Боты масава атакуюць незалежныя медыярэсурсы, якія пішуць пра Сяргея Ціханоўскага
Да траўлі вызваленага палітвязня відавочна далучыліся не толькі боты. Медыйшчыкі выказваюць версію, што супрацоўнікі дзяржструктур атрымалі адпаведную разнарадку і прыблізны тэмнік.

Сяргей і Святлана Ціханоўскія падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні. 22 чэрвеня 2025 года
Што здарылася?
Амаль тыдзень боты масава нападаюць на незалежныя медыярэсурсы, у тым ліку на Люстэрка», «Белсат», «Салідарнасць», «Еўрарадыё», Reform.news. Галоўнай мішэнню сталі тэксты пра вызваленне палітвязня Сяргея Ціханоўскага.
Так, «Люстэрка» паведамляе, што «прарасійскія боты атакавалі пасты пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага». Прааналізаваўшы пасты ў VKontakte, супрацоўнікі выдання вылічылі галоўны пасыл ботаатакі: Ціханоўскі — праект ЗША, а я гонае вызваленне нібыта звязанае з «заходнімі гаспадарамі».
Моцна гучыць наратыў, што вызваленне Сяргея Ціханоўскага пасля 5 гадоў, праведзеных у адзіночнай камеры, адбылося «не проста так»: нібыта ён прыехаў у Літву «са спецзаданнем».
Спецыялісты не могуць адназначна сказаць, хто стаіць за падобнымі каментарамі: боты ці жывыя людзі. «Аднак некаторыя публікацыі слова ў слова паўтаралі адна адну», — сцвярджаюць спецыялісты.
У TikTok таксама можна адсачыць адны і тыя ж наратывы, якія ледзь не дублююць адзін другога. Самае распаўсюджанае сцвярджэнне — вызваленне Ціханоўскага адбылося толькі дзякуючы Лукашэнку, і толькі яму трэба дзякаваць.
«Атака клонаў»: іхнія намаганні дапамагаюць прасоўваць відэа
Прадстаўнік «Еўрарадыё» ў размове з БАЖ распавёў, што хваля каментароў пад відэа з Ціханоўскім пачала з‘яўляцца ў нядзелю.
— Так працягвалася ўвесь тыдзень: публікуем відэа з Ціханоўскім, праходзіць некаторы час — з‘яўляецца натоўп каментатараў з наратывамі «адпрацоўвае грошы», «плакса», «дарма вызвалілі» і яшчэ некалькімі. Адразу стала ясна, што гэта — скаардынаваная акцыя.
Каб дадаткова спраўдзіць тую версію, медыйшчык выпампаваў масіў у 700 каментароў і зрабіў аўтаматвзаваны кантэнт-аналіз, а таксама аналіз таймінгу з‘яўлення каментароў.
— Гіпотэза пацвердзілася: прасоўваліся не толькі некалькі аднатыпных наратываў, але, што нетыпова, выкарыстоўваліся часта і аднолькавыя словаспалучэнні. Пад адным з відэа адразу пяць (!) разоў розныя каментатары напісалі ў розных варыяцыях пра «тамбоўскага воўка». Пасля гэтага аналізу мы вырашылі падзяліцца назіраннем з аўдыторыяй у Telegram. І зрабілі аналіз яшчэ каля 800 каментароў, вынікі супадалі з першым: аднолькавыя лексіка і выразы, заўважныя часавыя хвалі (напрыклад, 12 каментароў за 10 хвілін, потым паўза, потым яшчэ так).
Частка каментатараў — відавочныя боты, але дастаткова і жывых людзей. Прычым некаторыя каментатары не хаваюць, што працуюць у дзяржарганізацыях.
— Мы назвалі гэта «атакай ботаў», але тое хутчэй падобна на атаку клонаў. Усе акаўнты пераглядзець немагчыма, але я знайшоў прафсаюзнага кіраўніка з раённай бальніцы і іншых дзяржслужачых. Ёсць версія, што выканкамы давалі «разнарадку» на напісанне каментароў па спасылках з пэўнымі «тэмнікамі». Гэта, вядома, ішло адначасова з выкарыстаннем ботаў. Смешна, але з іх даволі шмат расійскіх, якія ў асноўным прамоўцяць Пуціна і «СВА», а тут раптам выказваюцца пра «катлеты».
Ці варта з гэтымі каментарамі нешта рабіць? Суразмоўца нагадвае, што рукамі выдаляць абразы з такога масіву немагчыма. Дык можа проста закрыць каментары? Прадстаўнік «Еўрарадыё» не пагаджаецца:
— Гэта значыць пазбавіць магчымасці выказацца тых, хто хоча гэта зрабіць сам, і крытыкаў, і прыхільнікаў Сяргея.
Ды і ўвогуле, я стаўлюся да тых, хто вырашыў правесці такую кампанію для імітацыі «думкі грамадства» як да карысных ідыётаў: іх намаганні дапамагаюць прасоўваць відэа. Пасты змогуць бачыць больш беларусаў. І па рэакцыях зразумела, як нашыя суайчыннікі насамрэч ставяцца да вызвалення людзей з турмаў.
