. Учора ён ляцеў у Грузію з Люксембургу, маючы на 18 верасня зваротны квіток з Тбілісі ў Ерэван. 

    «Але мне сказалі, што, згодна з заканадаўствам Грузіі, калі чалавеку адмоўлена ва ўездзе, яго трэба адправіць назад у краіну вылету», — паведаміў Aliq Media  выданню спадар Харацьян.

    Медыязаснавальніку ніхто не патлумачыў, чаму яму забаронены ўезд у Грузію. Той час, які Арсэну Харацьяну давялося правесці ў Тбіліскім аэрапорце, мужчыне не дазвалялі карыстацца тэлефоннай сувяззю.

    «Пакуль я не сумняваюся, што гэтая адмова ва ўездзе, якая называецца дэпартацыяй, мае палітычны характар. У канчатковым выніку гэта азначае, што цяперашнія ўлады ў Грузіі альбо баяцца такіх, як я, альбо маюць заступнікаў з Масквы ці Баку, якія распавядаюць ім пра неабходнасць «зачысціць тэрыторыю»», — дадае журналіст.

    Кейс Мялешкаў

    Нагадаем, што ў гэты ж дзень — 17 верасня — з Грузіі выдварылі беларускага журналіста Андрэя Мялешку, які тры гады пражыў у гэтай краіне. 

    Мялешка дачка

    Андрэй Мялешка с дачкой. Фота: Face­book

    Амаль суткі журналіста з 11-гадовай дачкой пратрымалі ў аэрапорце ў Кутаісі (у адмысловым пакоі для тых, каго дэпартуюць), перш чым адправіць назад у Варшаву. Менавіта са сталіцы Польшчы Мялешкі і вярталіся на месца жыхарства ў Грузію. Аднак у пашпарты Мялешкаў не паставілі штэмпелі пра дэпартацыю. У Батумі засталася жонка і другая дачка журналіста.

    Пашпарты ў беларусаў забралі адразу пры затрыманні ў аэрапорце Кутаісі і адмове ўезду. Калі Андрэй з дачкой папрасілі ў Грузіі міжнародную абарону, ім адмовілі, бо нібыта ў іх не было пашпартоў: дакументы ім вярнулі толькі ў самалёце, які ляцеў у Варшаву. Праваабаронцы кажуць, што гэта — парушэнне правоў.

    Андрэю Мялешку так і не патлумачылі, чаму яму і дачцы адмовілі ва ўездзе ў Грузію, дзе яны пражылі тры гады.

    Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ-EFJ) асудзілі адмову ва ўездзе Андрэю Мялешку і  Арсэну Харацьяну. Гэтыя арганізыцыі заклікаюць улады Грузіі падтрымліваць свабоду доступу для ўсіх журналістаў.

    «Затрыманне грузінскімі памежнікамі замежных журналістаў мае палітычны характар, — адрэагаваў старшыня Незалежнай асацыяцыі грузінскіх журналістаў (IAGJ) Звіяд Пачкуа. — Абодва журналісты доўгі час жылі ў Грузіі. Гэтыя абмежаванні для журналістаў на ўезд у краіну падчас выбарчай кампаніі негатыўна ўплываюць на празрыстасць гэтых выбараў. Мы заклікаем улады зняць гэтыя абмежаванні».

    «Затрымалі на вачах у дзяцей»

    «Гэта не першы выпадак, калі журналістаў не пускаюць у Грузію без тлумачэння прычын. IFJ-EFJ зафіксавала каля дзесяці выпадкаў за апошнія чатыры гады. Грузія павінна пакласці канец гэтай практыцы, якая роўная цэнзуры і ставіць пад пагрозу бяспеку журналістаў у выгнанні», — заяўляюць у IFJ-EFJ.

    Тут можна ўзгадаць азербайджанскага журналіста Афгана Садыгава, якога Грузія арыштавала па запыце пракуратуры Азербайджана, дзе яго  вышукваюць нібыта «за злачынствы, звязаныя з пагрозамі і вымагальніцтвам». Улады краіны збіраюцца дэпартаваць журналіста на радзіму, паведамляе «Руская служба Бі-бі-сі».

    Садыгаў затрыманне

    Афгана Садыгава затрымалі прама на вачах дзяцей і жонкі. Фота: Sev­inj Sadı­go­va

    Афган Садыгаў быў галоўным рэдактарам азербайджанскага сайта Azel.tv. У 2020 годзе яго ўжо асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў вымагальніцтве. Журналіст не прызнаў сваёй віны, звязваў сваё зняволенне з парфесійнай дзейнасцю і аб’яўляў галадоўку на знак пратэсту. У траўні 2023 года журналіста памілаваў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў.

    Сем месяцаў таму Афган Садыгаў разам з сям’ёй пераехаў ў Грузію, ратуючыся ад палітычнага пераследу. Аднак яшчэ 18 ліпеня журналіст западозрыў нядобрае: у той дзень яго не выпусцілі з Грузіі ў Турцыю.

    А ўжо 3 жніўня журналіста адправілі ў вязніцу.

    «Мы выходзілі з дзецьмі з дома, калі да нас падышлі людзі ў цывільным і затрымалі яго прама на вачах у дзяцей», — распавяла ягоная жонка Сэвіндж Садыгава.

    5 жніўня грузінскі суд пакінуў журналіста пад вартай на два месяцы, справу пра экстрадыцыю пакуль не разглядалі. 

    У Азербайджане дзясяткі журналістаў ужо сядзяць у турмах па абвінавачаннях у фінансавых злачынствах. Праваабаронцы называюць гэта новай хваляй рэпрэсій, а грузінскія журналісты пікетуюць МУС Грузіі з патрабаваннем вызваліць азербайджанскага калегу.

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў і Незалежная асацыяцыя грузінскіх журналістаў яшчэ 6 жніўня запатрабавалі ад уладаў Грузіі вызваліць журналіста.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці