«Бажынкі» нанова: як Медыякэмп пад Вільняй аб’яднаў журналістаў і стаў актам салідарнасці
Беларускія журналісты зноў сабраліся разам пад Вільняй на Медыякэмп «Кропкі сувязі», які адрадзіў даўнюю традыцыю нефармальных сустрэч сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Для супольнасці, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі, гэты дзень стаў магчымасцю не толькі выйсці з руціны, але і праявіць сапраўдную салідарнасць з тымі, хто зараз знаходзіцца за кратамі.

Падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Акцыя салідарнасці і гульня з «унутраным дзіцянём»
«Самы галоўны сэнс такіх сустрэч — гэта ўсё ж паляпшэнне нашых асабістых адносін, паляпшэнне сувязяў сярод журналістаў. Мы не праводзілі «Бажынкі» колькі гадоў, апошнія яшчэ ў Беларусі… Згадаем і нашых калег за кратамі», — сказаў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на пачатку імпрэзы.
Цэнтральнай падзеяй Медыякэмпу стала акцыя ў падтрымку зняволеных калег. Журналісты стваралі мастацкія калажы і паштоўкі, каб накіраваць ім сваю падтрымку. Куратаркай творчай майстэрні выступіла вядомая беларуская фатографка Ірына, якая сумяшчае ў сваёй працы фатаграфію і калаж.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Ірына прапанавала ўдзельнікам не проста зрабіць стандартныя малюнкі, а падысці да гэтага як да глыбокай гульні:
«І гэта будзе такі акт салідарнасці з нашымі калегамі, якія знаходзяцца за кратамі. Давайце ім падорым тое, чаго ім не хапае там. Зробім гэта з дапамогай свайго ўнутранага дзіцяняці», — сказала Ірына.
Каб паштоўкі былі сапраўды персанальнымі, Ірына загадзя сабрала адмысловыя прафайлы палітвязняў на аснове расповедаў іх сяброў: «Я напісала калегам. Яны мне трошку расказалі пра тое, чаго чалавеку можа бракаваць, што было часткай яго жыцця».
Медыйшчыкі падзяліліся на каманды і абралі адрасатаў.

На Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

Жартаўлівы плакат са шкоднымі парадамі ад адной з каманд на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

Журналістка Глафіра Жук на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Гісторыя калажу: ад сяброўскай тэрапіі Пікаса да беларускай выцінанкі
Падчас майстар-класа куратарка зрабіла экскурс у гісторыю мастацтва, патлумачыўшы сувязь паміж калажам, псіхатэрапіяй і салідарнасцю. Яна прывяла як прыклад заснавальнікаў кірунку — Пабла Пікаса і Жоржа Брака. Сумесная праца над калажамі з Пікаса стала праявай сяброўскай падтрымкі хвораму Браку.

Праваабаронца Алег Мацкевіч на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Іншы прыклад — Анры Маціс, які на схіле гадоў ужо не мог хадзіць, але ствараў свой уласны цудоўны свет: «ён стварыў сабе сад з выразанак».
Ірына таксама згадала нямецкага антыфашыста і майстра палітычнага калажу Джона Хартфілда, які зрабіў геніяльныя калажы падчас панавання нацысцкага рэжыму.

Праваабаронца Леанід Судаленка і намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

Падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
А для беларусаў, як зазначыла Ірына, калаж увогуле з’яўляецца роднай традыцыяй, карані якой сыходзяць у народнае мастацтва:
«Паглядзіце на выцінанкі! У нас жа ёсць вось гэтыя вось шматкаляровыя, шматслойныя выцінанкі… У цэлым гэта той самы калаж».
Асабістыя пасланні
Удзельнікі Медыякэмпу стварылі шэраг унікальных калажаў, напоўненых асабістымі сэнсамі.
Напрыклад, каманда, якая працавала над паштоўкай для Паўла Дабравольскага, імкнулася «перадаць яго натуру, характар і моманты з біяграфіі».

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Калаж для Паліны Піткевіч рабіўся вакол яе галоўных жыццёвых захапленняў — тэатра і клопату пра беспрытульных жывёл. Карціна падзялілася на светлы і цёмны бакі:
«Светлы бок — гэта жоўтае сонейка, яно пралівае сваё святло, у тым ліку на сіямскага ката, які таксама глядзіць на тэатральную сцэну зверху. І ёсць чорны ход, гэта цёмны бок…»

Падчас Медыякэмпу «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

На Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

На Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
«Не губляць надзеі на будучыню»
Кожны створаны калаж — гэта не проста аркуш, гэта надзея на хуткае вызваленне калег. Аўтары працы для Паўла Дабравольскага шчыра прызналіся: «Спадзяюся, што гэтая праца, можа быць, патрапіць да Паўла, калі ён выйдзе».
«Наступяць больш светлыя часы, калі Паліна зможа выйсці і зноўку рабіць сваю любімую справу, займацца журналістыкай і працягваць… І мы таксама на гэта спадзяемся».

На Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

Палітолаг Вадзім Мажэйка на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

Віталь Бабін на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Сустрэча пад Вільняй паказвае: беларуская медыйная супольнасць застаецца адзінай. Праз творчасць, захаванне традыцый і падтрымку адзін аднаго журналісты працягваюць змагацца за сваіх і верыць у лепшую будучыню.
@bajmedia