• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 3 (81) 2025

    СМІ ў Беларусі ў ліпені-верасні 2025 года. Агляд. Спампаваць PDF.

    Электронный бюлетэнь «СМІ ў Беларусі»

    СМІ Ў БЕЛАРУСІ Ў ЛІПЕНІ-ВЕРАСНІ 2025

    №3 (81)

    У ліпені-верасні 2025 г. улады працягвалі ціснуць на журналістаў у Беларусі і абмяжоўваць доступ да інфармацыі наступным чынам:

    • крымінальны пераслед,  затрыманні і іншыя формы ціску на журналістаў;
    • забарона неафіцыйных (у тым ліку замежных) крыніц інфармацыі пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам;
    • пашырэнне цэнзуры, у прыватнасці, фактычнае прыцягненне насельніцтва да складання спісу забароненых да распаўсюду кніг.

    Разам з тым у гэты перыяд, дзякуючы дыпламатычным намаганням ЗША, адбылося масавае вызваленне палітзняволеных – у тым ліку, журналістаў і блогераў. Сярод 52‑х палітзняволеных, 11 верасня вывезеных у Літву амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, на волю выйшлі дванадцаць супрацоўнікаў медыя і блогераў: Ірына Слаўнікава, Мікола Дзядок, Павел Мажэйка, Аляксандр Манцэвіч, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Алена Цімашчук, Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ігар Лосік, Зміцер Казлоў і Павел Вінаградаў. 

    Неабходна адзначыць, што большасць з былых вязняў былі пазбаўленыя дакументаў і магчымасці выбару краіны пражывання, а само “вызваленне” фактычна было дэпартацыяй (выправаджэннем з Рэспублікі Беларусь). Пра лёс палітыка Міколы Статкевіча, які адмовіўся выязжаць на такіх умовах з Беларусі, нічога не вядома.

    15 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў зацвердзіла стратэгію сваёй працы на 2025–2027 гады. У стратэгіі адзначаецца неабходнасць вяртання арганізацыі і ўсяго незалежнага медыясектара ў Беларусь, аднаўлення легальнай дзейнасці ў краіне, важнасць беларускамоўнага і нацыянальнага кантэнту для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці аўдыторый. 

    КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД. ЗАТРЫМАННІ Ў БЕЛАРУСІ

    Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і завочна. За тры месяцы былі асуджаны па крымінальных абвінавачваннях трое журналістаў і блогерка, узбуджаны 12 новых крымінальных спраў (з іх 9 – у адносінах да журналістаў у эміграцыі).

    Брэсцкі журналіст-фрылансер Даніла Палянскі 25 ліпеня ў закрытым судовым працэсе быў прызнаны вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам каля 7135 USD. Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу уласна сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай. 

    8 жніўня яшчэ адзін брэсцкі журналіст – Алег Супрунюк, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных выданняў, быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні». Нягледзячы на тое, што Супрунюк мае інваліднасць, да суда ён больш за паўгады ўтрымліваўся пад вартай.

    16 верасня ў Мінску завяршыўся працэс над журналістам Ігарам Ільяшом, мужам палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Суд прызнаў Ільяша вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф памерам 4200 рублёў.

    7 ліпеня мазырскую блогерку Паліну Зыль, якая была ў вышуку і заставалася ў Беларусі, прысудзілі да года калоніі па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 

    У Беларусі за ліпень-верасень 2025 г. сталі абвінавачанымі ў крымінальных справах і трапілі пад варту як найменш тры журналісты (з іх апублікавана імя Кірыла Пазняка).

    Дзевяць беларускіх журналістаў замежжа сталі фігурантамі крымінальных спраў завочна. Сярод іх – супрацоўнікі тэлеканала “Белсат” Вольга Старасціна (другая крымінальная справа) і Яраслаў Сцешык, яго былыя супрацоўнікі Сяргей Скулавец і Андрэй Мялешка. Імёны яшчэ пяцярых журналістаў не разгалошваюцца.

    Блогера Максіма Шабуцкага завочна абвінавацілі адразу паводле васямнаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

    Па інфармацыі БАЖ, адбыліся тры затрыманні незалежных журналістаў у Беларусі. У прыватнасці, 4 верасня, у дзень прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» YouТubе-канала «Платформа 375», затрыманы журналіст Кірыл Пазняк, названы датычным да гэтага канала. 

    Адбыліся адзінаццаць вобшукаў па месцах жыхарства журналістаў або іх родных, верагодна звязаныя з крымінальным пераследам. Так, журналіст-фрылансер Аляксандр Гойшык, які не жыве ў Беларусі, паведаміў, што да ягонай маці ў Салігорску прыходзілі міліцыянты і шукалі яго як «злоснага экстрэміста». 

    Былі абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук (гэта значыць таксама ў Расійскай Федэрацыі) палітычныя аналітыкі, аднесеныя беларускім міністэрствам унутраных спраў да «экстрэмісцкага фарміравання» — інфармацыйнага агенцтва «Позірк» – Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман, а таксама журналісткі Таццяна Каравянкова і Глафіра Жук.

    ВЫКАРЫСТАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА ПА СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ ДЛЯ ПЕРАСЛЕДУ ЗА ВЫКАЗВАННЕ

    “Барацьба з экстрэмізмам” па-ранейшаму выкарыстоўвалася для абмежавання доступу да незалежных крыніц інфармацыі і пераследу журналістаў.

    Чатыры медыярэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі: Tik­Tok-акаўнт «Навіны Гродна і вобласці»; кааліцыя ініцыятыў «Зялёная сетка» (Green Net­work), якая уключае праекты «Belarus Bee­hive», «Зялёны партал» і «Экадом»; стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row, якая аб’ядноўвае вядучыя беларускія медыя, блогераў і экспертаў; YouTube-канал «Платформа 375».

    Вялікая колькасць неафіцыйных крыніц інфармацыі прызнавалася экстрэмісцкімі матэрыяламі і трапляла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ім апынуліся, напрыклад, YouТubе-канал «Delfi Литва» (літоўскі сайт навін DELFI.lt заблакаваны ў Беларусі з 2023 года), акаўнты расійскага журналіста і відэаблогера Іллі Варламава ў сацыяльных сетках, Insta­gram-акаўнт намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага.

    У сувязі з распаўсюджваннем “інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам” пракуратура Магілёўскай вобласці забараніла доступ да папулярнага ўкраінскага сайта навін «Главком», а таксама сайтаў праваабарончых праектаў: беларускага «Праваабаронцы супраць катаванняў» і расійскага «Мемориал ПЗК».

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўключыў у «пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» кіраўніцу тэлеканала “Белсат” Аліну Коўшык. Гэта звязана з тым, што 9 ліпеня 2025 года Генеральная пракуратура прызнала «тэрарыстычнай арганізацыяй” Аб’яднаны пераходны кабінет, да якого Коўшык раней мела дачыненне. 

    У пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», Міністэрствам ўнутраных спраў РБ былі ўключаныя блогеры Руслан Ліннік (паўторна асуджаны пасля 4 гадоў зняволення) і Антон Матолька (завочна асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі). 

    ІДЭАЛАГІЗАЦЫЯ І ЦЭНЗУРАВАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ І ВЫДАВЕЦКАЙ СФЕРАЎ

    19 верасня было зацверджана новае Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі. У пералік асноўных задач Міністэрства дадалося «інфармацыйнае суправаджэнне ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь, інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі і выдавецкай справы».

    Міністэрства інфармацыі актывізавала дзейнасць па выяўленні і забароне непажаданых кніг. Так, 8 верасня намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі заявіў у час тэлеэфіра, што спадзяецца на дапамогу насельніцтва, якое будзе праяўляць актыўнасць і паведамляць пра выданні, вартыя ўключэння ў «спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». На той момант у спісе, па словах Язерскага, было “143–145 кніг”. 

    Да канца верасня гэты спіс быў дапоўнены яшчэ 32 найменнямі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у 2025 годзе ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Калегі ў турмах. Спіс зняволеных журналістаў. Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
    31.12.2025
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.
    14.08.2025

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    23.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.