• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ зацвердзіў стратэгію працы арганізацыі на 2025–2027 гады

    Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў зацвердзіла стратэгію працы арганізацыі на бліжэйшыя гады.

    Лагатып БАЖ

    Неабходнасць абнаўлення стратэгіі была выклікана істотнымі зменамі сітуацыі і асаблівасцямі працы БАЖ у апошнія гады. Распрацоўка новай стратэгіі праходзіла ад пачатку 2025 года. Спачатку праект стратэгіі быў зацверджаны Праўленнем БАЖ, а цяпер — і Рады БАЖ.

    Ніжэй поўны тэкст Стратэгія дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў на 2025–2027 гг.

    Нагадаем, што заўтра, 16 верасня, Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначыць 30-годдзе заснавання арганізацыі.

    Стратэгія дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў на 2025–2027 гг.

    Мы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая аб’ядноўвае больш за 1300 сябраў, працягваем сваю дзейнасць згодна са Статутам, нягледзячы на неправавое пазбаўленне дзяржаўнай рэгістрацыі і прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» з боку ўладаў Беларусі.

    БАЖ — частка міжнароднай журналісцкай супольнасці: сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ), Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ), IFEX і сеткі «Рэпарцёры без межаў».

    Місія БАЖ — пашырэнне прасторы свабоды слова праз падтрымку якаснай, запатрабаванай у сучасным грамадстве журналістыкі і распаўсюд праўдзівай інфармацыі, падтрымку сябраў арганізацыі, а таксама незалежных беларускіх медыя і людзей, якія ў іх працуюць.

    Мэтай дзейнасці БАЖ з’яўляецца праца па рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных, культурных і прафесійных правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі; спрыянне іх творчаму самавыяўленню і прафесійнаму росту, стварэнню ўмоў для забеспячэння свабоды слова і друку, права на бесперашкоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі; абароне правоў журналістаў і развіццю непадцэнзурнай журналістыкі, умацаванні і развіцці беларускай журналісцкай супольнасці.

    Мы зыходзім з неабходнасці вяртання арганізацыі і ўсяго медыясектара ў Беларусь і аднаўлення легальнай дзейнасці ў краіне. Мы лічым неабходным адзначыць важнасць беларускамоўнага і беларускацэнтрычнага кантэнту як тое, чаму БАЖ садзейнічае, як падставе захавання нацыянальнай ідэнтычнасці аўдыторый. 

    Мы ўсведамляем, што:

    • журналісты і медыя ў Беларусі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным узроўнем уладнага тэрору, крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, татальных рэпрэсій і адсутнасцю прававых механізмаў абароны;
    • вайна Расіі супраць Украіны, а таксама іншыя міжнародныя ўзброеныя канфлікты наўпрост уплываюць на сітуацыю ў беларускай грамадзянскай супольнасці і ў медыясектары;
    • істотна змяніліся ўмовы працы медыя і медыяарганізацый, якія вымушаны рэагаваць на выклікі, звязаныя з вымушанымі пераездамі, легалізацыяй беларускіх журналістаў за мяжой;
    • значна скараціліся магчымасці манетызацыі незалежных медыя і адбылося істотнае скарачэнне рэсурсаў, неабходных для працы беларускіх медыя;
    • патрэбы і праблемы журналістаў у Беларусі і беларускіх журналістаў ў выгнанні адрозніваюцца;
    • узмацнілася крыміналізацыя медыяспажывання і камунікацыі з незалежнымі медыя;
    • журналісты маюць усё большыя праблемы з доступам да інфармацыі і да беларускай аўдыторыі;
    • адбываецца вымушаны адток прафесіяналаў з журналістыкі;
    • актыўна выкарыстоўваецца прапаганда і інфармацыйныя маніпуляцыі;
    • знізіўся аўтарытэт міжнародных праваабарончых механізмаў і сістэм бяспекі;
    • узмоцніўся ціск на прадстаўнікоў медыя ў выгнанні, на іх родных і блізкіх у Беларусі;
    • прадстаўнікі медыя сутыкаюцца з рознымі адміністрацыйнымі, эканамічнымі пагрозамі ў выгнанні, нават праявамі варожасці, гвалту;
    • многія прадстаўнікі медыя вымушана сталі працаваць у фармаце фрылансу. Мы ўсведамляем, што яны застаюцца часткай прафесійнай медыясупольнасці.

    Мы адзначаем:

    • кансалідацыю і ўзаемную падтрымку журналісцкай супольнасці;
    • трансфармацыю экасістэмы беларускага незалежнага медыясектара;
      з’яўленне новых незалежных медыяініцыятыў, праектаў, іншых новых суб’ектаў;
    • станаўленне сістэмы самарэгулявання ў медыясектары;
    • наяўнасць адукацыйных магчымасцяў для павышэння прафесійнага ўзроўню;
    • салідарнасць міжнароднай супольнасці;
    • усведамленне беларускімі дэмакратычнымі сіламі важнасці незалежнай журналістыкі;
    • змены ў медыяспажыванні і пераход аўдыторыі на новыя платформы;
    • развіццё штучнага інтэлекту і яго выкарыстання ў журналістыцы;
    • развіццё канвергентнасці беларускіх СМІ;
    • унікальную ролю БАЖ як арганізацыі на скрыжаванні медыйнага і праваабарончага сектара.

