• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто такі Яўген Горын — прапагандыст, які бярэ інтэрв’ю ў палітвязняў за кратамі і кляйміць Захад

    Яўген Горын ездзіў гаварыць за кратамі з палітвязнем Юрыем Зянковічам. У сваіх выступленнях ён называе краіны Балтыі «марыянеткамі» і крытыкуе ЗША, што іх прэзідэнт ужо стары. «Наша Ніва» распавядае пра гэтага прапагандыста.

    Яўген Горын. Фота: СБ

    45-гадовы Яўген Горын родам з Мінска. Па звестках праекта Dig­i­tal intel­ligernce team, ягоны бацька — пенсіянер КДБ і міліцыі, маці працавала ў банку. Яўген Горын мае службовы пашпарт, які дае яму дадатковыя магчымасці пры падарожжах за мяжу.

    Пасля школы Горын вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава. Падчас вучобы працаваў з бацькам на футбольным манежы і ў гандлёвых цэнтрах у Мінску. А пасля заканчэння інстытута, у 2007 годзе, уладкаваўся журналістам на СТБ.

    Па водгуках былых калег, Яўген заўжды быў прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі.

    Адзін з іх кажа, што Горын заўжды ўваходзіў у пул Лукашэнкі, ездзіў з ім на розныя мерапрыемствы і быў на вельмі добрым рахунку, але асабліва не выпячваў сябе. «Працаваў і працаваў. Не памятаю, каб ён некага падставіў ці быў благім чалавекам. Горын з тых, хто можа паспрачацца з кіраўніцтвам, можа пайсці насуперак».

    У 2019‑м Горын пайшоў на павышэнне ў Белтэлерадыёкампанію. Цяпер яго прадстаўляюць як палітычнага аглядальніка. Ён шмат асвятляў падзеі 2020-га — вядома, з пазіцыі сілавікоў. Таксама Горын ездзіў на беларуска-польскую мяжу падчас мігранцкага крызісу ў 2021‑м.

    Яўген Горын прыязджаў на інтэрв’ю да палітвязня Юрыя Зянковіча. Скрыншот з БТ

    З апошніх яго гутарак — інтэрв’ю за кратамі з Юрыем Зянковічам у верасні 2024 года.

    Таксама ён размаўляў з польскім фанатам Лукашэнкі і адэптам «рускага свету» Марцінам Мікалаекам ды ўдзельнікам штурма капітолія Эванам Ньюманам, якія збеглі ў Беларусь.

    Горын выступае і як эксперт на беларускіх дзяржаўных каналах. Напрыклад, каментуе падзеі ва Украіне, горача падтрымлівае Расію ў вайне. Мае ён сваё меркаванне і наконт краінаў Балтыі — называе іх «марыянеткамі», якія зусім страцілі незалежнасць, бо залежныя ад краінаў-суседзяў.

    Высмейвае вайскова-прамысловы комплекс ЗША — маўляў, тэхніку яны робяць ледзь не ў хлявах, бо пасля развалу СССР там усё зачынілася. Ды і прэзідэнт занадта стары.

    Горын падтрымлівае зачыстку медыя і недзяржаўных арганізацый у 2020‑м. І робіць выгляд, што з‑за хэйту не пераймаецца.

    Яўген Горын распавядае пра тое, што ВПК ЗША фактычна разваліўся

    «З нагоды хэйту з боку «неверагодных» скажу, што калі ты добры тэлежурналіст, то вельмі хутка абзавядзешся досыць трывалай скурай, устойлівай да нападак. Так што дасыланыя мне ў 2020‑м карцінкі‑мемы, пагрозы, а таксама шкадаванні аб тым, што я не салідарызаваўся з балванамі, якія паралізуюць у Мінску рух па выходных у надзеі, што гэта абрыне дзяржаву, у мяне выклікалі хіба што гідлівасць», — казаў ён у інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці