«Медыяжаба»: Як пісаць пра Лукашэнку так, каб не пісаць пра яго ўвогуле
Ці ёсць жыццё без навін пра Лукашэнку? У чарговым выпуске праекта «Медыяжаба» разважае журналіст Павел Горбач.
Аднойчы ўвосень, калі людзі яшчэ кідалі памідоры ў кусты, Фэйсбук прынёс у стужку пост з пытаннем:
«Мне цікава, калі вялікая колькасць людзей перастане жыць у яго павестцы?»
А сканчалася ўсё так:
«Колькі можна? Можа варта памяняць кружэлку?»
Гэта пра Лукашэнку. У каментарах быў і біёлаг-эксперт, які, напрыклад, лічыць, «што быць па сапраўднаму незалежным СМІ у выгнанні не магчыма», прапануе чытаць расійскія і украінскія крыніцы, бо тыя быццам бы пакідаюць важнае, без смецця.
Такія размовы раней узнікалі часцей — можа ўвесну і ўвосень, але статыстыку я не вяду. Ды і дагэтуль не праблема сустрэць крыкі душы тыпу «Колькі можна пісаць пра Лукашэнку!».
Стваральнікі «Медиажабы»: матамі мы выказваем экспрэсію, а на дуэль пакуль ніхто не выклікаў
Дык мо сапраўды хопіць пісаць пра яго? Схема, думаю, можа быць такая – медыя перастаюць яго ўзгадваць, людзі перастаюць чытаць, і паступова 70-гадовы палітык раствараецца ў цемры, знікае назаўсёды. І толькі водар яго вусоў разносіцца над Астрашыцкім гарадком…
Рэалізаваць гэта можна праз «картэльную змову». То бок збяруцца кіраўнікі незалежных СМІ і дамовяцца пра бан на Лукашэнку. Гэта ў тэорыі. На практыцы, калі і збяруцца, то не дамовяцца.
Элементарныя рэчы
А не дамовяцца яны па некалькіх прычынах.
Па-першае, Лукашэнка – гэта чалавек, які кіруе краінай, і не пісаць пра яго немагчыма, якім бы дрэнным ён не быў, і як бы мы не хацелі забыць пра 30 гадоў сумеснага з ім жыцця. То бок ягоныя словы і дзеянні уплываюць на нас з вамі, на лёс краіны. Пра такое неяк не забудзешся.
Па-другое, Лукашэнка – гэта трафік. Можна іржаць з Еўрарадыё, якое на ютубе амаль у кожнае відэа запіхвае гэтае прозвішча. Але гэта дае сваю долю праглядаў. А прагляды, лайкі, падпіскі, унікальныя наведвальнікі, каментары – гэта аўдыторыя. Утрыманне і рост аўдыторыі – гэта поспех. Элементарныя ж рэчы. Навошта спыняцца пісаць пра Лукашэнку, калі гэта зменьшыць твой поспех?
Па-трэцяе – ад бану на Лукашэнку ў незалежных медыя, чытаць пра яго не перастануць. Цікаўныя людзі перацякуць са сваёй цікаўнасцю на іншыя рэсурсы. І гэта будуць не ўкраінскія медыя. На гэтых рэсурсах не будуць тлумачыць, што брэша ён тут, тут, і тут, а вось тут наогул неясна – магчыма, ён брэша разам з Пуціным і няікіх баегаловак у Беларусі няма. Так што акрамя згубленай аўдыторыі, мы яе яшчэ і піхнем у мяккія лапы прапаганды.
Раз — Лукашэнка, два — Лукашэнка. Як часта папулярныя медыя згадваюць гэтае прозвішча і навошта
Не хадзі за белым шпіцам
У пачатку я цытаваў фб-допіс журналіста. І хутчэй ён меў на ўвазе не паведамленні пра важнае. А паведамленні пра няважнае – трызненні дзеда, шпіц на стале, і іншы трэш-кантэнт усё пра тое ж.
Тут, па-першае, бачу сэнс у тым, каб нагадваць пра неадэкватнасць таго, што адбываецца – усе гэтыя Колі з аўтаматамі, сабака на мячы Колесава, гэты ж шпіц на стале, апошняе – «власть растопыренными руками не держат», і гэтак далей. Калі не нагадваць – застануцца толькі вылізаныя цытаты дзяржаўных крыніц, дзе няма акцэнту ні на які гэты смех, цырк і шматабяцальны трэмар.
Бонус-трэк. Калі я працаваў на БелТА, і калі Лукашэнка прапанаваў свае метады лячэння каранавіруса, то не ўсё ўвайшло ў анналы. Акрамя козачак, дыму, лазні і гарэлкі, яшчэ быў хрэн. Жывіце цяпер з гэтым.
А вось па-другое… Здаровыя медыі, якія імкнуцца да поспеху, пішуць пра тое, што важна, і што цікава людзям. Пра загатоўку гародніны ды садавіны ў сховішчах пад Мінскам пішуць іншыя медыя.
Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам
Памятаеце Сяргея Даўлатава з яго словамі пра Сталіна? Фраза дрэнная, бо непраўдзівая – не былі даносы рухавіком рэпрэсій. Гэбісты ішлі па «катэгорыях», як і зараз, кідаючы за краты людзей, якія падыходзяць па нейкіх прыкметах біяграфіі. Але у пададзеным кантэксце выглядае правільная. Дык вось перафармулюю: «Мы бясконца праклінаем таварыша Лукашэнку і, безумоўна, па справе. Але ўсё ж я хачу спытацца: хто нарабіў яму мільёны праглядаў?».
Пачытаць, што думаюць на гэты конт стваральнікі «Медыяжабы» Аляксей Карпека і Аляксей Івашкевіч, а таксама далучыцца да абмеркавання можна тут.