Дэмакратычныя краіны запатрабавалі ад Беларусі выконваць абавязацельствы па абароне свабоды СМІ
“Урад, які забараняе свабодныя СМІ, — гэта ўрад, які не давярае свайму народу праўду”, — гаворыцца ў заяве да Сусветнага дня свабоды друку, з якой 3 траўня выступіў шэраг дыпламатычных місій дэмакратычных краін, што працуюць у Беларусі.

Фота: БАЖ
На сваіх старонках у сацыяльных сетках заяву апублікавалі прадстаўніцтва Еўрасаюза, а таксама амбасады асобных краін ЕС (напрыклад, Германіі, Літвы, Швецыі ды інш.), дыпмісія Вялікабрытаніі.
“У 2025 годзе Беларусь займае 166‑е месца са 180 краін у рэйтынгу Сусветнага індэкса свабоды прэсы, — гаворыцца ў заяве. — Журналісты і работнікі СМІ сістэматычна падпадаюць пад пераслед, іх саджаюць у турму на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў, а іх сем’і і сябры зазнаюць пераслед. Ім выносяцца бесчалавечныя выракі — да 14 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што яны выконваюць сваю працу”.
“Мы патрабуем, каб Беларусь выконвала свае міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні свабоды і незалежнасці прэсы. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя”, — адзначылі бакі, якія далучыліся да заявы.
Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку заклікала падтрымаць незалежных журналістаў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у Сусветны дзень свабоды прэсы запатрабавала ад уладаў у Мінску вызваліць супрацоўнікаў медыя, якія знаходзяцца за кратамі.
«Ціхія і мужныя героі, яны займаюць асаблівае месца ў маім сэрцы». Палітыкі і медыйшчыкі замежжа — пра зняволеных журналістаў
