• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як прапаганда стварае культ асобы, або Інструкцыя па выкрыцці фэйкаў для чайнікаў

    Якія «нацыянальныя асаблівасці» мае беларуская прапаганда падчас прэзідэнцкай кампаніі? І як недасведчанаму карыстальніку байнэта змагацца з фэйкамі, якія шчодра ўкідваюцца ў публічную прастору? БАЖ пагутарыў з намеснікам дырэктара Беларускага раследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Аляксандрам Вастровым.

    Аляксандр Вастроў. Фота: investigatebel.org

    — Безумоўна, існуюць «нацыянальныя асаблівасці» беларускай перадвыбарнай прапаганды, і за іх з’яўленнем вельмі цікава назіраць.

    Прапаганда тлумачыла падзеі 2020 года наступным чынам: мы мала расказвалі людзям пра нашы поспехі, што і прывяло да тых падзеяў. Маўляў, людзі не цанілі тое, што мелі, і над гэтым трэба працаваць.

    «Праца» набыла проста масавы характар. Зараз з кожнага праса вяшчаюць пра тое, як нам добра жывецца. Выкарыстоўваецца любая нагода. Напярэдадні рэферэндума 2022 года яны расказваюць народу, чаго дабілася краіна пасля рэферэндума 1996 года. Надыходзіць Дзень незалежнасці — вяшчаюць, чаго быццам бы дабілася краіна за гады незалежнасці. Прыходзіць дзень нараджэння Лукашэнкі — прапаганда пераконвае, чым краіна абавязаная асабіста яму. 30 гадоў увядзення інстытута прэзідэнцтва — прапаганда вяшчае пра поспехі краіны пасля абрання гэтага палітыка.

    Старая песня пра адно і тое ж, але ў розным кантэксце і з розных крыніцаў.

    Прыём вядомы: паўтараецца адно і тое ж у розных фарматах. Насамрэч, прыём вельмі банальны, але працуе. Калі наш мозг чуе інфармацыю некалькі разоў, нават хлусню, ён успрымае яе як знаёмую (недзе я гэта ўжо чуў/чула), а таму вельмі падобную да праўды.

    Elkin kult

    Культ асобы Лукашэнкі вачыма карыкатурыста Сяргея Ёлкіна, DW.COM

    «Маем толькі таму, што ў 1994 годзе выбралі Лукашэнку»

    — У перадвыбарнай кампаніі вельмі добра прасочваецца станаўленне культу асобы Лукашэнкі, якога не было на папярэдніх выбарах. То-бок, культ асобы ў нас заўсёды быў, але, канешне, не ў такіх маштабах. З’явіліся праекты, якія заточаныя менавіта пад асобу Лукашэнкі: «Решения первого» на БЕЛТА (Лукашэнка з’ездзіў на завод – і гэта крута змяніла лёс прадпрыемства). Ці «Беларусь: взлет» на той жа медыяпляцоўцы. Тут параўноўваецца, як краіна жыла ў 1994 годзе і ў 2024 годзе — за 30 гадоў знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе, да Лукашэнкі і цяпер. Яму ставяць у заслугу натуральнае эвалюцыйнае развіццё краіны.

    Логіка прапаганды такая: у 1994 годзе беларусы выбралі Лукашэнку, а ў 2024 годзе мы маем ўсё: халадзільнікі, пральныя машыны, аўтамабілі, у нас плоцяць заробкі. Адбываецца падмена паняццяў: усё гэта мы маем быццам бы толькі таму, што ў 1994 годзе выбралі Лукашэнку.

    Але ж можна параўнаць беларускую рэчаіснасць з сітуацыяй у суседзяў ці ў краінах, дзе за гэты час змянілася некалькі прэзідэнтаў: маюць яны тое ж, што беларусы, ці не?

    Лагічны працяг гэтай істэрыі: спачатку  Лукашэнка прывёў краіну да «росквіту», а цяпер — ён дорыць людзям «свята». Усё, што ні адбываецца ў Беларусі, адбываецца «толькі дзякуючы» Лукашэнку. «Марафон единства», які раз’язджае па гарадах і вёсках з артыстамі і палітадукацыйнымі лекцыямі, ці шоу «Время наших побед» — усё гэта падаецца як падарунак Лукашэнкі народу.

    Лукашэнку абмяркоўвае ўвесь свет?

    Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на канферэнцыі ААН па змяненні клімату ў Азербайджане ў лістападзе 2024 года адмовіўся ад сумеснага здымка — з‑за Лукашэнкі. «Сусветная павага» ў дзеянні. Фота з сайта dsnews.ua

    — Вельмі заўважны наратыў пра тое, што Лукашэнку паважаюць ва ўсім свеце, і ўсе прыслухоўваюцца да яго.

    Самы яскравы прыклад — фэйк пра тое, што летась на кліматычным саміце яму стоячы апладзіравала ўся зала, хаця насамрэч апладзіравалі стоячы толькі чатыры чалавекі, сярод якіх Дзмітрый Баскаў (яго падазраюць у збіцці мінчука Рамана Бандарэнкі, які памёр ад атрыманых траўм. – Рэд.) і беларускі міністр прыродных рэсурсаў, а з імі яшчэ две асобы, падобна, таксама з лукашэнкаўскай світы.

    Сёлета ён таксама ездзіў на саміт у Азербайджан, і прапаганда зноў пачала ўзгадваць леташняе мерапрыемства. Яна пераказвае гісторыю пра ягоны мінулы фурор раз за разам, ператвараючы яе ў міф. Пра выступ Лукашэнкі гэтага года ўжо казалі, што ён быў такі яскравы, што разышоўся на цытаты, і што час ягонай прамовы абрэзалі да трох хвілін. Хаця ніхто нікому нічога не абразаў: усе выступоўцы мелі па тры хвіліны.

    Часта гучыць тэзіс аб тым, што любыя заявы Лукашэнкі абмяркоўвае ўвесь свет. Але пагугліўшы ў інтэрнэце, можна пабачыць, што свет цікавяць хіба ягоныя заявы ў звязцы з Пуціным альбо са зброяй. У іншым кантэксце яго ўзгадваюць рэдка.

    «У Беларусі няма праблем. Пакуль іх не знаходзіць Лукашэнка»

    — Яшчэ адно адрозненне беларускай прапаганды ад іншых — адсутнасць праблем у Беларусі. У нас усё выдатна, праблем амаль не існуе. Пра праблемы пачынаюць казаць толькі тады, калі пра іх загаварыў Лукашэнка: ён іх заўважыў, агучыў і сам жа вырашыў (згадаем нядаўнюю нараду па Акадэміі навук). Дзяржаўныя медыі  толькі паўтараюць агучанае Лукашэнкам: дадаткова тэма не раскрываецца і не пашыраецца, няма абмеркавання. То-бок праблем амаль няма, а ўсё, што ўсплывае, вырашае сам Лукашэнка.

    І яшчэ вялікі трэнд на супрацьстаянне з Захадам («у нас ўсё цудоўна, у іх усё дрэнна»), і ён толькі нарастае. У якасці галоўнага «аргумента» часцей за ўсё прыводзіцца сацыяльная арыентаванасць Беларусі, хаця той жа Еўрасаюз траціць на сацыялку намнога больш, чым Беларусь. І эканамічны рост, які ў бягучы момант у Еўрасаюзе ніжэйшы за Беларусь, але на дыстанцыі 5 альбо 10 гадоў вышэйшы. Звычайная маніпуляцыя.

    Рэйды Лукашэнкі ў пошуку «праблем». Фота: president.gov.by

    Гэта тры асноўныя трэнды цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі, якія набіраюць моц. Асабліва культ асобы: ніхто, акрамя…  

    «Не пытайце ў ChatGPT: праўда ці не»

    — Нейкіх прафесіянальных інструментаў барацьбы з прапагандай не існуе, а існуючыя даступныя ўсім. Усё робіцца ручкамі з дапамогай Google.

    Пры працы з відэа мы звяртаем увагу найперш на замазаны лагатып (крыніца відэа), альбо бачым склейку, альбо відэа вельмі дрэннай якасці. Такія рэчы выклікаюць падазрэнні, якія лепш правяраць. Бо калі з відэа нешта выдаляюць, склейваюць яго, каб змяніць сэнс, то адмыслова пагаршаюць яго якасць, каб гледачы не заўважылі старонняга ўмяшальніцтва. Напэўна, і лагатып прыбіраюць не проста так — каб мы не знайшлі першакрыніцу інфармацыі.

    Карыкатура Белсата

    Гэта выклікае падазрэнні, мы пачынаем правяраць. Праверыць відэа можна толькі такім самым чынам, як правяраюць фатаздымкі: з відэа робяць пакадравыя скрыншоты і праз пошук па фота ў Google альбо у Yan­dex спрабуюць знайсці першакрыніцу.

    Потым глядзіце на дату выхада і вызначаеце, ці мае яно нейкае дачыненне да тэмы, якая абмяркоўваецца ў відэа. Калі бачыце, што гэтаму здымку многа-многа гадоў і да апісваемых падзей яны ніякага дачынення не маюць — адпаведна, і да відэа няма ніякага даверу.

    Дзіўны змест інфармацыі і накладзены пераклад замежніка, які заглушае голас арыгінала, — таксама дрэнны знак. І таксама нагода для праверкі. Як і раней, шукаеце першакрыніцу фота праз Google.

    Пра тэкставую інфармацыю. Калі гаворка ідзе пра цытату, напрыклад, палітыка, то проста скапіруйце яе ў Google пошук — магчыма, вы атрымаеце поўную цытату з іншым сэнсам. Калі спасылаюцца на замежнікаў, то трэба перакласці некалькі ключавых фраз на мову носьбіта і шукаць па іх: пераклад можа быць відавочна няправільным.

    А лічбы трэба правяраць у Белстата (калі гаворка ідзе пра беларускія лічбы), ці ў Еўрастата (калі гаворым пра еўрапейскія краіны). Многія кажуць, што можна запытаць у Chat­G­PT: праўда ці не? Але я б не рэкамендаваў штосьці пытаць у Chat­G­PT, бо ён яшчэ недасканалы і яго самого яшчэ  трэба пераправяраць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці