Стваральнікі «Медиажабы»: матамі мы выказваем экспрэсію, а на дуэль пакуль ніхто не выклікаў
Як папулярны мем парадзіў выданне пра беларускіх журналістаў і для журналістаў.
«Медиажаба» тыдзень таму ціхенька адзначыла сваё паўгоддзе.
Што хаваецца за мемнай жабай, якая прыходзіць у госці ў серады? Хто і для каго робіць гэты праект? І якіх сюпрызаў варта чакаць ад «Медиажабы» ў бліжэйшай будучыні?
БАЖ пагутарыў з сузаснавальнікамі праекта Аляксеем Карпекам і Аляксеем Івашкевічам.
«Медиажаба» – гэта пра невялікае балотца, дзе мы сядзім і квакаем
Аляксей Карпека: Ідэя з «Медиажабой» з’явілася больш чым паўгода таму. Мы падумалі пра тое, што было б класна зрабіць нейкую пляцоўку ці маленькае медыя, у якім можна абмяркоўваць надзённыя праблемы беларускіх медыяў. Наладзіць зваротную сувязь з журналістамі, каб яны дзяліліся сваімі балячкамі. Я не прыпомню аналагічнага медыя, хаця праекты пра медыя і з’яўляліся, тая ж «Медыякрытыка», але ўсе яны ўжо ці мёртвыя або паўмёртвыя. Мы абралі форму рассылкі – як самы просты варыянт камунікацыі: зараз існуе мноства зручных бясплатных сэрвісаў. Здаецца, усё пачыналася менавіта так, ці памяць мяне ўжо падводзіць, Аляксей?
Аляксей Івашкевіч: Відаць, ты пра нас думаеш намнога лепш, чым задумвалася (смяецца).
Ёсць пляцоўкі, дзе можна пачытаць пра журналістыку, ёсць пляцоўкі, дзе журналісты выказваюцца, але больш з нагоды пераследу, пра існуючыя праблемы. Але калі з’явіцца яшчэ адна пляцоўка, на якой могуць уздымацца нечаканыя, нетрывіяльныя пытанні, то чаму б і не? Была задумка паступова сфармаваць і кам’юніці: каб не толькі мы пісалі самі пра сябе, але і даць магчымасць выказацца і іншым. Так і атрымліваецца: значная частка тэмаў ў нашай рассылцы прынесеная нашымі госцікамі дарагімі.
— Чаму «Медиажаба»? Адкуль узялася назва?
Аляксей Івашкевіч: Па-першае, ёсць такі мем пра жабу, якая нешта прыносіць па серадах…
Аляксей Карпека: «Гэта серада, мае чувакі»…
Аляксей Івашкевіч: Так, гэта серада… Адпаведна, і мы часцяком выходзім у серады. Аляксей, які сэнс яшчэ закладзены ў нашай назве?
Аляксей Карпека (смяецца): Насамрэч мы доўга думалі над назваю, накідвалі розныя назвы. Шукалі кароткі і яркі варыянт. Таму «Медиажаба» – гэта як адсылка да выказвання «жаба… квакае гадзюку», але афіцыйна мы адмаўляем такую сувязь. Хутчэй «Медиажаба» – гэта пра невялікае балотца, дзе мы сядзім і квакаем.
— То-бок, гэта праект пра журналістаў і для журналістаў у сатырычна-іранічным фармаце? Кшталту медыявожыка ці медыякракадзіла (у савецкія часы выходзіў сатырычны часопіс «Крокодил», а ў Беларусі – гумарыстычны «Вожык»)?
Аляксей Карпека: Пра журналістаў – усё так. А іранічна-сатырычны кантэнт залежыць ад саміх аўтараў: нехта сапраўды іранізуе, нехта ставіцца да праблемаў празмерна сур’ёзна. Я ў асноўным іранізую ці пішу сатыру, Аляксей больш сур’ёзны; людзі, якія дасылаюць нам тэксты, больш сур’ёзна падыходзяць да справы, чым я.
Аляксей Івашкевіч: Раней мы працавалі разам, мы прывыклі дзяліцца навінамі і абмяркоўваць іх. Таму першапачаткова мы загарэліся думкай: чаму б абмеркаванне не зрабіць публічным, у форме аўтарскіх лістоў? Працэс адбываецца прыкладна так: адзін задае пытанне, а другі адказвае, ці адказваюць абодва.
— Гляджу, вы шчодра разбаўляеце свае тэксты ненарматыўнай лексікай. Якога эфекту вы дабіваецеся гэтым прыёмам?
Аляксей Карпека: Рэзка станоўчага (смяецца), вельмі на тое спадзяемся. А насамрэч такім чынам мы выказваем экспрэсію: маўляў, мы маем эмоцыі, а не бяздушныя журналісты, якія гавораць толькі фактамі. Нашы тэксты – па сутнасці аўтарскія калонкі, таму мы (у асноўным я) дазваляю сабе мацюгнуцца ў тэксце. Але я сабе ніколі і не забараняў гэтага ў публічнай прасторы – мяне спынялі толькі рэдактары.
У нас няма мэты некага пакрыўдзіць ці зняважыць. Прынамсі, яшчэ не з’явілася ніводнага паклёпніцкага тэкста, пакуль нікога не зачапілі.
— На дуэль яшчэ ніхто не вызываў?
Аляксей Карпека: Не, на дуэль пакуль ніхто не вызываў, і “ў лыч даць» таксама не пагражалі.
Аляксей Івашкевіч: Я нячаста мацюкі выкарыстоўваю. Але калі сітуацыя паршывая, то дазваляю сабе выказацца.
«Мы будзем рабіць свой прадукт, пакуль нас гэта не дастане»
— Цяпер, праз паўгода з пачатку праекта, як самі ацэньваеце: удаўся ён ці не?
Аляксей Івашкевіч: Журналістаў усяго 300—400 чалавек, калі не ўлічваць іншых супрацоўнікаў рэдакцый: мантажораў, SMMшчыкаў і гэтак далей, — усяго да паўтысячы чалавек, якія пакуль застаюцца ў прафесіі. Калі характарызаваць нашу мэтавую аўдыторыю, то гэта не толькі журналісты, але і чытачы, якія жыць не могуць без інфармацыі і чэрпаюць яе з беларускіх медыяў.
Гэта не той праект, які будзе працягвацца паўгода, затым перапынак, затым аднаўленне, не. Мы будзем рабіць свой прадукт, пакуль нас гэта не дастане. На YouTube, было адчуванне, быццам бы ўсяго 300 праглядаў, але гэта не так. Калі б гэта быў медыйны праект пра агульныя рэчы, то паказчык не вельмі добры. Але калі гэта вузкі праект – пра незалежных журналістаў і для тых, хто цікавіцца тэмай, то паказчык прымальны, як па мне.
Я яшчэ назіраю пэўныя змены, якія адбываюцца. Мы рабілі адмысловую рассылку пра ананімнасць: што губляе беларуская журналістыка, калі робіцца ананімна? Імпакт класна зрабіўся: на Аляксея потым крымінальную справу завялі, да яго прыходзілі з ператрусам… Але пасля гэтага некаторыя выданні пачалі падпісваць свае тэксты, канешне, хутчэй за ўсё псеўданімамі, але ўсё роўна пачалі. Запісваць на сваю карысць ці на збег абставін – не ведаю, але так здарылася. З такіх імпактаў пазней і будзем складваць мазаіку – тады і ўбачым, атрымалася штосьці ці не.
Аляксей Карпека: На нашу рассылку падпісаныя трохі больш за сто чалавек. На тэкставыя выпускі амаль заўсёды ёсць нейкі фідбэк ад людзей: або пішуць нам асабіста, або ў сацсетках выказваюцца. Мне здаецца, што за паўгода праект атрымаўся даволі няблага, бо другія журналісты пішуць нам тэксты альбо задаюць нам тэмы для рассылкі. Гэта больш, чым мы чакалі на старце, ад пачатку мы мелі самыя мінімальныя чаканні ад праекта.
Дарэчы, «Медиажаба» абсалютна бясплатная, мы не атрымліваем за яе ніякіх грошай. Як па мне, праект атрымаўся неблагі.
—«Медиажаба» стала вашым хобі?
Аляксей Карпека: Так, «Медиажаба» – праект, якім мы займаемся па-за нашай асноўнай працай.
— Ці плануеце вы нешта мяняць у развіцці праекта бліжэйшым часам?
Аляксей Карпека: У бліжэйшы час усё застанецца на ранейшым узроўні: будзем выпускаць тэксты, будзем рабіць падкасты, куды плануем запрашаць цікавых людзей, спадзяемся, што нам па-ранейшаму будуць дасылаць гасцявыя тэксты. Але бясплатная работа не заўсёды знаходзіць матывацыю.
А пашыраць рэдакцыю мы не плануем, бо рэдакцыі як такой няма. Наша рэдакцыя – наш сумесны чацік з Аляксеем. А далей – магчыма ўсё.
Аляксей Івашкевіч: Мы робім праект у вольны час, слова рэдакцыя ў нашым кантэксце – вельмі гучнае. Прапаноўвайце тэмы, пішыце нам свае лісты — такім чынам нашая каманда можа павялічыцца.