     

    Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці БАЖ на 2025–2027 гады будуць:

    1. Салідарнасць

    - Дзейнасць, накіраваная на вызваленне зняволеных беларускіх журналістаў.  Аказанне ўсіх магчымых формаў дапамогі журналістам, якія трапілі пад рэпрэсіі, і іх сем’ям; 

    - Прыцягненне журналісцкай супольнасці да праяўлення салідарнасці, у тым ліку на міжнародным узроўні, правядзенне кампаній і акцый салідарнасці;

    - Правядзенне мерапрыемстваў у падтрымку калег, якія праявілі прынцыповасць у  адстойванні свабоды слова і пацярпелі за сваю прафесійную дзейнасць. 

     

    1. Адвакацыя дзеля абароны, развіцця і ўстойлівасці беларускага незалежнага медыясектара:

    - Адвакацыйная праца і камунікацыя з партнёрамі, міжнароднымі арганізацыямі і супольнасцямі, урадамі дэмакратычных дзяржаў, донарамі, імпліментарамі, big-tech, міжнароднымі арганізацыямі, беларускімі дэмсіламі, грамадзянскай супольнасцю па падтрымцы экасістэмы беларускага незалежнага медыясектара;

    - Інфармаванне замежных партнёраў, міжнародных актараў і замежных медыя пра сітуацыю ў беларускім медыясектары і яго патрэбы.

     

    1. Даследчая і Інфармацыйная дзейнасць:

    - Правядзенне маніторынгу парушэнняў правоў журналістаў і медыя, распаўсюд аналітычных матэрыялаў дзеля спрыяння абароне правоў чалавека;

    - маніторынгі прапаганды і асвятлення электаральных кампаній у Беларусі:

    - Інфармаванне беларускага грамадства і журналісцкай супольнасці пра сітуацыю і падзеі ў медыясектары, прыцягненне ўвагі беларускай і міжнароднай супольнасці да найбольш вострых праблем і пытанняў;

    - Інфармаванне журналісцкай супольнасці пра магчымасці, звязаныя з прафесійным ростам, атрыманнем фінансавання, наладжваннем партнёрства і г. д.;

    - Падтрымка пляцовак для камунікацыі ўнутры журналісцкай супольнасці.

     

    1. Адукацыя і стандарты прафесіі:

    - Павышэнне кваліфікацыі журналістаў і медыяспецыялістаў у найбольш запатрабаваных сферах;

    - Развіццё сістэмнага падыходу ў падрыхтоўцы кадраў для медыя;

    - Захаванне прафесійных стандартаў, павышэнне кваліфікацыі, правядзенне творчых конкурсаў; 

    - Павышэнне прававой дасведчанасці журналістаў;

    - Павышэнне дасведчаннасці журналістаў у галіне лічбавай бяспекі.

     

    1. Прававая абарона і дапамога ў вырашэнні іншых важных пытанняў

    - Юрыдычная дапамога, звязаная з прафесійнай дзейнасцю, у Беларусі і за мяжой;

    - Дапамога ў пераадоленні прафесійнага выгарання;

    - Падтрымка рэпрэсаваных журналістаў, іх сем’яў, вызваленых журналістаў;

    - Дапамога ў пытаннях, звязаных з легалізацыяй;

    - Падрыхтоўка да будучыні (распрацоўка мап і мадэляў рэфармавання);

    - Падтрымка ўразлівых груп беларускай медыйнай супольнасці; 

    - Падтрымка журналістаў-фрылансераў.

     

    1. Арганізацыйнае развіццё і развіццё супольнасці

    - Захаванне і развіццё экасістэмы беларускага незалежнага медыясектара знутры, які ўключае нацыянальныя, лакальныя і нішавыя медыя, а таксама падтрымліваючыя медыяарганізацыі;

    - Вывучэнне патрэбаў медыясектара, правядзенне даследаванняў, апытанняў, фокус-груп і інш.;

    - Згуртаванне супольнасці: правядзенні інтэграцыйных сустрэч, нэтворкінгаў і іншых мерапрыемстваў;

    - Адміністраванне дзейнасці органаў самарэгулявання беларускага незалежнага медыясектара: Медыяасамблеі і Рады па медыяэтыцы;

    - Падтрымка ўключанасці сябраў БАЖ у працу арганізацыі;

    - Распрацоўка эфектыўнай сістэмы абароны супрацоўнікаў, сябраў БАЖ і іншых медыяспецыялістаў ад харасменту, дыскрымінацыі, парушэнняў працоўных правоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці