• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэакарэспандэнта Яўгена Нікалаевіча МУС унёс у пералік «экстрэмістаў»

    Імя асуджанага журналіста Яўгена Нікалаевіча з’явілася ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Гэта адбылося 6 снежня на падставе таго, што набыў моц прысуд першай інстанцыі, вынесены відэакарэспандэнту незалежнага інтэрнэт-выдання «Медиа-Полесье» судом горада Пінска і Пінскага раёна.

    Яўген Нікалаевіч суд

    Яўген Нікалаевіч. Фота: media-polesye

    Яўген Нікалаевіч спрабаваў абскардзіць прыгавор у Брэсцкім абласным судзе, аднак 3 снежня суддзя Кацярына Груда скаргу адхіліла

    У дакуменце МУС пазначана, што журналіст ужо «адбывае пакаранне».

    Сёлета на пачатку кастрычніка суд у Пінску прызнаў Яўгена Нікалаевіча вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Але які менавіта вырак вынесла суддзя Яўгенія Мельнік дагэтуль невядома.

    Справа Яўгена Нікалаевіча

    У 2020 годзе Яўген Нікалаевіч у якасці відэакарэспандэнта рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Медиа-Полесье» асвятляў у Пінску пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Непасрэдна ў пратэстах удзелу журналіст не браў: ён займаўся толькі тым, што фіксаваў падзеі ў горадзе, здымаючы фота і відэа.

    Падчас выкананння прафесійных абавязкаў 10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. Двое сутак рэдакцыя «Медиа-Полесье» шукала свайго супрацоўніка, але ў пінскай міліцыі звестак пра месцазнаходжанне Яўгена Нікалаевіча не давалі. Толькі пазней стала вядома, што спачатку яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавезлі ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах.

    Калі журналіст выйшаў на волю, ён працягнуў прафесійную дзейнасць. Напрыканцы жніўня быў зноў затрыманы падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі і пакараны адміністрацыйным арыштам.

    У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў пінскую міліцыю, каб даць тлумачэнні па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бычылы. Як распавёў пазней Яўген, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней.

    Пасля адбыцця арышту Яўген Нікалаевіч з’ехаў з Беларусі. За мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Калі дакладна гэта адбылося, невядома.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці