• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ігар Карней сустракае новы год і свой дзень народзінаў у магілёўскім СІЗА

    Журналіст чакае рашэння па сваёй апеляцыі на новы прысуд, паводле якога яму давядзецца сядзець за кратамі на 10 месяцаў больш.

    Карней Ігар

    Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

    Як вядома, 13 снежня суд Шклоўскага раёна прызнаў палітзняволенага журналіста Ігара Карнея вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК-17 паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. У якасці пакарання суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў Карнею каля 10 месяцаў зняволення.

    Журналіст правёў 160 дзён у адзіночнай камеры Шклоўскай калоніі, дзе адбывае пакаранне. А ў СІЗА дзейнічаюць іншыя правілы: зняволеныя знаходзяцца ў агульнай камеры, тут дзейнічаюць іншыя правілы для лістоў і перадач.

    Для Ігара Карнея наступіла «кароткая перадышка». 1 студзеня ён адзначае сваё 57-годдзе — ужо другое за кратамі.

    Справа Ігара Карнея

    22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў, прызнаўшы яго «вінаватым» паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

    Дзяржаўныя СМІ падчас суду над Ігарам Карнеем пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Агулам у няволі Ігар Карней знаходзіцца ўжо амаль паўтара года. Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах  адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

    Пасля суда па «эсктрэмісцкай» крымінальнай справе і безвыніковай спробы аспрэчыць вырак праз апеляцыю ў Вярхоўным судзе сёлета ў чэрвені Ігара Карнея ўнеслі ў пералік «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» і этапавалі ў шклоўскую папраўчую калонію № 17.

    У калоніі пасля абавязковага каранціну яго размеркавалі 2 ліпеня ў атрад і дазволілі патэлефанаваць дахаты. Але неўзабаве змясцілі на пяць дзён у штрафны ізалятар. Амаль адразу пасля ШІЗА Ігара перавялі ў памяшканне камернага тыпу — спачатку да жніўня, а потым пакаранне працягнулі яшчэ на паўгода. Такім чынам, журналіста трымалі ў ізаляцыі амаль ад самага прыбыцця ў калонію.

    На сённяшні момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца найменей 45 супрацоўнікаў медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці