• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вераніка Чаркасава праз 20 гадоў: якой яе запомнілі калегі?

    Успамінамі пра Вераніку Чаркасаву дзеляцца калегі і каляжанкі, якія ведалі яе асабіста. Якім прафесіяналам і чалавекам была апазіцыйная журналістка, забітая 20 гадоў таму? 

    Вераніка Чаркасава

    20 кастрычніка 2004 года ў Мінску ва ўласнай кватэры знайшлі забітай журналістку Вераніку Чаркасаву. На целе 45-гадовай жанчыны налічылі 46 нажавых ран, хаця, як сцвярджаюць спецыялісты, першы ўдар нажом аказаўся смяротным.

    Крымінальная справа па факту забойства Веранікі Чаркасавай не раскрытая дагэтуль. І наўрад ці грамадства даведаецца праўду пры цяперашняй уладзе.

    Сёння, у 20-ую гадавіну смерці, па просьбе БАЖ журналісты і журналісткі, якія ведалі і працавалі з Веранікай Чаркасавай, падзяліліся успамінамі пра яе. Імёны субяседнікаў не называюцца ў мэтах бяспекі.

    «Самы шчаслівы год у прафейнай кар’еры»

    Вераніка Чаркасава пакінула пасаду намесніцы галоўнага рэдактара «БелГазеты» і ў 2003 годзе прыйшла ў газету «Салідарнасць»:

    — «БелГазета» была не яе рэдакцыяй, яна шукала магчымасць іншай працы і прапанавала сябе «Салідарнасці». Безумоўна, рэдакцыя з радасцю прыняла прафесіянала такога ўзроўню, і палічыла за гонар для сябе, што Вераніка сама звярнулася ў адносна новае выданне, а не ў больш вядомыя газеты, — згадваюць калегі.

    Чалавечыя стасункі ўва многім залежаць ад першай сустрэчы. Тым больш у рэдакцыйным калектыве. Калегі і каляжанкі кажуць, што Вераніка «з першай хвіліны ўпісалася ў калектыў».

    Складвалася ўражанне, што Вераніка Чаркасава нібыта ўвесь час працавала ў «Салідарнасці» і проста чарговы дзень выйшла на працу. Вераніка Чаркасава лічыла год, які яна працавала ў «Салідарнасці», «самым шчаслівым у сваёй прафесійнай кар’еры», згадвалі пазней яе бацькі.

    «Незвычайныя гісторыі звычайных людзей»

    Тады, напачатку 2000-ых, сярод журналістаў было папулярным пісаць на палітычную тэматыку: і больш магчымасцяў, і прэстыжней. Вераніка Чаркасава не надта часта пісала пра палітыку, яна больш увагі надавала сацыяльным праблемам, перыядычна праводзіла расследаванні.

    — Насамрэч расследаванні не з’яўляліся спецыялізацыяй Веранікі (з нацяжкай расследаваннямі можна было назваць толькі некаторыя яе публікацыі), — удакладняюць калегі. – Але дакладна, што гэта не было галоўным у яе творчасці. Насамрэч яна спецыялізавалася на незвычайных гісторыях звычайных людзей. Яна ўмела знаходзіць абсалютна нечаканых герояў, і так распавядаць пра сваіх герояў, што атрымліваліся абсалютна захапляльныя сюжэты.

    Вераніка Чаркасава дасягала эфекту не праз мастацкую выдумку, не праз клікбейтныя прыёмы, а праз душэўную, чуллівую інтанацыю, натуральнасць – яна ў гэтым была непераўзыдзеным майстрам. І людзі раскрываліся перад ёй.

    Тады, напачатку 2000-ых, жанр, які за савецкім часам называлі нарысамі, не быў папулярны на постсавецкай прасторы. Зараз чалавечыя гісторыі зноў набываюць папулярнасць, хоць і ў трохі змененым фармаце.

    Вераніка была адной з нямногіх журналістак, якія ўмела карысталіся жанрам нарыса. І нават сёння, праз два дзесяцігоддзі, некаторыя яе творы чытаюцца на адным дыханні, як напісаныя ўчора. Гэта знак якасці, які праставіў сам час, — гавораць калегі.

    Пры гэтым Вераніка не цуралася палітычнай тэматыкі, хаця выказвалася яна даволі рэдка: для яе больш цікавымі былі жывыя людзі, а не палітыкі. Але калі Вераніка бралася за палітычную тэматыку, то выходзілі заўважныя публікацыі, напрыклад, «Чалавек у чорным» пра стыль Лукашэнкі, які раскрывае ягоную натуру.

    І ўсё ж галоўны талент Веранікі Чаркасавай заключаўся ў цікавых расказах пра простых людзей.

    Вераніка Чаркасава

    «Вераніка была часткай душы рэдакцыі, якую вырвалі»

    Вераніка Чаркасава была неканфліктным чалавекам, прынамсі, былыя каляжанкі і калегі не могуць згадаць нейкіх канфліктаў з яе ўдзелам.

    Самае складанае ў журналістыцы – прыцягнуць увагу да пазітыўнай гісторыі, у якой няма жорсткіх паваротаў, няма экстрэму, трагедыі, крыві, эмоцый, якія б’юць праз край. Яна магла так распавесці пра жанчыну з беларускай правінцыі, якая адкрыла сваю аптэку, што гэта чыталася лепш, чым многія дэтэктывы. Ці пра майстра, які зрабіў працоўны драўляны гадзіннік. Яна была пра гэта, — згадваюць калегі.

    Якім чалавекам была Вераніка Чаркасава? Як паводзіла яна ў калектыве: трымалася асобна, ці, наадварот, была душой кампаніі і завадзілай?

    Яна была часткай душы нашай рэдакцыі, той часткай, якую вырвалі пазней. Тады яна была старэйшая за большасць супрацоўнікаў нашага калектыва, мабыць, мудрэйшая. Але яна ніколі гэта не падкрэслівала: вельмі тактоўны, добры, сімпатычны, абаяльны чалавек. Той, пра якога можна сапраўды казаць самыя лепшыя словы. Не хачу маляваць салодкі партрэцік, але за час, што мы працавалі разам, я не памятаю ніводнага, нават самага дробнага канфлікту, з кім-небудзь у рэдакцыі.

    «Той шок застанецца з намі назаўсёды»

    Вераніку Чаркасаву знайшлі жорстка забітай ва ўласнай кватэры познім вечарам 20 кастрычніка 2004 года.

    Для нас гэта стала шокам, тым шокам, які застанецца з намі назаўсёды. Тое, што такая трагедыя сталася з нашай супрацоўніцай, з чалавекам, які не быў спецыялістам па крымінальных ці палітычных справах, мы проста не разумелі, што і чаму адбылося. Зрэшты, да канца не зразумелі і сёння, — згадвае адна з калегаў.

    Безумоўна, рэдакцыя спрабавала сваімі сціплымі сіламі разабрацца, што адбылося.

    Мы нават не адразу прыйшлі да разумення, што ўлады маюць дачыненне да гэтага забойства. Прычым гэтая выснова грунтуецца на нейкіх ускосных рэчах. Спачатку ўладу паспрабавалі запісаць як бытавое злачынства і павесіць яго на сваякоў, а калі не атрымалася, працэс пачаў тармазіцца. Яны дакладна не былі зацікаўленыя ў тым, каб знайсці забойцу. Хаця, здавалася б, калі вы не маеце да гэтага дачынення, то пакажыце эфектыўнасць вашай працы: нават калі забіваюць апазіцыйную журналістку, вы знаходзіце злачынцу і караеце. Але не, — адзначыла наша субяседніца.

    Вераніка Чаркасава. Фота: з асабістага архіва

    Вераніка Чаркасава: кароткі жыццяпіс

    Закончыла факультэт журналістыкі БДУ («радыё і тэлебачанне») і працавала ў моладзевай рэдакцыі БТ. Зняла некалькі дакументальных фільмаў: пра Максіма Багдановіча, Сяргея Мяржынскага, а таксама пар свайго бацьку Анатоля Чаркасава, журналіста і пісьменніка.

    Нейкі час Вераніка разам з будучым мужам Дзмітрыем Філімонавым працавала над праграмай «Крок».

    Напачатку 1990—ых Вераніка Чаркасава пакінула БТ і перайшла працаваць у газету «Голас Радзімы». Пазней лёс звязаў яе з буйнейшымі незалежнымі выданнямі: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», «Белорусская газета», якую пазней перайменавалі ў «БелГазету». Менавіта падчас працы ў «БелГазеце» (1995—2003) яна займала адзіную ў сваёй творчай кар’еры кіраўнічую пасаду — намесніцы галоўнага рэдактара.

    Журналістка друкавалася ў расійскіх часопісах «Новое время» і «Ъ‑Огонек», апошні год працавала ў незалежнай газеце «Салідарнасць».

    Вераніка Чаркасава не пісала пра палітыку, як было модна па тым часе. Але пры тым актыўна займалася журналісцкімі расследаваннямі (пра сацыяльныя праблемы, пра праблемы «простага чалавека», цыганскую меншасць, секты).

    Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай ва ўласнай кватэры 20 кастрычніка 2004 года. На яе целе знайшлі 46 нажавых ран. Следства спрабавала перавесці забойства ў разрад бытавых і павесіць яго на сваякоў, але не атрымалася. Забойства Веранікі Чаркасавай дагэтуль не раскрытае, хаця нездаровая актыўнасць вакол справы працягвалася, як мінімум, да 2015 года.

    Калегі правялі ўласнае журналісцкае расследванне, якое апублікавалі праз 3 месяцы пасля забойства. Здабытая інфармацыя дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе.  

    У 2005 годзе выйшаў пасмяротны зборнік тэкстаў Веранікі Чаркасавай «Красным по белому».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці