Абарона журналістаў у Еўропе і падтрымка медыяў з боку ЕС — у фокусе фестывалю VOICES, які стартаваў у Заграбе
Дзясяткі вядомых журналістаў, медыяменеджараў, палітыкаў і экспертаў па інфармацыйнай бяспецы і супрацьдзеянню прапагандзе бяруць удзел у фестывалі, арганізаваным Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў. Па запрашэнні ЕФЖ да іх далучыліся і сябры БАЖ.

Намеснік БАЖ Барыс Гарэцкі, прэзідэнтка EFJ Мая Север і рэжысёрка фільма «Пад шэрым небам» Мара Тамковіч на фестывалі VOICES у Заграбе. 27 лютага 2025 года. Фота: БАЖ
Панэльныя дыскусіі ў першы дзень форуму былі прысвечаныя бліжэйшай будучыні медый у Еўропе і хуткім зменам у медыяспажыванні грамадстваў. Асаблівую ролю ў такім хуткім медыяспажыванні адыгрывае і хуткі фактчэкінг.
— У эпоху дэзінфармацыі незалежная праверка фактаў адыгрывае вырашальную ролю ў падтрыманні праўды і адказнасці ў медыяпрасторы. Найбольш яскрава гэта паказваюць апошнія электаральныя кампаніі і уплыў на іх медыя, — перакананы Мата Браутовіч, кіраўнік Adria Digital Media Observatory.

Панэльная дыскусія на фестывалі VOICES у Заграбе. 27 лютага 2025 года. Фота: БАЖ
Асобная панэль першага дня была прысвечана абароне свабоды слова і медыя ў Еўропе. Падчас дэбатаў і серыі адказаў на пытанні прадстаўнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў разабралі практычныя наступствы Еўрапейскага закона аб свабодзе СМІ, прапанаваўшы свае меркаванні аб тым, як ён фармуе будучыню журналістыкі і ці будзе садзейнічаць устойліваму, плюралістычнаму медыя-ландшафту.
У межах дыскусіі было ўзнята і пытанне пагроз для еўрапейскіх медыя — а большасць беларускіх недзяржаўных выданняў сёння зарэгістраваныя ў ЕС — з боку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, якія нават на адлегласці ствараюць сур’ёзныя выклікі для працы медыя.
Прадстаўнікі БАЖ расказалі не толькі пра фізічныя перашкоды, звязаныя з пераследам і ціскам на журналістаў, але і кібератакі спецслужбаў.
У пятніцу ж адна з панэляў фестывалю будзе прысвечана падтрымцы медыяў з боку ЕС. Таксама ў пятніцу на фэсце VOICES пройдзе паказ фільма «Пад шэрым небам» рэжысёркі Мары Тамковіч, за аснову сюжэта якога была ўзята гісторыя зняволеных беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.
