• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Даследаванне паказала, што разам з праблемай палітычнага ціску праз прафесійную дзейнасць на медыйшчыкаў уплываюць і іншыя фактары, напрыклад, адсутнасць адэкватнага доступу да медыцыны ці ўласна праблемы з пошукам дастатковай колькасці працы.

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Выява: БАЖ

    Галоўным прыярытэтам працы БАЖ ёсць абарона і падтрымка журналістаў, бо за рэдакцыямі і функцыямі стаяць жывыя людзі, праблемы якіх у працы і пазапрацоўным жыцці цесна звязаныя. Распавядаем пра вынікі даследавання «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», якое ўжо трэці раз правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней падобнае апытанне БАЖ праводзіў у 2021 годзе.

    Хто ўдзельнічаў у даследаванні?

    Даследаванне пабудаванае на матэрыялах ананімнага апытання 211 удзельнікаў, а таксама на выніках дзесяці глыбінных інтэрв’ю. 

    У колькасным апытанні прынялі ўдзел рэспандэнты 25–55 гадоў, мужчыны і жанчыны прыкладна 50/50. З іх 80% працуюць у медыях. 10% не працуюць, бо не могуць знайсці працу, 4% па ўласным жаданні працуюць у іншай сферы. Яшчэ 2% вымушана не працуюць з‑за палітычнай сітуацыі ў РБ. Не працуюць, бо вучацца ці на пенсіі – меней 1%.

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    У глыбінных інтэрв’ю прынялі ўдзел пераважна жанчыны (7 з 10). Узроставыя групы рэспандэнтаў — 23–27; 30–42; 47–62 гады.

    Большасць рэспандэнтаў мае вялікі досвед шматпрофільнай працы ў розных тыпах медыяў. Некалькі чалавек з’яўляюцца прадстаўнікамі некамерцыйных арганізацый. Большая частка апытаных працавала як у дзяржаўных рэгіянальных і абласных, так і ў  незалежных медыях на асобных этапах кар’еры. Дзве ўдзельніцы прыйшлі ў прафесію адносна нядаўна — пасля 2020 года. 

    Удзельнікі і ўдзельніцы інтэрв’ю рэкрутаваліся метадам даступнай выбаркі. Гэта значыць, што да ўдзелу запрашаліся тыя прафесіяналы, якія самі адгукаліся і былі згодныя паразмаўляць больш глыбока пасля этапу анкетавання.

    Асноўныя вынікі. Журналісты ў крызісе, і ён не толькі прафесійны

    Апытанне паказвае, што журналісты і журналісткі перажываюць востры прафесійны і экзістэнцыяльны крызіс. Інтэрв’ю дазваляюць паказаць, як рэаліі крызісу перажываюць розныя групы прафесіяналаў у залежнасці ад іх профілю і досведу працы, актуальнага месца пражывання, узросту і полу.

    Гэта звязана не толькі з палітычна матываванымі рэпрэсіямі і рызыкамі прафесіі, вымушаным ад’ездам і стратай магчымасці быць побач з блізкімі людзьмі і былымі калегамі, але таксама, у многіх выпадках, адсутнасцю сталай працы і доступу да медычных паслуг.

    Прафесійныя праблемы

    Беларускія недзяржаўныя медыі перажываюць фінансавы крызіс, праз які цяжка знайсці працу. А тым, хто яе знаходзіць, цяжка пражыць  толькі на журналісцкі аклад, адзначаюць рэспандэнты.

    У дадатак некаторыя рэдакцыі могуць затрымліваць выплаты заробкаў і ганарараў праз недахоп сродкаў. Як паказала колькаснае апытанне, толькі 36,7% рэспандэнтаў працуе ў штаце на кантракце.

    Большасць калег мае сэрвісныя дамовы/ дамовы падрада ці працуе на фрылансе. У глыбінных інтэрв’ю большасць інфармантаў адзначыла, што сумяшчае працу ў некалькіх медыях ці праектах, а некаторыя маюць падпрацоўку ў іншых сферах. Пры гэтым сумяшчаць некалькі праектаў і відаў працы ў эміграцыі значна цяжэй, бо дадаюцца праблемы легалізацыі і інтэграцыі.

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Рэспандэнты  з вострай трывогай і адчуваннем несправядлівасці адзначаюць, што многія іх калегі і ў Беларусі, і ў эміграцыі сыходзяць з прафесіі. Пераслед і рызыкі рэпрэсій, крызіс фінансавання і крытычны ўзровень нявызначанасці будучыні ў эміграцыі могуць прывесці да звужэння беларускай медыяпрасторы. Многія ўдзельнікі і ўдзельніцы апавядаюць, што  ім складана ўявіць сабе будучыню ў прафесіі і эміграцыі агулам праз пастаянныя рэпрэсііі, фінансавыя выклікі і складанасці з легалізацыяй. 

    Ёсць выгаранне, перагруз і нервы з‑за пастаяннай магчымасці, што сёння зноў прыдуць, і шараханне ад любога званка ў дзверы. (м, 50, больш за 15 гадоў у журналістыцы, Беларусь).

    Агульная няўпэўненасць у медыясферы зараз: што будзе заўтра, што будзе ў наступным годзе, ці зможам мы працаваць, як працавалі. […] І незаўсёды зразумела, будзе фінансаванне ці не. Адзін з праектаў, дзе я, нягледзячы ні на што, працягваю працаваць, фінансавання не атрымаў. Хаця на працягу 20 гадоў перад гэтым усё працавала. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    • Верагоднасць пераследу мяне альбо маіх родных за маю прафесійную дзейнасць 67,3%.
    • Нізкі заробак, недахоп сродкаў у нашым медыя 62%.
    • Перагружанасць працай 40%.
    • Недахоп камунікацыі з калегамі 34%.
    • Адсутнасць адпаведнай мне працы 32%.
    • Цэнзура і самацэнзура 27%.
    • Адсутнасць адпаведнага памяшкання для працы 24%.
    • Састарэлая тэхніка і патрэба ў яе замене 20%.
    • Адсутнасць журналісцкага кам’юніці ў вашай мясцовасці 14%.

    Адсутнасць магчымасці стабільнага працаўладкавання на кантракце робіць журналістаў уразлівай і сацыяльна неабароненай групай. У сваю чаргу, «спрынтарскі рэжым» працы, фінансавая і сацыяльная неабароненасць не дазваляюць своечасова вырашаць праблемы са здароўем, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі ў групе асабістых праблемаў. 

    Амаль усе працуюць як падрадчыкі, таму юрыдычна людзі не маюць права ні на вакацыі, ні на бальнічныя. З тэмпературай ці не, але сядзіш і працуеш. Людзі стараюцца пайсці насустрач, дзесьці дамовіцца, падмяніць, перанесці, але гэта трымаецца на міжчалавечых стасунках. І на жаль, гэта не прапісана нідзе. (ж, 27, працуе ў медыя з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).

     

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    • Праблемы з легалізацыяй — 19%.
    • Праблемы з легазілацыяй членаў сям’і — 14%.
    • Дыскрымінацыя беларусаў/ак паводле пашпарту — 15%.
    • Праблемы са здароўем — 35%.
    • Псіхалагічныя праблемы — 49%.
    • Адсутнасць медычнай страхоўкі — 28%.
    • Адсутнасць сяброў і блізкіх людзей у новай краіне — 26%.
    • Моўнае пытанне ў новай краіне — 40%.
    • Праблема з пошукам устаноў для адукацыі дзяцей — 3%.
    • Няма з кім пакідаць малалетніх дзяцей — 10%.

    Дадзеныя акругленыя да цэлай лічбы адсоткаў.

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Пытанне медычнай страхоўкі і яе аплаты застаецца актуальным нават для тых, хто працуе ў штаце. У многіх сітуацыях экстранных аперацый ці іншых, калі тэрмінова неабходны доступ да дактароў, ён магчымы толькі на платнай аснове, бо час не дазваляе чакаць таннейшыя ці бясплатныя паслугі. Амаль ўсе удзельнікі і ўдзельніцы адзначылі, што вельмі часта не разумеюць сістэму і як атрымаць доступ да спецыяліста ў той краіне, куды яны вымушана эмігравалі, нават калі ў іх ёсць індывідуальная ці сямейная страхоўка.

    Некалькі рэспандэнтаў адзначылі, што ўвогуле не могуць сабе дазволіць аплаціць медычную страхоўку і не ведаюць, як можна вырашыць гэтае пытанне. У многіх выпадках адзіным выйсцем з’яўляецца дапамога дыяспары (пазыка ў сяброў і знаёмых ці краўдфандынгавы збор), а таксама асобныя гранты і магчымасці палепшыць здароўе, якія даюць прафесійныя журналісцкія арганізацыі, такія, як БАЖ (кароткатэрміновы адпачынак ці грошы на тэрапію альбо аперацыю).

    Узрост

    Асобным фактарам, які ўплывае на якасць жыцця і доступ да рынку працы, з’яўляецца ўзрост. Прафесіяналы з багатым досведам працы, але з больш сталым узростам, апынаюцца ў найбольш уразлівай групе журналістаў у эміграцыі.

    Калі малодшае пакаленне можа знайсці альтэрнатыву кшталту працы ў SMM і блогах без глыбокага досведу, старэйшаму пакаленню нават з шматпрофільным і універсальным досведам пошук працы даецца цяжка. Адзін з рэспандэнтаў старэйшага ўзросту распавядае, што падаваўся на шэраг вакансій у медыях і іншых сумежных сферах, але не змог знайсці працу ў штаце праз узрост. Яго досвед найбольш выразна адлюстроўвае снежны ком праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты ў вымушанай эміграцыі: 

    Былі складанасці, звязаныя з тым, што такі жыццёвы крызіс, як у мяне цяпер, я не перажываў у сваім жыцці ніколі. Пры тым, што ў мяне жыццё не сахар, мякка скажам (смяецца), было. Але калі без грошай, калі хваробы накідваюцца, калі ніхто не бярэ на любую працу ў горадзе N, таму што ўжо за 60 гадоў. Калі проста не ведаеш, ці не апынешся заўтра на вуліцы, таму што няма чым заплаціць за кватэру, а на X не плацяць па 5 месяцаў заробак той мінімальны, які я мусіў атрымаць. Не толькі мне, але і некалькім дзесяткам людзей. (м, 60+, працуе ў медыях з 90‑х, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    У той жа час, журналісткі, якія адносна нядаўна прыйшлі ў прафесію, адзначаюць, што не стае магчымасцяў напрацаваць прафесійныя кантакты праз геаграфічную разарванасць прафесійных суполак (Польшча — Грузія — Літва) і абмежаваны доступ да ўжо склаўшыхся сетак прафесійных кантактаў, якія маюць журналісты са сталым досведам у прафесіі. Асобна прафесіяналы ўсіх узростаў адзначылі, што пошук новых вакансій ускладняецца закрытасцю каналаў камунікацыі і прафесійных стасункаў, як гэта апісваецца ў цытатах ніжэй. 

    То-бок яны выкідваюцца ў супольнасць, у журналісцкі чат, але ўжо ёсць людзі, якіх бы хацелі бачыць на гэтай вакансіі, на гэтай пасадзе. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Але, мне падаецца, не шмат вакансій, вывешаных у агульным доступе. І, наколькі я ведаю, многія трапляюць на нейкія працы не тое што па знаёмству (гэта будзе некарэктна казаць, бо гэтыя людзі сапраўды маюць пэўныя кампетэнцыі), але няма магчымасці паглядзець вакансіі агулам. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).

    Геаграфічная разарванасць прафесійных суполак таксама ўплывае на паўсядзённую працоўную камунікацыю. Напрыклад, у Варшаве вялікая дыяспара і адмысловы медыяхаб спрыяюць прафесійнай падтрымцы. Медыяхаб стаў важным месцам для падтрымкі працоўных і сацыяльных стасункаў, але некаторыя рэспандэнты адзначаюць, што колькасць цікавых мерапрыемстваў хаба раней была большая.

    Журналісты, якія працуюць у Вільні, Варшаве і Беластоку адзначаюць, што маюць актыўнае кола кантактаў з калегамі ў дасяжнасці, у той час як, напрыклад, журналісты з Уроцлава і Тбілісі адчуваюць ізаляванасць і недахоп афлайн камунікацыі. Асабліва актуальным гэтае пытанне з’яўляецца для тых, хто працуе з дому.

    Камунікую з калегамі раз на тыдзень (на планёрцы) уголас, увесь астатні час перапісваемся. Недахоп вельмі адчуваецца. І не толькі з калегамі. Адчуваецца проста недахоп камунікацыі. (ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы). 

    Так як многія каманды многіх выданняў раскіданыя па розных гарадах і краінах, не хапае нейкага тымбілдынгу. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Адсутнасць магчымасці пастаяннай сувязі з калегамі. Тут яна ёсць у інтэрнеце, але яна не такая шчыльная, як была, напрыклад, у Беларусі. Гэта больш анлайн камунікацыя. Бо, па-першае, мы ў розных гарадах. Па-другое, з улікам умоў працы, мае калегі рэдка працуюць у офісе па 8 гадзін. Часцей гэта звычайная кватэра, не абсталяваная. Там толькі студыя зробленая на мінімалках, як маглі. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Удзельнікі і ўдзельніцы вырашаюць пытанні з тэхнікай і памяшканнем па-рознаму.  У трох з дзесяці інтэрв’ю рэспандэнты адзначылі, што мелі магчымасць абнавіць тэхніку (камп’ютары) за кошт рэдакцыі. У астатніх выпадках журналісты працуюць ці на офіснай тэхніцы, якая часта патрабуе замены, ці на асабістай, якую набылі на свае грошы. У той жа час ва ўсіх інтэрв’ю не было агучана крытычных запытаў пра офіснае памяшканне, бо многія прызвычаіліся працаваць з дому ці ў каворкінгу.   

    Харасмент

    Агулам пра харасмент заявілі 16% апытаных, то-бок 34 чалавекі з 211. Цікава, што адказы не залежалі ад гендару (і жанчыны, і мужчыны заявілі пра харасмент прыкладна ў адной прапорцыі).

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Некаторыя рэспандэнты звяртаюць увагу на цяжкасці публічнай камунікацыі з калегамі, часам нездаровую атмасферу ў прафесійных анлайн-суполках і непаразуменні ў рэдакцыях, цяжкія ўмовы для пабудавання прафесійнай салідарнасці.

    Мне здаецца, што эміграцыя падсвяціла праблемныя моманты камунікацыі, што журналісцкія чаты рэгулярна ўзрываюцца на любыя тэмы — пра мову, пра загалоўкі, пра нейкія этычныя праблемы. Што ўзнікаюць думкі, ці варта звяртацца па дапамогу да калег, бо ты альбо атрымаеш нейкія парады, альбо атрымаеш «па галаве» (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Падаецца, у нас увогуле ёсць праблемы з крытыкай адзін аднаго. Штосьці дзесьці ўсплыве, хтосьці, замест таго, каб пачаць абмяркоўваць, пачынае з нейкіх наездаў. І гэта зноў ператвараецца у, выбачаюся за слова, бульбасрач, без канструктыўнага дыялогу і канструктыўнага прыняцця нейкіх рашэнняў і прыходу да кансэнсусу. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).

    Няма былой камунікацыі, якая была некалі ў Беларусі. Няма мерапрыемстваў супольных. А тое, што ёсць, не прыносіць задавальнення. Хочацца трымацца далей ад усіх. (ж, 38, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    У асобных інтэрв’ю адзначаліся выпадкі парушэння этыкі працоўнай камунікацыі і псіхалагічнага аб’юзу. У гэтых выпадках калегі пераходзілі на недапушчальны тон размовы і выкарыстоўвалі нецэнзурную лексіку ў публічных перамовах.

    У глыбінных інтэрв’ю не была раскрытая тэма харасменту ў дастатковай ступені. Для фармавання даверу ў размове на гэтую тэму патрэбныя больш сенсітыўныя метады (напрыклад, медыяцыя ці con­ver­sa­tion cir­cles). Колькасныя інтэрв’ю паказваюць, што запыт на размову пра харасмент існуе, незалежна ад гендару рэспандэнтаў. 

    У мяне быў калега, мужчына, які ўсіх супрацоўнічаючых з ім жанчын натуральна зневажаў. Не абражаў —  харасменту не было, — але ён сам па сабе такі чалавек, што ад супрацы з ім табе падаецца, што ты тупая. Аднак ты не павінен так адчуваць сябе на працы. Была сітуацыя, калі ён мяне вельмі моцна абмацюкаў. Я тры дні да сябе прыходзіла. Я ўразлівы чалавек. Мне было ад гэтага вельмі дрэнна, я страціла працаздольнасць. […] Там не было нават ніякай маёй памылкі. Проста ў чалавека здалі нервы. […] Гэты ж чалавек мог мне ў 3 гадзіны ночы патэлефанаваць па працы. Гэта ненармальна. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара».

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Адзначаныя вышэй выклікі прафесійнай камунікацыі дапаўняюцца, на думку рэспандэнтаў, паніжэннем прафесійных стандартаў працы праз недахоп часу і чалавечых рэсурсаў на фактчэкінг і працу з асобнымі тэмамі (напрыклад, з уразлівымі групамі).

    Адзначаецца звужэнне дыяпазону даступных журналісцкіх жанраў, перагружанасць шматзадачнай працай. Шмат гаворыцца пра складанасці ў выкарыстанні тэрміналогіі, якая хутка мяняецца. Выклікае занепакоенасць пашырэнне мовы варожасці. Многія сутыкаліся з сучаснымі выклікамі прафесіі ў барацьбе за аўдыторыю (клікбэйт, скарачэнне часу на вычытку памылак і інш.). 

    То-бок, калі ў цябе ёсць канкурэнцыя, калі ёсць калегі, якія пакажуць на памылкі, тады прасцей трымаць прафесійны ўзровень. А калі ўсе гоняцца за клікбэйтам, калі з беларускіх медыяў у эміграцыі 4–5 буйных, і ўсе яны прыблізна аднолькава працуюць з імкненнем зрабіць як мага больш чытачоў ці гледачоў, то вельмі вялікай праблемай становіцца ўзровень журналістыкі. […] Зараз у нас няма вызначэння дапусцімых межаў у клікбэйтнасці. Асабліва калі ў загалоўку няма прамой абразы, але ён на мяжы. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Я зараз працую ў адной ініцыятыве, якая падымае пытанні адносін беларускага грамадства да ЛГБТК+ людзей. Але мы заўважылі за апошні час, што такія тэмы знізіліся ў медыяпрасторы. […] шмат рэдакцый працуе ў экспрэс-фармаце з палітычным перакосам, а пра ўразлівыя групы сталі менш пісаць. (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію).

    Мяняецца нават падыход да словаў. Раней мы пісалі «мігранты і бежанцы», а зараз праваабаронцы кажуць, што трэба пісаць «мігранты, уключаючы бежанцаў». То-бок мяняюцца словы, падыходы, але за недахопам часу медыі гэта могуць не адсачыць. (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію).

    У гэтай сувязі, удзельніцы і ўдзельнікі падымаюць пытанні прафесійнага і этычнага рэгулявання працы журналісцкай супольнасці, а таксама абнаўлення існуючага прафесійнага кодэксу. На думку многіх рэспандэнтаў, прапісаныя правілы, а таксама публічная праца над аднаўленнем практык ацэнкі і канструктыўнай дыскусіі ў прафесійнай супольнасці змаглі б дапамагаць журналістам паўсядзённа вырашаць спрэчныя этычныя сітуацыі ў публікацыі матэрыялаў, канфлікты ў прафесійнай супольнасці і парушэнні прафесійнай этыкі ў стасунках з калегамі.

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Этычнае самарэгуляванне, на думку рэспандэнтаў,  у шырокім сэнсе дае разуменне і інструменты, «як выходзіць з розных канфліктаў, і што ў працы журналіста з’яўляецца дапушчальным, а што не». Пры гэтым, для рэспандэнтаў асабліва важна, па-першае, не нашкодзіць суразмоўцам у Беларусі, а па-другое, не прасоўваць павестку рэпрэсіўнага рэжыма. 

    Некалькі рэспандэнтаў глыбінных інтэрв’ю адзначылі, што працуюць у медыяарганізацыях і НДА, дзе ёсць прапісаныя правілы этычнага самарэгулявання. Яны таксама арыентуюцца на этычны кодэкс БАЖ. Аднак у кожнай канкрэтнай сітуацыі існуючых правіл часам не хапае. Адзначаныя вышэй праблемы і новыя выклікі патрабуюць перагляду ці дапаўнення кодэксу. 

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Удзельнікі і ўдзельніцы, якія не маюць прапісаных правілаў у рэдакцыях і арганізацыях, вырашаюць спрэчныя моманты з калегамі ў абмеркаваннях на планёрках і «спрэчках у рэдакцыі». Некалькі рэспандэнтаў адзначылі, што іх працоўныя калектывы знаходзяцца ў працэсе прыняцця прапісаных правіл этычнага самарэгулявання.

    У асобных інтэрв’ю закраналася тэма прафесійных асацыяцый і неабходнасці больш актыўнай працы па стварэнні інфраструктурных магчымасцяў для салідарызацыі журналістаў і аднаўлення практыкі самаацэнкі і самарэгулявання, якія былі наладжаныя ў Беларусі (напрыклад, стварэнне адмысловага этычнага камітэта, альбо сталая праца «Журналістаў за талерантнасць»).

    Цэнзура і самацэнзура – пераслед за прафесію

    Асноўным выклікам для ўсіх рэспандэнтаў з’яўляецца неабходнасць балансаваць паміж якасцю медыяматэрыялаў і захадамі бяспекі, якія неабходныя для абароны крыніц інфармацыі, саміх журналістаў і іх родных і калег у рэпрэсіўных умовах. Усе рэспандэнты адзначаюць, што з гэтай прычыны цэнзура і самацэнзура практыкуецца ў калектывах кожны дзень.

    Самі аўтары матэрыялаў вымушаныя прадумваць нават мінімальныя рызыкі, а таксама пра гэта дбаюць рэдактары і кіраўнікі. Гэта найбольш актуальна для прафесіяналаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Журналіст з Беларусі адзначыў, што працаваць у такіх умовах і рабіць матэрыялы становіцца ўсё цяжэй. Аднак і медыйшчыкі ў замежжы не пазбаўленыя рызыкі, бо шмат у каго ў Беларусі застаюцца сваякі ці маёмасць.

    У інтэрв’ю былі адзначаныя выпадкі, калі праз прафесійную актыўнасць журналістаў у замежжы іх сваякі ў Беларусі былі выкліканыя на допыты ці зазналі ператрусы і апісанне маёмасці.

    Навучанне

    Большасць удзельнікаў і ўдзельніц глыбінных інтэрв’ю актыўна карыстаецца даступнымі рэсурсамі і праектамі прафесійнага навучання.  Яны адзначаюць, што пры жаданні заўсёды можна знайсці карысныя магчымасці для пашырэння ведаў і кампетэнцый. Аднак у асобных інтэрв’ю былі адзначаныя праблемы стагнацыі медыяў. Пазначаюць замыканне на ўжо вядомых практыках і спікерах. А таксама зазначаюць патрэбу ў абнаўленні інструментаў працы і тэмаў навучання. 

    Праблема, якая мне асабіста бачыцца, у тым, што некаторыя медыі пагразлі ў нейкім мінулым жыцці. Не ў плане да 20-га года, а ў плане тэхналагічным, у плане метадалагічных падыходаў да фарміравання свайго брэнда. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Мне складана сфармуляваць, у чым канкрэтна, але я ўвесь час адчуваю, што я раблю адное і тое на аўтамаце, і што мне не хапае ведаў, не хапае навучання, не хапае руху наперад. […] Усё адное і тое ж, карацей. І адчуванне стагнацыі. (ж, 38, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).

    Сярод актуальных патрэб у навучанні былі асабліва адзначаныя неабходнасць павышэння кваліфікацыі і пашырэння даступнасці выкарыстання інструментаў штучнага інтэлекту. Медыяпрафесіяналы адзначаюць, што тыя кампетэнцыі, пра якія распавядаюць на трэнінгах, з замежнымі спікерамі ўключна, не заўсёды магчыма выкарыстаць у працоўным працэсе. Тут справа ў абмежаванасці дыяпазону моваў і функцыяналу даступных версій ШІ. 

    Асобным запытам з боку журналістаў старэйшага пакалення, у тым ліку ў Беларусі, з’яўляецца праца з платформамі сацыяльных медыяў, прыкладу Tik­Tok. Адзін з журналістаў адзначыў, што часам яму складана хутка і якасна ствараць кантэнт у  Tik­Tok, падбіраць ілюстрацыі і публікаваць пасты на платформе.

    Многія медыяпрафесіяналы ў эміграцыі адзначалі, што варта ствараць больш магчымасцяў для нетворкінга і абмену досведам паміж рознымі праектамі. Ім хочацца абмяркоўваць актуальную тэрміналогію (мова для асвятлення праблемаў уразлівых груп, фемінітывы), і сучасныя выклікі прафесіі. 

    Псіхалагічныя праблемы

    Варта звярнуць асаблівую ўвагу на праблемы эмацыйнага выгарання і псіхалагічны стан медыяпрафесіяналаў. Кожны з рэспандэнтаў мае сваю гісторыю, якая так ці інакш закранае праблемы ментальнага здароўя, звязанага з прафесійным, грамадскім, ці асабістым крызісам. У двух з дзесяці інтэрв’ю рэспандэнты распавядалі пра спробы суіцыду, яшчэ двое медыяпрафесіяналаў маюць дыягнаставаную дэпрэсію. У адным інтэрв’ю рэспандэнтка распавяла пра хатні гвалт і складаны перыяд аднаўлення ментальнага стану. 

    Усе дзесяць суразмоўцаў працуюць ці працавалі з псіхатэрапеўтамі, якіх знайшлі праз прафесійныя праекты на бясплатнай аснове альбо самастойна за свае грошы. Ва ўсіх інтэрв’ю гучыць запыт на магчымасць мець доўгатэрміновы доступ да спецыялістаў і неабходных медыкаментаў па ментальным здароўі, бо часта сярод кароткатэрміновых бясплатных паслуг вельмі цяжка знайсці спецыяліста, які аказвае дзейсную дапамогу («каб была магчымасць не проста адзін раз 10 сесій, а напрыклад, 10 сесій раз на паўгады, ці раз на год»).

    Апроч таго, часткова паляпшаць псіхалагічны стан дапамагаюць кароткатэрміновыя рэтрыты і магчымасці адпачыць, уключаючы даступныя праз прафесійную супольнасць праграмы кароткіх адпачынкаў.   

    Галоўная мая асабістая праблема, звязаная з работай, тое, што ад нерваў сядае здароўе. Таму вельмі каштоўнае — добры адпачынак. Гэтым летам дапамаглі адпачыць у санаторыі — гэта было файна. Калі б была магчымасць штогадовага такога адпачынку… Само разуменне, што гэта магчыма, ужо дапамагае жыць. (м, 50, больш за 15 гадоў у журналістыцы, Беларусь)

     Не сказала б, што бясплатныя псіхолагі вельмі імкнуцца дапамагчы. Першы псіхолаг проста чытаў мне лекцыю, не чуў, што я яму казала, і нават не запамінаў, што ён два разы запар мне расказвае адное і тое ж. (ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы) 

    Яшчэ адным важным напрамкам падтрымкі, на думку ўдзельнікаў і ўдзельніц інтэрв’ю, з’яўляецца індывідуальная інфармацыйная дапамога ў пошуку спецыялістаў для людзей, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Гэта паспрыяе больш аператыўнаму доступу да мэтавай дапамогі, калі траўмаваны чалавек не губляе час на пошук спецыяліста і трапляе да яго не з шостага разу.

    Легалізацыя, моўны бар’ер і дыскрымінацыя ў краіне эміграцыі

    Журналісты і журналісткі ў вымушанай эміграцыі сутыкаюцца са складанасцямі легалізацыі. Праз гэта яны не могуць своечасова атрымліваць медычную дапамогу для сябе і блізкіх, а таксама доступ да адукацыі для дзяцей.

    Праблемы легалізацыі часткова вырашаюцца праз афармленне міжнароднай абароны. Аднак кожны з рэспандэнтаў адзначае, што легальны статус можа змяняцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў прымаючай краіне. З‑за гэтага няма ўпэўненасці, што сітуацыя не зменіцца.

    Праз гэта некаторыя рэспандэнты ўжо маюць двайны досвед эміграцыі (з Літвы ў Польшчу). Некаторыя плануюць змяніць краіну знаходжання, бо адчуваюць палітычную небяспеку (прынамсі, у Грузіі).

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»

    Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара». 5 снежня 2024 года

    Пытанне магчымай змены краіны пражывання па-ранейшаму тычыцца даволі вялікага адсотку калегаў. Так, задумваюцца пра пераезд 27,5% рэспандэнтаў, а яшчэ 7,6% плануюць пераезд ужо ў гэтым ці наступным годзе. Большасць рэспандэнтаў, што абралі такія адказы, адзначылі, што жывуць сёння ў Беларусі, Літве ці Грузіі.

    64,5% рэспандэнтаў адказалі, што не плануюць пераезд у новую краіну. Цікава, што ўзрост і гендар калег практычна не ўплываў на адказы у бягучым пытанні.

    У многіх выпадках сітуацыя ўскладняецца пратэрмінаваным пашпартам, які цяпер немагчыма аднавіць па-за межамі Беларусі. Праз гэта, а таксама немагчымасць атрымаць дакументы аб адукацыі з Беларусі, старэйшыя дзеці рэспандэнтаў не могуць пачаць атрымоўваць вышэйшую адукацыю. 

    У досведзе жанчын дадаецца клопат пра дзяцей ад садка да падлеткавага ўзросту. Журналісткі адзначаюць, што з‑за сацыяльнай неабароненасці і невялікіх заробкаў часта не маюць магчымасці аплаціць арэнду жылля і неабходнае медыцынскае абслугоўванне для дзіцяці. Праз перагружанасць працай і моўныя бар’еры цяжка спраўляцца з пошукам навучальнай установы і камунікацыяй з адміністрацыяй і настаўнікамі.

    Рэспандэнткі кажуць, некамерцыйныя арганізацыі і прафесійныя суполкі маглі б дапамагчы вырашаць такія праблемы з дапамогай даступнага і зразумелага гайда.  У ім трэба сцісла апісаць неабходныя крокі. Можна даць спасылкі на рэсурсы з дапамогай у пошуку і камунікацыяй з навучальнымі ўстановамі. 

    Для тых журналістак, хто хацеў бы мець дзіця, паўстае пытанне няўпэўненасці ў тым, што яны змогуць забяспечыць сям’ю, нягледзячы на краіну вымушанай эміграцыі. Асобнай вострай праблемай у Польшчы, якая хвалюе журналістак, з’яўляецца доступ да кантрацэптываў і забеспячэнне права на аборт.   

    Многія рэспандэнты ў эміграцыі звярталі ўвагу на складанасці вывучэння мовы краіны, у якой яны знаходзяцца. Яны адчувалі дыскрымінацыю праз моўны бар’ер у медычных ці навучальных установах. Праз перагружанасць працай і цяжкасці вывучэння асобных моваў (прынамсі, літоўскай) працэс упэўненай камунікацыі з носьбітамі замаруджваецца.

    Гэта можа істотна сказвацца і на магчымасці пошуку працы. Аднак многія медыяпрафесіяналы адзначалі, што імкнуцца вывучаць мову самастойна ці пры дапамозе даступных бясплатных і платных курсаў. Некаторыя рэспандэнты адзначаюць, што даступнасць афлайн курсаў з жывой практыкай можа значна паскорыць працэс вывучэння мовы і паспрыяць пераадоленню апісаных бар’ераў.

    Гэта складана. І калі я шукаў ужо любую працу некалькі месяцаў, то таксама гэтае пытанне было, таму што маёй польскай мовы не хапала, каб мяне ўзялі, напрыклад, тым жа ахоўнікам. (м, 60+, працуе ў медыях з 90‑х, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы) 

    Я доўгі час не вучыла польскую мову, бо баялася страціць беларускасць. […] У першы ж месяц свайго жыцця ў Польшчы давялося размаўляць з дырэктарам школы. Гаварыла павольна па-беларуску — паразумеліся. Але, як мне падалося, ён быў зацікаўлены ў гэтам.
Пасля быў страшны выпадак, калі дачцы выклікалі ў школу хуткую дапамогу, бо ёй моцна балела сэрца. Пасля гэтага мы пайшлі да платнага дзіцячага кардыёлага. Я заплаціла немалыя грошы. Лекар пачаў нешта хутка казаць па-польску. Папрасіла яго гаварыць павольней, бо яшчэ дрэнна разумею польскую (гэтую фразу я перад візітам завучыла па-польску). Лекар ляснуў у далоні, сказаўшы нешта кшталту, няма мовы— няма і кансультацыі, і выставіў нас за дзверы.
(ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы) 

    На грузінскай мове зараз я ўжо магу нешта замовіць. Калі пытаюць вуліцу — адказаць, куды ісці. На бытавым узроўні.
У мяне ёсць трошкі знаёмых грузінаў і грузінак. Магу з імі перапісвацца на грузінскай. Не ўсё, канешне, разумею, але нейкія простыя рэчы магу зразумець. Я падпісаная на розных грузінскіх блогераў, таму там чую мову (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію)

    Такім чынам, і колькаснае, і якаснае даследаванні паказваюць, што беларуская медыясфера перажывае крызісныя моманты. Яна патрабуе інфраструктурных зменаў, новых падыходаў і рэсурсаў для салідарызацыі прафесійных супольнасцяў, тэхналагічнай і фінансавай падтрымкі.

    Супрацоўнікі медыяў прыкладаюць калектыўныя і індывідуальныя намаганні для захавання прафесійных каштоўнасцяў і канструктыўнага дыялогу. Але сітуацыя абвастраецца вострымі выклікамі рэпрэсій і звязаных з імі рызыкамі, недаверам і недахопам рэсурсаў у супольнасці. А таксама тэхналагічнымі і этычнымі выклікамі сучаснай медыяіндустрыі.

    Найбольш вострымі пытаннямі, якія наўпрост уплываюць на працу рэспандэнтаў, з’яўляюцца юрыдычная і сацыяльная неабароненасць, перагружанасць працай і звужэнне магчымасцяў мяняць працу ці працаваць у розных жанрах і сферах. А яшчэ пераслед праз прафесію і праблемы легалізацыі і дыскрымінацыі ў эміграцыі, прафесійнае выгаранне і праблемы з фізічным і ментальным здароўем. 

    Кароткія высновы БАЖ:

    • Беларускія журналісты і журналісткі знаходзяцца ва ўразлівым стане, як у Беларусі, так і ў вымушанай эміграцыі.
    • Беларускі медыясектар усцяж патрабуе сур’ёзнай міжнароднай і унутранай падтрымкі, працы беларускіх падтрымліваючых арганізацый і міжнародных партнёраў для захавання людскога патэнцыялу сектара.
    • Асаблівая ўвага патрабуецца наступным праблемам: скарачэнне колькасці працоўных месцаў у медыях, немагчымасць афармлення супрацоўнікаў у штат медыяў і адсутнасць сацыяльнай абароны медыясупрацоўнікаў, неабходнасць адрасных праграм псіхалагічнай і медычнай дапамогі.
    • Застаецца запатрабаванасць у праграмах вывучэння мясцовай мовы ў краінах рэалакацыі.
    • Захоўваецца запыт на распрацоўку дакументаў і стварэнне механізмаў для абароны медыясупрацоўнікаў ад харасменту, нават калі гэта не з’яўляецца галоўнай праблемай, па меркаванні апытаных.
    • Асабліва складаны стан журналістаў у Беларусі.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Аб рашэнні Праўлення БАЖ ад 25 жніўня 2026 года 25 жніўня 2026 адбылося пасяджэнне Праўлення БАЖ, на якім разглядаліся выкананне рашэння Праўлення БАЖ ад 23 снежня 2025 года па справе Барыса Гарэцкага, а таксама праект Гендарнай палітыкі БАЖ.
    26.08.2026
    Акцэнты

    Праваабаронцы прызналі Юрыя Трашчынскага палітвязнем

    Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі апублікавалі сумесную заяву, датычную гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага, абвінавачанага паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гукарэжысёру інкрымінавалася супрацоўніцтва з радыёстанцыяй «Беларускае Радыё Рацыя», якую КДБ 16 студзеня 2024 года абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».
    21.07.2026
    Навіны

    МФЖ і ЕФЖ патрабуюць спыніць пераслед беларускіх журналістаў, які цягнецца ўжо шэсць гадоў

    07.08.2026
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.